Судзьдзя Валянціна Кавалёва задаволіла скаргу актывісткі незалежнага прафсаюзу РЭП былой кладаўшчыцы складу № 2 гатовай прадукцыі ААТ «Віцебскмясамалпрам» Алены Шандзюковай на пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Названая пастанова была вынесеная опэрупаўнаважаным АБЭЗ АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебска Р. Беразьнёвым. Суд абавязаў міліцыю належна правесьці праверку фактаў нястачы таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў на суму каля 85 мільёнаў рублёў.
За апошнія тры гады гэта ўжо чатырнаццатая адмена!
Гэтая гісторыя пачалася пры канцы кастрычніка 2010 году, калі iнвэнтарызацыйная камісія ААТ «Віцебскмясамалпрам» зладзіла праверку складу № 2 і выявіла на ёй лішкі харчовых тавараў на 15,4 млн. рублёў, а таксама нястачу на суму 89,9 млн. рублёў.
На просьбу дырэктара ААТ «Віцебскмясамалпрам» Сьвятаслава Чаброўскага супрацоўнікамі міліцыі была праведзеная праверка па факце нястачы, што ўтварылася. Былі апытаныя загадчыца складу Т. Ксянзова і дванаццаць кладаўшчыц, падпарадкаваных ёй. Яны меркавалі, што нястача і няўлічаная прадукцыя ўтварыліся з прычыны збою кампутарызаванага ўліку складу, крадзяжу, зьдзейсьненага адной з кладаўшчыц разам з кіроўцам-экспэдытарам, і адсутнасьці сыгналізацыі на складзе. Аднак гэтыя здагадкі не пацьвердзіліся.
Як ні стараліся работнікі АБЭЗ, ім не ўдалося дакумэнтальна вызначыць мэханізм ўтварэньня нястачы на складзе № 2. І, як вынік гэтага, не былі заведзеныя крымінальныя справы ні на работнікаў складу, ні на кіраўніцтва прадпрыемства. Аднак факт нанясеньня дзяржаўнаму прадпрыемству шкоды быў пацьверджаны, кіраўніцтва ААТ «Віцебскмясамалпрам» праз суды ўсклала выплату нястачы на кладаўшчыц , бо зь імі была заключаная дамова аб калектыўнай матэрыяльнай адказнасьці.
Да цяперашняга часу дзесяць кладаўшчыц пагасілі свае часткі нястачы і шчыра цешацца, што не апынуліся ў турме.
І толькі адна Алена Шандзюкова застаецца ня згоднай з высновамі сьледчых органаў і рашэньнямі судоў і на гэтай падставе адмаўляецца кампэнсаваць нястачу. Яна дагэтуль шукае праўды ў пракуратурах і судах, настойвае на належнай праверцы ААТ «Віцебскмясамалпрам», каб сапраўдныя раскрадальнікі матэрыяльных каштоўнасьцяў былі выяўленыя і панесьлі справядлівае пакараньне.