Цягам месяца вартаўніка Сеньненскага льнозаводу Алега Лісоўскага з прадпрыемства звальнялі двойчы. Без канчатковага разьліку. У яго працоўную кніжку быў унесены запіс пра звальненьне «паводле згоды бакоў», хаця ніякай згоды ён не даваў. І толькі праз суд, пазоўную заяву ў які дапамог скласьці прафсаюз, удалося дамагчыся справядлівасьці.
Звальненьні: эпізод I
Зь ліпеня 2010 году Алег Лісоўскі працаваў паводле кантракту вартаўніком на ўчастку «Сеньненскі льнозавод», які ўваходзіць у ААТ «Сеньненскі райаграсэрвіс» Віцебскай вобласьці. Добрасумленна выконваў свае абавязкі, заўвагаў і прэтэнзіяў на яго адрас ад кіраўніцтва не паступала. 18 лістапада 2016 году ў Лісоўскага заканчваўся тэрмін дзеяньня кантракту, і наймальнік падоўжыў працоўную дамову яшчэ на год. Але 4 траўня 2017-га вартаўнік атрымаў даволі арыгінальнае паведамленьне ад дырэктара прадпрыемства. У ім, у прыватнасьці, паведамлялася: «у сувязі з істотнымі зьменамі ўмоваў працы апошні працоўны дзень для вас 12 траўня 2017 году, бо на ўчастку «Льнозавод» застаецца адзін вартаўнік». І 13 траўня быў падпісаны загад пра звальненьне работніка па пагадненьні бакоў (артыкул 37 Працоўнага кодэксу).
– З загадам я азнаёміўся, але паколькі ніякай дамоўленасьці паміж мной і наймальнікам аб спыненьні працоўных адносінаў не было, то на дакумэнце пакінуў адпаведны «аўтограф» пра сваю нязгоду, – распавядае Алег Віктаравіч. – Тым ня менш мяне звольнілі паводле 37-га артыкулу з адпаведнай запісам у працоўнай кніжцы.
Звальненьні: эпізод II
26 траўня ўжо былога працаўніка райаграсэрвісу чакала яшчэ адна неспадзеўка – Лісоўскі атрымаў па пошце ажно два паведамленьні, датаваныя... 5 траўня. Высьветлілася, ужо звольненага работніка вырашылі звольніць ізноў, але цяпер ужо з 13 чэрвеня ў сувязі са скарачэньнем участку «Сеньненскі льнозавод», і папрасілі паведаміць, ці згодны ён з такой прапановай. У другім апавяшчэньні Алега Віктаравіча ставілі ў вядомасьць аб тым, што ён будзе пераведзены ў паляводзтва, і зноў пацікавіліся яго згодай. Канчатковы разьлік, дарэчы, зроблены ня быў.
І Лісоўскі вырашыў зьвярнуцца да старшыні Сеньненскага раённага аб'яднаньня прафсаюзаў Анатоля Ананенкі.
– Я ўпершыню трапіў у такую «надзвычайную» сытуацыю і ўпершыню прыйшоў па дапамогу да прадстаўніка прафсаюзаў, – прызнаецца наш суразмоўца. – Анатоль Уладзімеравіч юрыст паводле адукацыі, ён старанна ўглыбіўся ва ўсе нюансы і дапамог скласьці пазоўную заяву ў суд Сеньненскага раёну.
Абуральная сытуацыя
Паводле словаў Анатоля Ананенкі, сытуацыю, калі работніка звальняюць па пагадненьні бакоў безь яго ведама, можна разглядаць як абуральную. Спробы высьветліць у райаграсэрвісе, як магло такое адбыцца, плёну не далі. Тым больш у працоўнай кніжцы ўжо быў зроблена адпаведны запіс. Выправіць усё можна было толькі праз суд.
Паводле заявы, Алег Лісоўскі прасіў зьмяніць фармулёўку звальненьня з артыкулу 37 на пункт 1 артыкулу 42 ПК (скасаваньне працоўнай дамовы з ініцыятывы наймальніка ў выпадку «ліквідацыі арганізацыі, спыненьня дзейнасьці ІП, скарачэньня колькасьці або штату работнікаў»). Таксама патрабаваў спагнаць суму канчатковага разьліку, сярэдняга заробку за затрымку разьліку пры звальненьні і кампэнсацыю маральнай шкоды.
Працяглых судовых разглядаў не праводзілася. На першым жа паседжаньні бакі дасягнулі дамоўленасьці па большасьці пазоўных патрабаваньняў. У выніку адказчык зьмяніў фармулёўку звальненьня і зрабіў пазоўніку адпаведныя выплаты на агульную суму 670 рублёў.
– Ключавую ролю ў тым, што судовы разбор скончылася на маю карысьць, адыграў старшыня раённага аб'яднаньня прафсаюзаў Анатоль Ананенка, – перакананы ён. – Я вельмі ўдзячны за дапамогу.
Любоў Трапезьнікава, http://1prof.by/