Спагнаньне было вынесенае Міхаілу Жамчужнаму 21 ліпеня, у выніку якога ён пазбаўлены кароткатэрміновага спатканьня. Сам палітвязень расцэньвае яго як правакацыю і спосаб ціску на яго.
Паводле слоў Міхаіла Жамчужнага, у той дзень ён запісаўся на прыём да начальніка спэцчасткі, каб пракантраляваць адпраўку ягоных скаргаў. У суправаджэньні днявальнага, як гэтага патрабуюць правілы ўнутранага распарадку, ён прыйшоў у спэцчастку і ўстаў у чаргу на прыём. Супрацоўнік спэцчасткі вывеў яго з чаргі і адвёў у сэктар №4. За самавольнае перамяшчэньне па тэрыторыі калёніі на Міхаіла Жамчужнага быў складзены акт, што і стала падставай для вынясеньня спагнаньня. Варта адзначыць, што вывеў яго з чаргі і адвёў у недазволены сэктар якраз той супрацоўнік, які раней увёў яго ў зман адносна таго, што наглядныя скаргі могуць падавацца толькі праз год пасьля вынясеньня прысуду. Гэтая інфармацыя была апублікаваная, у выніку чаго праводзілася праверка дзеяньняў згаданага супрацоўніка.
Міхаіл Жамчужны таксама паведаміў, што атэстацыйная камісія не пацьвердзіла ягоны ранейшы статус “асобы, якая ўстала на шлях выпраўленьня”. Захоўваецца жорсткі кантроль за ягоным перамяшчэньнем па тэрыторыі пэнітэнцыярнай установы; як для асобы, “схільнай да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці”, па-ранейшаму прадугледжаны 4 кожнадзённыя праверкі. Але разам з тым у Жамчужнага захоўваюцца палепшаныя ўмовы ўтрыманьня.
У ліпені 2015 году Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным выдаваньні зьвестак, што складаюць службовую таямніцу, і ў незаконным набыцьці сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, што складае службовую таямніцу.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зьняволеным.
spring96.org