28 жніўня ў Віцебскім абласным судзе пад старшынствам судзьдзі судовай калегіі Яўгена Даўлюда працягнуўся судовы разбор, распачаты напярэдадні па справе наконт забойства 11 красавіка старшага інспэктара аховы прыроды Аршанскай міжраённай інспэкцыі па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце РБ Генадзя Раўкова.
У зьдзяйсьненьні наўмыснага забойства абвінавачваецца паводле п. 10 ч. 2 арт. 139 і ч.2 арт. 295 КК Рэспублікі Беларусь Дзьмітры Голубеў, кіроўца рэдакцыі Талачынскай раённай газэты. Нягледзячы на тое, што зброя забойства знаходзілася ў рукох падсуднага, віны сваёй ён не прызнае і тлумачыць тое, што здарылася, неасьцярожным абыходжаньнем з паляўнічай стрэльбай з боку загінулага інспэктара, які нібыта тузануў за зброевую рулю, з прычыны чаго і адбыўся міжвольны стрэл.
А цяпер па парадку. На пачатку судовага працэсу абаронца выказаў хадайніцтва аб адхіленьні ад справы дзяржаўнага абвінаваўцы аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласьці пракурора Ганны Тылец. Бок абароны палічыў, што ў інтэрвію, дадзеным напярэдадні першаму нацыянальнаму каналу, яна дапусьціла ацэначныя характарыстыкі ў адрас абвінавачанага і такім чынам праявіла асабістую зацікаўленасьць у зыходзе справы. Таксама адвакат выказаў просьбу: з мэтай стварэньня аб'ектыўнага ацэначнага партрэту загінулага інспэктара запатрабаваць матэрыялы аб судзімасьці і знаходжаньні яго пад вартай з 1999 па 2001 гады.
Апроч таго, адвакат запатрабаваў апытаць супрацоўнікаў Аршанскай прыродаахоўнай інспэкцыі аб парадку правядзеньня зь імі інструктажу наконт іх працы на тэрыторыі Талачынскага раёну – такі інструктаж папярэднічаў гібелі іх калегі. Суд палічыў немэтазгодным задаволіць гэтыя хадайніцтвы. І толькі просьба наконт чарговасьці апытаньня сьведак была задаволеная ў поўным аб'ёме.
Першым сьведчыў дырэктар установы «Талачынская раённая арганізацыйная структура рэспубліканскага дзяржаўнага-грамадзкага аб'яднаньня "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў"» Пётар Салаўёў. Пасьля былі апытаныя падначаленыя яму егеры Аляксандар Краўчанка і галоўны сьведка абвінавачаньня Віктар Асіпенка. Усе сьведкі па чарзе выкладалі вядомыя ім факты, зьвязаныя з абставінамі справы, адказваючы на пастаўленыя ўдзельнікамі судовага слуханьня пытаньні.
Падчас апытаньня сьведак кожны з бакоў працэсу стараўся зьвярнуць увагу суду на ключавыя моманты, выбраныя імі ў якасьці краевугольных складнікаў абранай імі тактыкі.
Так, бок абвінавачаньня імкнуўся гранічна канкрэтызаваць такі момант, як адсутнасьць службовай зброі ў загінулага інспэктара падчас зьдзяйсьненьня ім трагічнага рэйду, усяляк падкрэсьліваючы пры тым, што інспэктар заўсёды старанна выконваў свае службовыя абавязкі - што называецца, быў на сваім месцы. Характарызаваўся ён як камунікатыўны, добразычлівы і адэкватны чалавек, без усялякіх праяваў агрэсіі і наўмыснасьці ў сваіх дзеяньнях. Падкрэсьлівалася, што за ўвесь час знаходжаньня на пасадзе ён ні разу не прынізіў ніводнага з затрыманых ім паляўнічых або рыбаловаў, не паклаў нікога з іх, як той казаў, тварам у бруд, ня зьбіў і не праявіў супраць каго-небудзь грубую фізычную сілу.
Бок абароны, у сваю чаргу, зрабіў націск на адсутнасьць папярэдняга інструктажу з талачынскімі егерамі, якія суправаджалі Генадзя Раўкова ў іх сумесным рэйдзе па паляўнічых угодзьдзях раёну. Так, у прыватнасьці, у выніку апытаньня сьведак было выяўлена, што запісы аб правядзеньні зь імі інструктажу былі зробленыя ўжо пасьля зьдзяйсьненьня злачынства. Гэтаксама абаронца неаднаразова зьвяртаў увагу суду на тую адметнасьць паляўнічай стрэльбы «ІЖ-17», зь якой быў зьдзейсьнены стрэл у інспэктара Генадзя Раўкова, што ў гэтай мадэлі зброі адсутнічае асобная засьцерагальная прылада. Менавіта гэтая канструкцыйная адметнасьць, з пункту гледжаньня абароны, магла спрычыніцца да злашчаснай гібелі старшага інспэктара.
