У папраўчай калёніі № 8 (г. Ворша) адбылося масавае атручваньне асуджаных ежай, прыгатаванай у сталоўцы ўстановы. Прычынай атручваньня сталі бляшанкі з тушонкай з выразна ўздутымі накрыўкамі, што былі выкарыстаныя для прыгатаваньня ежы асуджаным.
Прычынай уздуцьця накрывак на бляшанках зь мяснымі кансэрвамі, магчыма, стала разьвіцьцё ў кансэрвах мікробаў батулізму, якія выдзяляюць у прадукт самы моцны ў прыродзе яд - батулятаксін. Атруціцца такімі кансэрвамі прасьцей, чымся самымі ядавітымі грыбамі, што, імаверна, і адбылося ў аршанскай калёніі.
Паводле наяўнай інфармацыі, гэта ня першы выпадак, калі ў ежу асуджаным папраўчай калёніі № 8 ідуць няякасныя або сапсаваныя прадукты. Відавочна, гэтым разам колькасьць сапсаваных мясных кансэрваў была крытычнай і нават звыклыя да любой ежы страўнікі асуджаных ня вытрымалі гэткай «атакі».
Апроч таго, умовы прыёму ежы ў сталоўцы ў папраўчай калёніі № 8 пакідаюць жадаць лепшага. Паводле інфармацыі, атрыманай з крыніц у адміністрацыі папраўчай калёніі, у сталоўцы ўстановы бракуе... посуду. Асуджаныя прымаюць ежу паатрадна, згодна з вызначаным графікам прыёму ежы.
Асуджаныя атрадаў , якія прымаюць ежу першымі, атрымліваюць першую страву ў глыбокія талеркі, у гэтыя ж талеркі атрымліваюць другую і трэцюю стравы, пры гэтым талеркі ня мыюцца. Перад падачай ежы асуджаным наступных атрадаў талеркі толькі апалоскваюцца і не праходзяць неабходнай апрацоўкі. Уявіць ступень забруджанасьці талерак, у якую накладваецца і наліваецца ежа другой і наступным партыям асуджаных немагчыма. Асуджаныя кажуць пра тое, што талеркі сьлізкія ад тлушчу, да іх ня хочацца нават дакранацца, ня толькі есьці зь іх.
Зрэшты, прыкметы атручваньня праявіліся не ва ўсіх асуджаных калёніі, бо большасьць асуджаных імкнуцца ня есьці ежу, прыгатаваную ў сталоўцы, ведаючы пра яе нізкую якасьць і адсутнасьць элемэнтарных санітарных умоваў у самой сталоўцы. Не пайсьці ў сталоўку асуджаныя ня маюць права, гэта лічыцца парушэньнем рэжыму ўтрыманьня, а вось есьці прапанаваную ежу асуджаных ня можа прымусіць ніхто.
Варта таксама адзначыць, што харчаблёк папраўчай калёніі № 8 даўно выклікае нараканьні з боку асуджаных. Так, паводле інфармацыі , атрыманай ПКАУ «Платформ інавэйшан» з розных крыніц, у гэтай калёніі ідзе ажыўлены «гандаль» прадуктамі харчаваньня, якія паступаюць у сталоўку для прыгатаваньня ежы. Асуджаныя, якія працуюць у сталоўцы, «распрадаюць» малако, алей, мясныя прадукты, чай за цыгарэты, пра што ня можа ня ведаць кіраўніцтва папраўчай калёніі. Пры гэтым на «продаж» ідзе больш якасная прадукцыя, для гатаваньня ж ежы застаюцца і выкарыстоўваюцца самыя «неліквідныя» прадукты харчаваньня. Неаднаразовыя праверкі харчаблёку калёніі, якія ладзяцца сіламі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, ніякіх парушэньняў, натуральна, не выяўляюць.
У цяперашні час у санчастцы папраўчай калёніі № 8 застаюцца больш за дзесяцёра асуджаных, якія атруціліся няякаснай ежай. Між тым, усе сілы супрацоўнікаў і адміністрацыі папраўчай ўстановы накіраваныя не на ліквідацыю прычын таго, што адбылося, а на пошукі сярод асуджаных крыніцы паступленьня да праваабаронцаў інфармацыі.
Па факце атручваньня асуджаных папраўчай калёніі № 8 ПКАУ «Платформ інавэйшан» накіраваныя звароты ў Рэспубліканскі цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, Міністэрства аховы здароўя і санітарную службу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.
Пляцформа