Сябра прафсаюзу РЭП Алена Шандзюкова зьвярнулася з пазовам у суд, каб спагнаць зь юрыдычнай кансультацыі № 2 Віцебску і Віцебскай абласной калегіі адвакатаў па адным мільёне рублёў маральнай шкоды. Прычынай такога беспрэцэдэнтнага пазову сталі адмова адваката Натальлі Станкевіч ў аказаньні юрыдычнай дапамогі актывістцы і пазыцыя намесьніка Віцебскай абласной калегіі адвакатаў Алены Барашкавай, якая заклікала спадарыню Шандзюкову наогул адмовіцца ад разгляду яе грамадзянскай справы ў судзе.
Пачатак канфлікту паклала вызначэньне судзьдзі суду Чыгуначнага раёну Віцебску Сьвятланы Варатынскай, вынесенае падчас судовага разгляду грамадзянскай справы. Судзьдзя Варатынская абавязала Алену Шандзюкову зьвярнуцца ў юрыдычную кансультацыю № 2, каб наняць адваката для вядзеньня яе справы ў судзе.
Падпарадкаваўшыся гэтаму вызначэньню, прафсаюзная актывіста заключыла пагадненьне ў юркансультацыі з адвакатам Натальляй Станкевіч. Адвакатка ўзялася за работу, азнаёмілася з матэрыяламі справы, а потым… не зьявілася на ніводнае судовае паседжаньне. З гэтай прычыны разгляд справы Шандзюковой некалькі разоў адкладалася і, у рэшце рэшт, справа была разгледжаная без удзелу адваката з адмоўным для пазоўніка вынікам.
Неаднаразовыя звароты да загадчыцы юрыдычнай кансультацыі № 2 Тацьцяны Ткачонак з просьбай забясьпечыць яўку адваката Станкевіч у суд і змусіць апошнюю выканаць свае прафэсійныя абавязкі, не далі плёну. Намесьніца Віцебскай абласной калегіі адвакатаў Алена Барашкава ўстала на абарону адваката Станкевіч. Яна заявіла, што адвакат мае законнае права адмовіцца ад вядзеньня справы, калі ня бачыць пэрспэктыў у задавальненьні пазоўных патрабаваньняў кліента.
Старшыня Віцебскай абласной калегіі адвакатаў Аліна Пужэвіч, куды Шандзюкова зьвярнулася са скаргай на дзеяньні яе падначаленых, адказала катэгарычна: «Прафэсійныя абавязкі адвакатам выкананыя. Парушэньняў правілаў прафэсійнай дзейнасьці адвакатам не дапушчана. Падстаў для прымяненьня мер узьдзеяньня да адвакату не маецца».
Прафсаюзная актывістка лічыць, што сваёй бязьдзейнасьцю адвакаты парушылі яе права на юрыдычную дапамогу. Яна спасылаецца на артыкул 62 Канстытуцыі, згодна зь якім «кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыцьцяўленьня і абароны сваіх правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе…».
Пасьля трохмесячнай папяровай цяжбы з адвакатамі Алена Шандзюкова вырашыла пашукаць справядлівасьці ў судзе і падала пазоў, у якім папрасіла кампенсаваць ёй маральную шкоду, нанесеную адмовай адваката выканаць свае прафэсійныя абавязкі. Аднак у парушэньне патрабаваньняў працэсуальнага закона на першае паседжаньне суду адвакаты-адказчыкі не прыйшлі.
Забаўна, што для прадстаўленьня інтарэсаў спадарыні Шандзюковай у судзе па гэтай справе так і не знайшлося абаронцы. Усе адвакаты як адзін адмовіліся абараняць прафсаюзную актывістку, спасылаючыся на карпаратыўную салідарнасьць.