Найбольш інфарматыўным аказалася апытаньне галоўнага сьведкі, егера Віктара Асіпенкі. У выніку гэтага апытаньня быў вызначаны дакладны час забойства: 6 гадзін 36 хвілін. Да дробязяў была адноўленая карціна падзеяў, што адбыліся 11 красавіка да моманту стрэлу, чаму паспрыяў аналіз раздруковак ранішніх тэлефонных званкоў паміж егерамі Асіпенкам і Краўчанкам, а таксама вывучэньне матэрыялаў сьледчых экспэрымэнтаў. Суду таксама удалося высьветліць, што ў межах гэтага рэйду правяраючымі наўмысна ня ставілася задача праверкі і, калі спатрэбіцца, затрыманьня Дзьмітрыя Голубева. На падставе паказаньняў Асіпенкі выяўлена, што напярэдадні ім быў зьдзейсьнены аб'езд паляўнічых угодзьдзяў сэктару «А», дзе паляваньне дазволенае толькі з удзелам егера, таму 11 красавіка старшы інспэктар Раўкоў захацеў наведаць сэктар «Б», дзе можна паляваць самастойна, маючы неабходную для таго пуцёўку на адстрэл дзічыны.
Інфармацыя пра тое, што Голубеў займаецца браканьерствам, паступала Раўкову і Асіпенку неаднаразова, таму раней імі ўжо двойчы рабіліся спробы праверыць яе праўдзівасьць. Аднак кожнага разу штосьці ім перашкаджала: то машына зламаецца, то нечакана паступіць паведамленьне пра затрыманьне чарговага парушальніка. Таму апынуўшыся 11 красавіка ў раёне вёскі Петрашы, дзе знаходзіцца бацькоўскі дом Голубева, яны вырашылі праверыць, ці знаходзіцца ён там і ці ня ўдзельнічае ў незаконным паляваньні – бо была інфармацыя аб адсутнасьці на той момант у яго пуцёўкі на адстрэл дзічыны. Пад'ехаўшы да вёскі, яны агледзелі дом Голубева ў бінокаль, але ня ўбачылі там яго машыны, таму было прынятае рашэньне ехаць на аўтамабілі Краўчанкі па вызначаным маршруце па лясной дарозе, дрэнны стан якой неўзабаве перашкодзіў іх далейшаму руху. Пакінуўшы машыну і яе кіроўцу ў лесе, далей інспэктар і егер перасоўваліся ўжо ўдвух.
Выйшаўшы на поле ў трохстах мэтрах ад вёскі Петрашы, у бінокаль яны ўбачылі чалавека з расчахлёнай стрэльбай у сабраным выглядзе, які рухаўся ў іх бок. Было прынятае рашэньне праверыць законнасьць яго дзеяньняў. Выкарыстоўваючы ляндшафтныя асаблівасьці мясцовасьці, ім удалося заставацца незаўважанымі да поўнага збліжэньня з Голубевым, якога яны пазналі, як толькі гэта дазволілі аптычныя магчымасьці бінокля. Першым зь лесапаласы выйшаў Генадзь Раўкоў, прадставіўся і запатрабаваў спыніцца. Праўда, тое, што адбывалася паміж інспэктарам Раўковым і Голубевым, Асіпенка толькі чуў – яны размаўлялі досыць гучна, - але ня бачыў з-за лесапаласы. Яму спатрэбілася некалькі сэкунд, каб апынуцца на грэбні пагорку і ўбачыць абодвух удзельнікаў інцыдэнту. Паводле слоў егера, ён убачыў Генадзя Раўкова, які стаяў да яго правым бокам, і зь левага боку Дзьмітрыя Голубева, які накіроўваў стрэльбу ў вобласьць жывата інспэктара. У наступнае імгненьне прагрымеў стрэл, пасьля якога той, хто страляў, кінуўся наўцёкі ў бок могілак, а інспэктар ўпаў на зямлю, распавёў сьведка.
Судовыя слуханьні будуць працягнутыя ў панядзелак, 31 жніўня. Перш як абвясьціць вырак, суду яшчэ трэба высьветліць усе нюансы. У адпаведнасьці з прад'яўленымі абвінавачваньнямі Дзьмітрыю Голубеву, калі яго віна будзе даказаная, пагражае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў. Апроч таго, сукупнасьць вылучаных супраць яго абвінавачваньняў прадугледжвае пажыцьцёвае зьняволеньне і нават сьмяротнае пакараньне.
С. Горкі, Віцебская вясна
Фота: vkurier.by