Вось ужо які месяц жыхары дому 58, пад’езду №2, па вуліцы Праўды ня могуць дамагчыся справядлівасьці.
Рэч у тым, што ў жніўні-верасьні 2015 году ў пад’езьдзе праводзіўся рамонт. Аднак акрамя таго, што прад’яўлены да аплаты кошт відавочна не адпавядае выкананым работам, жыхарам у літаральным сэнсе давялося абабіваць парогі, каб ім далі адпаведныя дакумэнты, як каштарыс і дамову, якія, паводле закону, мусілі быць складзеныя і прад’яўленыя яшчэ на самым пачатку. Парушэньняў багата, і ўсё гэта, мякка кажучы, выклікала абурэньне жыхароў другога пад’езду.
Пачнем па парадку. Пра тое, што ў пад’езьдзе будзе праводзіцца рамонт, было абвешчана на сходзе жыхароў 24 ліпеня 2015 году. Прысутнічалі на ім далёка ня ўсе жыхары, бо гэта быў вечар пятніцы, дый шмат хто папросту ня бачыў абвесткі, бо яна была вывешаная ў той самы дзень, то бок незадоўга да сходу.
На сходзе подпісы з жыхароў, што прыйшлі, зьбіраліся жонкай старшыні каапэратыву Цішуцінай А.Г. (старшыня каапэратыву – Цішуцін А.С.). Менавіта жонка займалася потым справамі рамонту і падпісвала некаторыя дакумэнты, як, напрыклад, даведку пра кошт выкананых работ і выдаткі, акт здачы-прыёмкі выкананых будаўнічых і іншых спэцыяльных мантажных работ. Важны момант: ці мела права Цішуціна А.Г. займацца справамі каапэратыву без адпаведнай даверанасьці (якая, мабыць, і ёсьць, але жыхары пра гэта ня ведаюць)? Аказваецца, паводле адказу ЖРЭТ Кастрычніцкага раёну, які быў дадзены ў лютым 2016 году, пратаколам сходу жыхароў ад 24 жніўня мінулага году жыхарка другога пад’езду Цішуціна А.Г. была абраная ў якасьці ўпаўнаважанай асобы ад спажыўцоў па прыёмцы выкананых работ, што, у сваю чаргу, дало ёй права падпісаць названыя вышэй дакумэнты. Важны момант: дзе пратакол сходу і хто на ім прысутнічаў?
Нават нягледзячы на тое, што на першапачатковым сходзе ў ліпені прысутнічала вельмі мала народу, паўторна жыхароў не зьбіралі. Г.зн. падрабязнага абмеркаваньня рамонту не было, папярэдняга каштарысу тады таксама прадстаўлена не было. Аднак адразу агаворвалася, што сума за рамонт часткамі будзе ўнесеная ў аплату камунальных паслуг. Важны момант: чаму з самага пачатку ня быў прад’яўлены папярэдні каштарыс? І чаму дамову прад’явілі жыхарам толькі ў лютым, хоць жыхары першапачаткова выступалі з такой просьбай?
Шмат хто з жыхароў, бо не прысутнічалі на сходзе, даведаліся пра кошт рамонту значна пазьней, і ён іх ня ўсьцешыў. Цікава і тое, што подпісы з астатніх жыхароў зьбіраў работнік ЖЭУ-9 Кастрычніцкага раёну. Напэўна, у наш час гэта лічыцца нормай.
Кошт рамонту, варта сказаць, немаленькі. На сходзе былі агучаны наступныя сумы: з 2-пакаёвай кватэры – 1 мільён рублёў, з 4-пакаёвай – 1,5 мільёну. У доме дзесяць паверхаў, на пляцоўцы чатыры кватэры. Такая сума для касмэтычнага рамонту велізарная, дый ня кожны мае такія грошы. Бо хтосьці атрымлівае 10 мільёнаў, а хтосьці ўсяго 3, а мо’ і менш. Падчас сходу адзначалася, што будуць фарбаваць сьцены, столі, вокны, парэнчы, сьмецьцеправод, батарэі, ліфт.
З прычыны адсутнасьці дакумэнтаў і вялікай заяўленай сумы жыхары, нязгодныя з сытуацыяй, што склалася, пачалі пошукі праўды.
Першапачаткова былі калектыўныя звароты (лісты) у аблвыканкам і гарвыканкам. Адказы дзьвюх інстанцыяў амаль ідэнтычныя. Напрыклад, у адказе гарвыканкаму гаворыцца, што арыенціровачны кошт рамонту пад’езду, разьлічы з агульнарэспубліканскім коштам матэрыялаў, складае 37 166 660 рублёў. Сума сярэдніх выдаткаў за адну кватэру, як сказана, – 929 166 рублёў. Больш таго, адзначаецца, што з каштарысам жыхары пад’езду могуць азнаёміцца ў ЖЭУ-9, то бок гэта прадугледжвае, што каштарыс ёсьць.
