Дом № 39 па вуліцы Ніжне-Пакроўскай у Полацку ў самым цэнтры. І ня толькі гораду. Літаральна ў сотні мэтраў ад яго знаходзіцца памятны знак «Полацак – геаграфічны цэнтар Эўропы». Гэтую славутасьць турыстам імкнуцца паказаць. А вось у двор згаданага шматпавярховіка ім, мабыць, лепш не зазіраць. Пасьля таго як тры гады таму прадпрыемства «ЖКГ г. Полацку» ўстанавіла там кантэйнэрную пляцоўку для збору сьмецьця, нават мясцовыя адчуваюць сябе некамфортна...
Каб прыбраць пляцоўку з двара, жыхары зьвярталіся і ў Полацкі райвыканкам, і ў Віцебскі аблвыканкам. Але адказ быў нязьменным: кантэйнэрная пляцоўка ўстаноўленая без парушэньняў, падстаў для яе пераносу няма. Дык мо жыхары занадта ўжо згушчаюць фарбы?
...Калі я прыехаў на Ніжне-Пакроўскую, сьмецьця там было няшмат. Хоць вакол пляцоўкі, агароджанай з трох бакоў невысокай агароджай, валяліся канапы, пральная дошка. Празь некалькі хвілін зьявіўся бадзяжнага выгляду мужчына, які стаў цягаць з кантэйнэраў шкляныя бутэлькі. А калі ў двор прыехаў сьмецьцявоз жылкамгасу, каб перакуліць ў сябе зьмесьціва бакаў, маленькая пыльная бура закружылася ў паветры. Усё гэта, паводле слоў жыхаркі кватэры № 1 Лідзіі Бохан, якой ужо за 90, дастаўляе безьліч турбот:
– Раней у гэтым месцы стаялі канструкцыі для сушкі бялізны, дрэвы, кусты расьлі, якія мы з суседзямі саджалі. У 2013-м прыехалі камунальнікі, канструкцыі зрэзалі, зеляніну вытапталі і паставілі гэтыя бáкі. Сабакі і вараньнё разносяць сьмецьце па двары. Бамжы ночы напралёт ў іх рыюцца, грукочуць. Спаць немагчыма!
У Полацкім райвыканкаме пацьвердзілі, што з прэтэнзіямі людзей знаёмыя. Пагадзіліся, што кантэйнэрная пляцоўка – адна з самых праблемных у горадзе. Аднак, паводле слоў намесьніка старшыні Полацкага райвыканкаму Аляксандра Міхалевіча, перанесьці яе ў іншае месца немагчыма:
– Забудова мікрараёну вельмі шчыльная. Мы абсьледавалі ўсе двары ў акрузе і іншага прыдатнага месца не знайшлі. Ніхто ж ня пойдзе выносіць сьмецьцевае вядро за паўкілямэтра. Што тычыцца нормаў заканадаўства, яны вытрымліваюцца – кантэйнэры знаходзяцца ў 20 мэтрах ад вокнаў жылых дамоў. Некаторыя жыхары прапаноўвалі замест кантэйнэрнай пляцоўкі пусьціць да іх машыну, якая б забірала сьмецьце. Але гэты варыянт задавальняе толькі пэнсіянэраў і не пасуе тым, хто большую частку дня знаходзіцца на працы. Калі б я жыў у гэтым двары, мне б, напэўна, такое суседзтва таксама не падабалася. Але, на жаль, паставіць туды кантэйнэрную пляцоўку, якая зачыняецца на ключ, як у Нямеччыне, я не магу. Таму заклікаю жыхароў быць больш памяркоўнымі да працы камунальнікаў. Калі сьмецьце не вывозіцца, тэлефануйце па тэлефоне 119 – гэта «простая лінія» дыспэчарскай службы ЖКГ. А каб у двары сьмецьця грувасьцілася менш, шкляныя адкіды, прыкладам, лепш выкідаць не ў агульныя кантэйнэры, а ў спэцыялізаваныя, якія зачыняюцца на замок. Летась першую партыю такіх мы закупілі.
Магчыма, у словах Аляксандра Мікалаевіча і ёсьць рацыя. Праўда, у 39-м доме на Ніжне-Пакроўскай да іх не прыслухоўваюцца. Як пацьверджаньне – занядбаная дзіцячая пляцоўка, недагледжаныя клюмбы. Кажуць, раней жыхары даглядалі двор, добраўпарадкоўвалі яго. Але пасьля рознагалосьсяў з камунальнікамі махнулі на ўсё рукой.
Сяргей Галесьнік, sb.by