Калегія Віцебскага абласнога суду 8 жніўня пакінула бязь зьменаў пастанову Полацкага суду ад 23 чэрвеня 2016 году, які прызнаў законным звальненьне памочніка майстра цэху №7 ААТ «Полацак-Шкловалакно», намесьніка старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міколы Шараха.
Нагодай для судовай цяганіны стала ініцыяванае кіраўніцтвам прадпрыемства спыненьне з прафсаюзным лідэрам працоўных стасункаў. Мікола Шарах быў звольнены 26 красавіка. Сваю адмову працягнуць зь ім кантракт адміністрацыя патлумачыла тым, што раней ён тройчы прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасьці.
Парушэньні, зьдзейсьненыя Шарахам, з пункту погляду адміністрацыі, супярэчаць калектыўнай дамове, якая дзейнічае на прадпрыемстве. Згодна з зацьверджанай нормай, працяг тэрміну дзеяньня кантракту з асобамі, якім засталося тры і менш гадоў да дасягненьні імі агульнавызначанага пэнсійнага ўзросту, залежыць ад добрасумленнасьці працаўніка, яго адпаведнасьці вытворча-тэхнічнай, працоўнай і выканаўчай дысцыпліне. Улічыўшы гэтую норму, адміністрацыя не пагадзілася на працяг кантракту.
Выступаючы ў абласным судзе, Мікола Шарах зьвярнуў увагу судзейскай калегіі на тую акалічнасьць, што суд Полацку і Полацкага раёну парушыў прынцып публічнасьці, бо трапіць на судовае паседжаньне можна было толькі пры наяўнасьці пропуску. Заявіў ён і пра тое, што суд не заслухаў заяўленых ім сьведак.
Як сябра Савету па ўдасканаленьні працоўнага заканадаўства пры Міністэрстве працы (трохбаковы кансультацыйны орган наймальнікаў, дзяржавы і прафсаюзаў), Шарах зьвярнуў увагу на зьмены, унесеныя сёлета ў калектыўную дамову: наймальнік пашырыў кола асобаў, зь якімі можна не працягваць кантракту. У выніку пагоршылася прававое становішча рабочых нават у параўнаньні зь дзейным заканадаўствам. У сувязі з гэтым – заявіў прафсаюзны актывіст – прынятую норму можна ацэньваць як дыскрымінацыю.
Сваё звальненьне намесьнік старшыні СПБ лічыць незаконным, бо ён ёсьць асобай перадпэнсійнага ўзросту. На думку прафсаюзнага лідэра, зь ім мусіць быць заключаны новы кантракт да дасягненьні ім вызначанага заканадаўствам узросту.
Прадстаўнік ААТ «Полацак-Шкловалакно», загадчык аддзелу прававога забесьпячэньня прадпрыемства Васіль Зацірахін, адстойваючы правамернасьць рашэньня Полацкага суду, патлумачыў, чаму ў суд не былі выкліканыя заяўленыя Міколам Шарахам сьведкі, а таксама адкінуў абвінавачваньні ў дыскрымінацыі пры звальненьні лідэра прафсаюзу.