Аднак калі жыхары зьвярнуліся ў гэтае ЖЭУ да тагачаснага выканаўцы абавязкаў начальніка Якавенкі Г.В. з просьбай азнаёміцца з дамовай і першапачатковым каштарысам, ім адказалі, што калі будзе трэба, то ім яго складуць.
Увосень з горам напалам пасьля шматлікіх тэлефанаваньняў і візытаў у ЖЭУ жыхарам ўсё ж далі даведку пра кошт выкананых работ і выдаткі, а таксама акт здачы-прыёмкі. Важны момант: на кожнай старонцы гэтых дакумэнтаў адсутнічае дата і нумар падпісанай дамовы, прозьвішча і пасада. Фігуруе толькі адно прозьвішча – Цішуцінай А.Г.
Пасьля выкананых рамонтных работ быў складзены новы разьлік з коштам фактычна выдаткаваных матэрыялаў – 29 702 777 рублёў.
Адказы выканаўчых камітэтаў жыхароў не задаволілі і яны зьвярнуліся ў Камітэт дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласьці. Адказ КДК быў шматспадзеўны. Адзначалася, што зварот накіраваны на разгляд у Віцебскі аблвыканкам. То бок, атрымліваецца, ізноў у тую самую раку. З адказу аблвыканкаму нічога новага жыхары не даведаліся. Варта адзначыць тое, што ў адказе (ад 30 сьнежня 2015 году) сказана, што дэфэкты ўнутранай апрацоўкі ліквідаваныя. Напэўна, дэфэктамі тут названае тое, што фарба з пафарбаваных сьцен практычна адразу стала абсыпацца.
На гэтым абураныя якасьцю выкананых работ жыхары не спыніліся і зьвярнуліся ў ЖРЭТ Кастрычніцкага раёну ў надзеі, што там разьбяруцца ў гэтым пытаньні. З афіцыйнага адказу ЖРЭТ (ад 5 лютага 2016 году) можна даведацца, што, аказваецца, дамова сапраўды ёсьць і заключаная яна была 24 жніўня 2015 года. Важны момант: чаму ж яе прад’явілі жыхарам толькі ў лютым, прычым копію? Чаму дамова бяз нумару? І чаму, калі жыхары хадзілі на прыём у ЖРЭТ ў студзені 2016 году і таксама папрасілі прад’явіць дамову, то ім адказалі, што “не паложана”?
Як кажуць жыхары дому 58, яны ня супраць рамонту, наадварот. Але тое, што зроблена на сёньня, ніяк не адпавядае прад’яўленаму да аплаты кошту. У каштарыснай справаздачы таксама сказана, што выдаткавана фарбаў больш за 280 кг, аднак у ходзе рамонту не былі пафарбаваныя вокны, лесьвічныя парэнчы, батарэі. Дзе-нідзе ўжо нават абсыпаецца тынкоўка і фарба. І за такі рамонт плаціць такія грошы? «Залаты» рамонт атрымліваецца.
Ня згодныя жыхары і з актам здачы-прыёмкі, напрыклад, з такімі яго пунктамі, як: афарбоўваньне водаэмульсійнымі саставамі сьцен, раней афарбаваных водаэмульсійнай фарбай, з расчысткай старой фарбай да 35%; афарбоўка алейнымі саставамі раней афарбаваных мэталёвых пакрыцьцяў і г.д.
Больш таго, да тых кватэраў, якія не хацелі плаціць, прымяняўся, што называецца, мэтад своеасаблівых мяккіх пагроз. Напрыклад, кватэрам-неплацельшчыкам рассылаліся папярэджаньні, што ім будзе адключаная электраэнэргія. Важны момант: згодна з адпаведнай пастановай Савету Міністраў, адключыць сьвятло могуць толькі пры запазычанасьці па аплаце за камунальныя паслугі, а плата за асноўныя жыльлёва-камунальныя паслугі – гэта тэхабслугоўваньне, бягучы рамонт, капрамонт, камунальныя паслугі (да гэтага належыць і электразабесьпячэньне).
Ва ўсёй гэтай гісторыі надта шмат незразумелага. Але асноўных пытаньняў, вядома, два. Якасьць рамонту – раз, кошт рамонту – два. Хада па інстанцыях жыхарам пад’езду №2 пакуль істотных зьмен не прынесла. Тым ня менш на гэтым яны спыняцца не зьбіраюцца, бо цяпер гэта – ужо пытаньне справядлівасьці.