Надоечы трое ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС – жыхароў Віцебску атрымалі ўкраінскія ўзнагароды, выпушчаныя да 25-х угодкаў трагедыі. Памятным крыжам «25 гадоў Чарнобыльскай катастрофы» быў ганараваны Анатоль Гнеўка, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Знакі ўзнагароды «25 гадоў гераічнага подзьвігу» атрымалі Аляксандар Мікулін і Сяргей Іконьнікаў.
З гэтай нагоды «Дыялёг» пагутарыў з тымі, хто змагаўся з наступствамі самай жахлівай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва.
Распавядае палкоўнік у адстаўцы Анатоль Гнеўка, былы кіраўнік штабу па ліквідацыі наступстваў аварыі ў Чарнобыльскай зоне:
– Мы былі ў Кіеве на 25-годзьдзе Чарнобыльскай аварыі. Прадстаўнікоў нас было чалавек сем. Гэта было летась, 26 красавіка 2011 году.
На 25-я ўгодкі мы ўзнагароджаныя былі ўкраінскім ордэнам – «Чарнобыльскім крыжам». Усяго было ўзнагароджана пяць чалавек зь Віцебску. Пра гэта было ў газэце апублікавана, я з гэтай нагоды нават апранаў форму сваю вайсковую, каб узьняць дух нашых чарнобыльцаў.
Дык вось, я хачу сказаць, што чарнобыльскія ўзнагароды зробленыя ў шмат якіх дзяржавах, цяпер самастойных, незалежных. На сустрэчы ў Кіеве былі прадстаўнікі зь Летувы са сваімі нацыянальнымі ўзнагародамі. З Арменіі былі. З Кіргізіі...
Астатнія ўсе краіны таксама свае ўзнагароды маюць. У нас на сустрэчы быў латыш адзін. Дык у іх ёсьць мэдаль такі вялікі, і яго варыянт, так сказаць, у маленькім, зьменшаным выглядзе. Вось ён прыехаў з такімі ўзнагародамі... У нас такога няма, а ў іх ёсьць. Як гэта? Цяжка зразумець.
Я зьбіраю калекцыю... Чарнобыльскія значкі. Дык вось тыдзень таму мне падаравалі значак, які да 20-годзьдзя выпусьціла Нямеччына – яны хвалююцца. Толькі мы не хвалюемся, у нас ніякіх праблемаў «не існуе».
Мы – адзіная дзяржава, дзе праблемаў чарнобыльскіх «няма». І таму мэдалі нейкія, знакі памятныя ў нас не выпускаюцца. Я ня ведаю ніводнага значка, выпушчанага ў Беларусі, прысьвечанага чарнобыльскай тэматыцы. Вось у мяне там ёсьць – «Беларуская ваенная акруга», але гэта яшчэ за часамі СССР яны выпускаліся.
Дзякуй украінцам, дзякуй расейцам, што яны ўсё-такі нас не забываюць, памятаюць пра нас. А Радзіма нас забыла! Мы ім не патрэбны. Навошта ім лішняя дакука?
Навошта? У нас праблем няма Чарнобыля. Нам сказалі ўсім у выступах, што праблемы чарнобыльскія ўсе вырашаныя. Ніякіх няма праблем. Людзі могуць ехаць, засяляцца, жыць, харчавацца – там, маўляў, чыстая прадукцыя, чысьцейшая нават, чым у іншых абласьцях, незабруджаных. Такая вось сытуацыя....
Крыўдна, вядома, што мы сваё здароўе паклалі на алтар Айчыны, і Радзіма нас забыла! Забыла...
Узьнятую тэму працягвае Сяргей Іконьнікаў. Калі здарылася аварыя, ён як афіцэр-хімік у званьні старшага лейтэнанта быў прызваны з запасу і прызначаны камандзірам узводу радыяцыйнай хімічнай выведкі ў беларускім палку грамадзянскай абароны. У той час полк знаходзіўся ў 30-кілямэтровай зоне:
– Сапраўды, Украіна нас памятае, Расея памятае. Вось у мяне ўзнагароды ёсьць расейскія – запоўнена ўсё, пячатка расейская на пасьведчаньнях. На ўкраінскіх – украінская пячатка.
А зь беларускага боку адзінае, што ў мяне ёсьць, – гэта ад міністра па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь грамата. І гэта ўсё. Дый гэта атрымаў яшчэ на пачатку 1990-х гадоў.
Яшчэ калі было 20 гадоў Чарнобылю, дык гэтая дата тады адзначалася ў нас, у Палацы Рэспублікі ў Менску. Туды зьехаліся з Казахстана, з Кіргізіі, з Чачні... – адусюль былі. А цяпер на Чарнобыль забыліся.
