Праваабаронца Валер Місьнікаў ня змог дамагчыся ад дзяржавы справядлівай аплаты за спажытую энэргію для дачнікаў, якія пражываюць па-за горадам падчас дачнага сэзону.
Усё ліха ўзялося праз тое, што віцебскае электравытворчае і збытавое дзяржпрадпрыемства «Белэнэрга» своеасабліва разумее дзейнае заканадаўства ў частцы аплаты кліентамі за спажытую электраэнэргію. На думку віцебчукоў, што сэзонна пражываюць на лецішчах, якія зьвярнуліся да праваабаронцы па дапамогу, дзяржпрадпрыемства ўшчамляе іх правы і законныя інтарэсы.
Значная колькасьць аматараў жыць пастаянна на лецішчы зь вясны па восень афармляюць часовую прапіску - з красавіка па кастрычнік іх фактычным месцам жыхарства становяцца дачныя хаткі. Пры гэтым яны захоўваюць пастаянную рэгістрацыю, згодна зь якой іх месца жыхарства знаходзіцца ў Віцебску. Аднак, на думку адказных работнікаў віцебскага абласнога аддзяленьня «Белэнэрга», наяўнасьць у грамадзян часовай рэгістрацыі не зьяўляецца падставай для льготнай аплаты імі электрычнай энэргіі на лецішчах. Таму энэргетыкі разьлічваюць дачнікам плату паводле тарыфу, які забясьпечвае поўнае пакрыцьцё эканамічна абгрунтаваных затрат, а гэта амаль у два разы больш, ніж было б паводле льготнага тарыфу.
Такая сытуацыя падштурхнула заўзятых дачнікаў шукаць падтрымкі ў праваабаронцы. Дзеля абароны іх правоў і законных інтарэсаў Валер Місьнікаў зьвярнуўся ў рэспубліканскі дзяржкантроль і генпракуратуру краіны з просьбай правесьці праверку працы віцебскага аддзяленьня «Белэнэрга» з мэтай высьветліць, наколькі правільна ажыцьцяўляецца разьлік аплаты дачнікамі за электраэнэргію, што пастаўляецца. На думку праваабаронцы, энергетыкі сьвядома не ўважаюць часовую рэгістрацыю за рэгістрацыю і часовае месца знаходжаньня – за месца жыхарства. Маніпулюючы гэтымі паняцьцямі, яны незаконна разьлічваюць плату за электраэнэргію паводле тарыфу поўнага пакрыцьця, г.зн. удвая завышаюць аплату сваёй паслугі для дачнікаў.
На пытаньні, пастаўленыя перад кантралюючымі органамі краіны, адказала Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь - менавіта туды «сілавыя інстанцыі» пераслалі зварот Місьнікава.
Першы намесьнік міністра энэргетыкі Леанід Шанец грунтоўна прааналізаваў зварот праваабаронцы і прыйшоў да высновы, што ў дзеяньнях яго падначаленых няма парушэньня дзейнага заканадаўства. На думку чыноўніка «месца жыхарства» і «месца знаходжаньня» ёсьць розныя паняцьці, а рэгістрацыя па месцы знаходжаньня не прадугледжвае пражываньня па названым адрасе. Такім чынам, калі дачнікі зарэгістраваныя па месцы знаходжаньня (на лецішчы) і жывуць там пастаянна 5-6 месяцаў у годзе - гэта ня ёсьць пастаяннае пражываньне.
Сьцьверджаньне намесьніка міністра - фармальна правільнае, але, на думку віцебскага праваабаронцы, не адлюстроўвае дачных рэаліяў. Тым ня менш на падставе гэтага сьцьверджаньня робяцца высновы, якія цалкам задавальняюць энэргетыкаў:
«Зьвяртаем увагу, што даваньне грамадзянам магчымасьці аплаты жыльлёва-камунальных паслуг па цэнах (тарыфах), якія субсідуюцца дзяржавай (г.зн. па «льготных»), зьяўляецца адной зь мер дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва. Згаданая падтрымка даецца грамадзяніну (альбо чальцам яго сям'і) толькі па месцы яго (іх) рэгістрацыі па месцы жыхарства... Рэгістрацыя па месцы знаходжаньня не зьяўляецца падставай для аплаты згаданых жыльлёва-камунальных паслуг па па цэнах (тарыфах), якія субсідуюцца дзяржавай («льготных»).
Інакш кажучы, пражываючы шэсьць месяцаў па-за месцам рэгістрацыі, дачнікі павінны плаціць «за сьвятло» па поўным тарыфе. У адваротным выпадку яны, з пункту гледжаньня дзяржавы, будуць атрымліваць ільготы пры аплаце электрычнай энэргіі і ў месцы рэгістрацыі ў Віцебску, і ў месцы фактычнага, але часовага пражываньня на лецішччы, а гэта не справядліва ў дачыненьні да іншых грамадзян.
Валер Місьнікаў ня згодзен з такім вырашэньнем пытаньня. Ён спачувае дачнікам, якія, пастаянна пражываючы на лецішчы цягам красавіка-кастрычніка, плацяць у два разы больш, ніж тыя, хто жыве ў горадзе. А гэта ёсьць, на думку праваабаронцы, дыскрымінацыя грамадзян паводле прыкметы месца пражываньня, хаця дзейная беларуская Канстытуцыя ў артыкуле 22 абвяшчае, што ўсе грамадзяне краіны роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў.
Віцебская вясна