Каб дамагчыся ад уладаў абяцаньня зрабіць інфраструктуру для ўладальнікаў ровараў, прадстаўнікам віцебскай грамадзкасьці спатрэбілася амаль 4 гады. Цяпер засталося дачакацца, каб абяцаньні былі выкананыя. Але якраз у гэтым ёсьць вялікія сумненьні.
Змаганьне за веладарожкі і велапаркоўкі ў абласным цэнтры ў 2011 годзе распачаў Уладзімер Рамановіч, адзін з маладых віцебскіх аматараў здаровага ладу жыцьця. Ён ініцыяваў "велапакатушкі", падчас якіх моладзь ня толькі каталася на роварах па горадзе, але і фатаграфавала месцы, нязручныя для перасоўваньня на гэтым транспарце – напрыклад, высокія бардзюры.
"Раней лічылася, што калі на ровары – то гэта або сельскі жыхар, або спартовец. Але цяпер колькасьць велааматараў значна ўзрасла, бо людзі хочуць прытрымлівацца здаровага ладу жыцьця, не псаваць экалёгію… Аднак такіх будзе няшмат, пакуль людзі будуць баяцца выяжджаць у горад на ровары праз тое, што можна трапіць у аварыю. Таму я лічу, што неабходныя і веладарожкі, і велапаркоўкі, а потым нават можна стварыць адмысловыя экскурсійныя роварныя маршруты – па гістарычных мясьцінах Віцебску", – казаў Уладзімер Рамановіч.
Яшчэ тады, у 2011 годзе, ініцыятыўная група зьвярталася да гарадзкіх уладаў і ў ДАІ са сваімі прапановамі. Ад супрацоўнікаў ДАІ актывісты чулі толькі ўхвальныя словы – маўляў, вядома, роварныя дарожкі – гэта было б здорава. Падтрымалі ідэю і камунальнікі, але толькі ў тэорыі: на практыцы высьветлілася, што сродкаў на тое, каб намаляваць фарбай палоскі на ходніках, у бюджэце няма. Калі б былі – то можна было б зрабіць роварныя дарожкі без праблем, асабліва на новых вуліцах, дзе шырокія ходнікі – прыкладам, на праспэкце Перамогі…
Пра магчымасьць стварэньня веладарожак на гэтым праспэкце гарадзкія ўлады адказалі і групе месьцічаў, якія ў 2015 годзе зноў зьбіралі подпісы наконт праблемы перасоўваньня на роварах. 26 траўня каардынатар аргкамітэту БХД Тацьцяна Севярынец, адна з ініцыятарак кампаніі "Віцебску-веладарожкі", ад імя 159 жыхароў Віцебску даслала электронны зварот на імя начальніка аддзелу транспарту і камунікацыяў Віцебскага аблвыканкаму Андрэя Гулідзіна. У звароце была пераказаная доўгая гісторыя "абабіваньня парогаў" дзяржаўных устаноў наконт арганізацыі ў Віцебску роварных дарожак, пералічаныя абяцаньні, так дагэтуль і ня выкананыя.
У адказе выконваючага абавязкі начальніка аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкаму было сказана, што ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму вызначыла пералік вуліц гораду, на якіх маецца магчымасьць стварэньня веласіпедных дарожак, сумешчаных з ходнікамі. Да 1 ліпеня плянуецца пазначыць дарожнай разьметкай веладарожкі на ходніках па праспэкце Перамогі.
Можна было б сьвяткаваць перамогу, але ў актывістаў ёсьць сумневы ў тым, што абяцаньні будуць выкананыя. Бо яшчэ ў траўні прадстаўнікі віцебскіх уладаў заяўлялі, што "ўладкаваньне веласіпедных дарожак шляхам разьметкі, нанесенай на тратуары, не ўяўляецца магчымым", бо будзе цесна мінакам…
"Мы настойваем на найхутчэйшым вырашэньні праблемы. Гораду гэта абыдзецца малой крывёю, а парадку і зручнасьці павялічыцца ў разы. Нарэшце, стварэньне веладарожак - гэта мінімум, чаго патрабуюць ад уладаў самі жыхары, праяўляючы ўласную ініцыятыву паўдзельнічаць у жыцьці гораду, рэалізуючы права на ўдзел у грамадзкім самакіраваньні, праяўляючы клопат пра парадак, экалягічнасьць, здаровы лад жыцьця. Усё гэта штучна абмяжоўваецца мясцовымі ўладамі, бо ў іншых гарадох падобных праблем не паўстае. Але ў Віцебску змаганьне за інфраструктуру для ўладальнікаў ровараў заняло 4 гады. І на сёньняшні дзень мы маем толькі абяцаньні – накшталт тых, якія даваліся пра стварэньне безбар'ернага асяродзьдзя для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Аднак мы бачым, што на справе ўсё зусім ня так "гладка і роўна", як на афіцыйных паперах. Таму будзем чакаць, ці спраўдзяцца абяцаньні гарадзкіх чыноўнікаў і ДАІ", – кажа Тацьцяна Севярынец.
spring96.org