Таму сучасных узнагарод і няма ніякіх. Бо ў нас жа не існуе чарнобыльскай праблемы. Якія могуць быць узнагароды, калі няма праблемы?
Сваімі думкамі наконт стаўленьня прадстаўнікоў беларускай дзяржавы да чарнобыльскай праблемы падзяліўся Аляксандар Мікулін. У 1996 годзе ён вучыўся ў Акадэміі міліцыі МУС СССР, адкуль і быў накіраваны ў Чарнобыль:
– Калі прыехалі ўсе дэлегацыі ў Кіеў – не было толькі беларускага лідэра, нашага кіраўніка дзяржавы. Таму што ў гэты час ён чамусьці пакрыўдзіўся на кагосьці і не прыехаў.
Паўстае пытаньне: хіба можна крыўдзіцца, калі кіраўнікі дзяржаў славянскіх прысутнічаюць і вырашаюць агульную праблему? Гэта ж наш агульны боль.
Што да ўзнагарод. Насамрэч ёсьць беларуская ўзнагарода. Але яна нам ня можа дастацца. Чаму? Зь якой прычыны?
Вось мае таварышы распавядалі, што ва ўсіх дзяржавах выпускаецца адна ўзнагарода, і ўсе, хто ўдзельнічаў, ёй узнагароджваюцца. У нас жа ў дзяржаве атрымліваецца так, што ёсьць чарнобыльцы, якім даспадобы ўлада, і ёсьць чарнобыльцы, якія стаяць на іншых пазыцыях, на пазыцыях сусьветных, на агульнапрызнаных людзкіх пазыцыях.
Тыя чарнобыльцы, якія пры ўладзе – яны самі сябе ўзнагароджваюць. Калі было 25-годзьдзе, у парлямэнце беларускай дзяржавы ўзнагароджаньне ішло. Сярод парлямэнтароў, хто быў у Чарнобылі. Іх там было няшмат, але былі. Гэта ў Інтэрнэце ёсьць інфармацыя, яна даступная.
Я вось зараз паглядзеў, па цяперашняй кадэнцыі, хто ўзначальвае камісію чарнобыльскую, хто сябры камісіі. Ніхто зь іх у Чарнобылі ня быў. Але яны вырашаюць праблемы чарнобыльцаў. Нашы праблемы вырашаюць людзі, якія зусім не знаёмыя з гэтымі праблемамі і нічога ня ведаюць.
Зараз дзяржава ладзіць абмен пасьведчаньняў чарнобыльцаў, паведамілі «Дыялёгу» суразмоўцы.
Анатоль Гнеўка:
– Мы, вядома, не зусім з гэтым абменам згодныя. Бо мы былі ліквідатарамі, а сталіся пацярпелымі ўсяго толькі.
Ідуць заклікі: «Давайце, мяняйце дакумэнты, інакш з 1 студзеня вам нічога плаціць ня будуць, ільготы ўсе будуць скасаваныя – хто не абмяняў». А абмяняла ўсяго недзе каля 60 адсоткаў. То бок 40 адсоткаў – гэта, мабыць, тыя, хто сышлі ў іншы сьвет альбо наогул не жадаюць з гэтым зьвязвацца. Хутчэй за ўсё, адсоткаў 30 сышло ў іншы сьвет.
Сяргей Іконьнікаў:
– Улады лічаць, што няма ліквідатараў ужо. У Віцебску, наогул у Беларусі ўжо нават няма такога клясу – людзей, якія былі на ліквідацыі. Вось значак – «Удзельнік ліквідацыі аварыі», яго за савецкім часам усім ліквідатарам давалі. Дык гэты значак ужо можна не адзяваць, гэта проста рэліквія будзе. Ужо няма ліквідатараў...
Аляксандар Мікулін:
– Так, цяпер усе мы будзем ужо не ліквідатары, а пацярпелыя. Цяпер ня будзе розьніцы паміж ліквідатарамі і перасяленцамі. Але розьніца ж ёсьць. Бо перасяленцы – гэта людзі, якім няшчасьце звалілася на галаву, іх умомант узялі, перасялілі. Яны кампэнсацыю атрымалі грашовую за тое, што яны страцілі. А мы, ліквідатары, згубілі здароўе, кампэнсацыю мы не атрымалі.
Пытаньне пра льготы ліквідатары ўспрымаюць з гіроніяй.
Анатоль Гнеўка:
– Ільготы? Я скажу, якія льготы насамрэч. Мае дзеці могуць па-за чаргой быць прынятыя ў дзіцячыя ясьлі, у дзіцячы садок і па-за конкурсам паступіць у навучальныя ўстановы Беларусі.
