Свабоднаму прафсаюзу заводу «Шкловалакно» полацкі райвыканкам забараніў правядзеньне пікету 7 кастрычніка ў Міжнародны дзень барацьбы за годную працу. Дэмакратычныя прафсаюзы Беларусі ў гэты дзень традыцыйна арганізуюць розныя мерапрыемствы з патрабаваньнем годных умоваў працы, павышэньня заробку і гарантаваных працоўных месцаў.
Актывісты Свабоднага прафсаюза ў Полацку мелі намер на пікеце патрабаваць ад наймальніка, ААТ «Полацак-Шкловалакно» павышэньня заробку рабочым. На заводзе ўжо другі год не выконваецца забавязаньне па ўзроўні аплаты працы, прынятае ў калектыўнай дамове працоўных з наймальнікам. Сярэдняя заработная плата ўсіх працаўнікоў заводу за паўгодзьдзе 2016 году склалася ў памеры 293% мінімальнага спажывецкага бюджэту замест 350%, прынятых як забавязаньне працадаўцы паводле калектыўнай дамовы. Сярэдні заробак па заводзе склаў 770 рублёў, але большасьць работнікаў атрымлівае недзе пяцьсот.
Нягодныя паводзіны дырэкцыі заводу
Рабочых заводу псыхалягічна перасьледуюць за ўдзел у Свабодным прафсаюзе. Адміністрацыя чыніць перашкоды наведваньню цэхаў старшынём прафсаюзу, абвесткі прафсаюзу зрываюцца са стэндаў у цэхах і на прахадной заводу. Дырэктар заводу Андрэй Бунакоў груба парушыў Генэральнае пагадненьне і забавязаньні ўраду, не ўключыўшы прадстаўніка СПБ Мікалая Шараха ў камісію па калектыўных перамовах. Ня толькі не ўключыў у камісію, але і звольніў Мікалая па надуманых падставах.
Заявы прафсаюзу ў дзяржорганы
Сягоньня Свабодны прафсаюз спрабуе прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці ААТ «Полацак-Шкловалакно» як юрыдычную асобу за невыкананьне рашэньня суду. Полацкі суд абавязаў адміністрацыю заводу не перашкаджаць наведваньню ўсёй тэрыторыі заводу старшынём пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу. Але з 15 ліпеня старшыня ня можа нармальна наведаць завод для прафсаюзнай статутнай дзейнасьці. Судовыя выканаўцы ўжо 2 месяцы не складаюць пратаколу пра парушэньне судовай пастановы, таму прафсаюз накіраваў яшчэ скаргі ў пракуратуру і камітэт дзяржкантролю.
Хто дыскрэдытуе заводзкую адміністрацыю
Адміністрацыя заводу піша ў аддзел прымусовага выкананьня адпіскі.
«Паўторную скаргу, пададзеную Стукавым В.Я. (старшыня прафсаюзу - аўт.), лічым неабгрунтаванай у сувязі з загадзя наўмысным правакаваньнем сытуацыі і загадзя сплянаванымі дзеяньнямі, пра якія Стукаў В.Я. распавёў на інтэрнэт-сайтах», - піша в.а. генэральнага дырэктара А.С. Савіцкая.
«Лічу, што дзеяньні Стукава зьяўляюцца правакацыйнымі з мэтай дыскрэдытацыі адміністрацыі ААТ «Шкловалакно», пра якія ён паведамляў у сеціве інтэрнэт», - дае тлумачэньні ў міліцыі намесьнік дырэктара па кадрах і ідэалёгіі А.А. Кузьмін.
Простае патрабаваньне прафсаюзу да адміністрацыі выканаць рашэньне суду дырэкцыя заводу лічыць правакацыяй з мэтай дыскрэдытацыі акцыянэрнага таварыства.
Аляксандар Марозаў