Засталіся яшчэ льготы такія, як напрыклад адпачынак у зручны для пацярпелага час.
Што тычыцца грашовага складніку, дык дзесьці адсоткаў 5-10, у залежнасьці хто калі быў, да пэнсіі дадаюць.
Такія вось ільготы. То бок у нас праблем быццам бы няма, у нас усё добра ідзе і разьвіваецца. Але я хачу заўважыць, што колькасьць ракавых, анкалягічных захворваньняў у нас павялічваецца і ўзрастае.
І яшчэ. Бываючы ў паліклініцы, – а у мяне куча ўсялякіх захворваньняў, і я мушу раз на месяц, як мінімум, наведваць эндакрыноляга, у мяне была апэрацыя на шчытападобцы, і тэрапэўта – дык вось, знаходзячыся ў чарзе, я часам карыстаюся такой ільготаю як наведваньне лекара па-за чаргой. І тое, гляджу, каб там не было бабулек, удзельнікаў вайны, якім па 90 ужо гадоў.
Наконт мэдычнага абслугоўваньня разважае Сяргей Іконьнікаў:
– У нас тут у Віцебску быў філіял інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны. Калі новы будынак гэтага інстытуту адкрывалі, на адкрыцьцё прыяжджаў Лукашэнка. Маўляў, дзяржава мае клопат аб ліквідатарах, аб чарнобыльцах, аб перасяленцах, усё добра...
Мінуў час. Тут прыходжу, а мне кажуць: «Сяргей, усё, вазьмі сваю картку». – «У чым справа?» – «Косінец забірае будынак». – Я кажу: «Як забірае?» – «А вось так, пад клініку мэдунівэрсытэту».
Я тады запісаўся на прыём да прадстаўніка прэзыдэнта па Віцебскай вобласьці. Ну што, прыйшоў да яго, распавёў пра сытуацыю, паперу нават падаў. «Маўляў, – кажу, – так вось, зачыняюць». – «А як на гэта глядзіць губэрнатар?» – Кажу: «У губэрнатара трэба запытацца, але мы ўсе супраць таго, каб зачынілі».
Але што карысьці, хто нас будзе слухаць? Гэта ўжо недзе ў 2005-2006 годзе былі пляны такія, каб чарнобыльскую праблему выняць поўнасьцю з жыцьця Беларусі.
Цяпер застаўся Гомельскі рэспубліканскі навукова-дасьледчы інстытут радыяцыйнай мэдыцыны. Дык туды яшчэ патрап! Туды ня трапіш. Адмысловае накіраваньне трэба туды...
Калі Лукашэнка прыяжджаў, усё казаў, што ў нас вельмі шмат перасяленцаў, што пра наша здароўе клапоцяцца і ўсё такое. Ну вось і клопат...
Цяпер нават каб ультрагукавое дасьледаваньне зрабіць унутраных ворганаў чарнобыльцам – я інвалід Чарнобыля – гэта трэба месяца паўтара-два чаргу чакаць, каб зрабілі гэтае дасьледаваньне. «Усё на дабро чалавека»...
Інстытут зачынілі... У мяне ў паліклініцы ля ўваходу напісана, хто мае права ісьці па-за чаргой. Я пайшоў. Бо патэлефанавалі мне: трэба прайсьці мэдкамісію. Я прыходжу, кажу: «трэба мне мэдкамісію прайсьці, трэба талён туды, туды». – «Няма талёнаў!». Ну няма талёнаў, ня трэба. Я разьвярнуўся, да загадчыка паліклінікі пайшоў... Пакуль ты некуды ня сходзіш – нічога, ніхто нікому не патрэбен. Толькі рукой махнуць засталося...
На думку Анатоля Гнеўкі, такое стаўленьне дзяржавы да тэмы Чарнобыля наўпрост зьвязанае з будаўніцтвам Астравецкай АЭС:
– Таму нібыта і няма ў нас ніякай чарнобыльскай праблемы, каб прытупілася пільнасьць народу. Я заўсёды паўтараю, што для таго, каб пабудаваць станцыю, трэба спачатку адпрацаваць варыянты разьвіцьця сытуацыі ў выпадку яе аварыі. Гэтага нічога ня робіцца...
Наколькі ведаю, у Астравецкім раёне ствараюцца часткі ўнутраных войскаў. Але гэта для аховы. А што для ліквідацыі наступстваў? Лічу, што там нічога няма. І калі нешта адбудзецца, узьнікне сытуацыя накшталт Чарнобыля, дык усё, што мы зьведалі, паўторыцца. Таму і выбралі месца ля мяжы, каб умяшаліся іншыя дзяржавы. Гэта палітыка...
Супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы выказваецца і Сяргей Іконьнікаў:
– Са мною на першым зьезьдзе саюзу «Чарнобыль» быў прафэсар Лепін Георгій Фёдаравіч, наш віцебскі фізык. Дык вось у яго ў газэце быў артыкул «Атаму не бывае мірным». Атам не бывае мірным – як ты ні круціся, як ні варочай – атам ёсьць атам. Ён непрадказальны.
Атамная станцыя. Расея, правільна, яна згодная: няхай беларусы будуюць атамную станцыю на сваёй тэрыторыі. Усё адно электраэнэргію яны будуць забіраць. Але для нас электраэнэргія таньнейшай ня стане. Пабудуюць атамную станцыю, пабудуюць яшчэ дзьве гідраэлектрастанцыі – у раёне Полацку і ў раёне Бешанковіч. Але мы як плацілі 70 рублёў за кіляват, дык к таму часу, мабыць, будзем плаціць170.
Я ня ведаю, якога кшталту станцыю пабудуюць у Астраўцы, што там будзе. Нам, мабыць, не дажыць да тых часоў. Але я супраць будаўніцтва. Супраць мірнага атаму, які мірным не бывае.
На думку Аляксандра Мікуліна, перш як будаваць Астравецкую АЭС, трэба атрымаць урокі з Чарнобыля:
– Нам кажуць, эканамічны прагрэс патрабуе ад дзяржавы таго, што яна павінна быць незалежнай. Таму, кажуць, будуецца атамная электрастанцыя ў Астраўцы. З аднаго боку прагрэс ёсьць прагрэс. Нікуды не падзецца. Добра будзе ці дрэнна ў выніку – гэта даведаемся потым.
Але ёсьць урокі. Якія ўрокі ўзятыя? Уявім, што пабудавалі атамную электрастанцыю, запусьцілі, працуе. Здарылася штосьці. Хто пойдзе гэтае штосьці потым ліквідаваць, бачачы такое нэгатыўнае стаўленьне да нас? Ды ніводзін вайсковец ня пойдзе. Бо жыцьцё – гэта найдаражэйшае, што чалавеку дадзена. А што ён атрымае, калі будзе ліквідатарам? Непавагу, бяздушнасьць – тое, што маем цяпер мы.
Віцебскія чарнобыльцы лічаць, што нам ёсьць чаму павучыцца ў суседніх краінах, у той жа Расеі:
Сяргей Іконьнікаў:
– Я сам родам з Расеі, з Карэліі. І вось я прыяжджаю ў Карэлію. У Карэліі ёсьць такі горад Пудаж. Дык вось першым сакратаром райкому партыі там быў Вася Малікаў. І там ён паставіў помнік. Жывым і мёртвым чарнобыльцам. У памяць. Я ня ведаю, колькі там чалавек было з Карэліі ў Чарнобылі, але ведаю, што людзі таксама былі прызваныя адтуль на ліквідацыю наступстваў аварыі. І там пра іх памятаюць.
Анатоль Гнеўка:
– Я быў у Ленінградзе. І заехаў да свайго дзядзькі, яму 86 гадоў. Ён кажа: «Хадзем, я табе пакажу чарнобыльскі помнік». У іх у мікрараёне чарнобыльскі помнік. Дзядзька падыходзіць, капялюш зьняў. «Давай, – кажа, – пасядзім тут на лаўцы каля гэтага помніку». Гляджу: людзі спыняюцца ля помніку. Падыходзяць мужыкі, хто перажагнаецца, хто капялюш зьніме. У нас жа вось гэткіх праблем няма....
Ліквідатары ўпэўненыя, што падобны помнік павінен быць і ў Віцебску:
Анатоль Гнеўка:
– У свой час я выступаў і прасіў, каб калі няма грошай у дзяржаве і вобласьці паставіць помнік чарнобыльцам, дык давайце пакладзем камень хаця б, і на камні на адным баку надпіс зробім: «Тут будзе помнік чарнобыльцам, пацярпелым ад аварыі, і ліквідатарам». – Дык рэакцыі на маю прапанову ніякай.
Аляксандар Мікулін:
– На беразе ракі Віцьбы аздараўленча-спартовы комплекс ёсьць, там выспа маецца. Мы хочам выйсьці з ініцыятывай, каб там, у парку, паставіць знак памяці пра чарнобыльскую трагедыю. І, як напрыклад, выспа сьлёз у Менску ёсьць афганская, тут – выспа сьлёз памяці чарнобыльцаў.
Для чаго гэта патрэбна? Ну, разумееце, гэта памяць, якая патрэбная жывым. Патрэбная для таго, каб выхаваць у людзях ахвярнасьць, каб быў прыклад станоўчы...
Дыялёг