12 чэрвеня калегія Віцебскага абласнога суду, разгледзеўшы у закрытым рэжыме касацыйную скаргу асуджанага на шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня кіраўніка незарэгістраванай партыі «Белая Русь» Сяргея Рыжова, пакінула ў сіле рашэньне суду першай інстанцыі.
Сяргей Рыжоў мусіць адседзець прызначаны яму тэрмін зьняволеньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах строгага рэжыму. Прысуд у дачыненьні да палітыка быў абвешчаны 3 красавіка. Ён асуджаны паводле артыкулу 167 (гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару) і артыкулу 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Пра падрабязнасьці разгляду касацыйнай скаргі Сяргея Рыжова паведаміў яго прадстаўнік лекар Ігар Пастноў: «Абаронцай асуджанага быў зроблены націск на тое, што на прадстаўленых фотаздымках няма выразнасьці. А зьнешнія абрысы постаці і тып фрызуры сфатаграфаванай асобы не адпавядаюць постаці і фрызуры Рыжова. Акрамя таго, няма фактаграфічных доказаў дзеяньня, у якім былы кандыдат у прэзыдэнты абвінавачвацца. Але рэч нават ня ў гэтым, а ў тым, што першапачаткова суд ня ставіў за мэту разьбірацца ў сутнасьці справы».
«З улікам пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне і зьбядненьня насельніцтва справа Сяргея Рыжова можа мець для Лукашэнкі гэткія ж наступствы, якія справа журналіста Гангадзэ ва Ўкраіне займела для колішняга прэзыдэнта суседняй дзяржавы Леаніда Кучмы», – выказаў сваё меркаваньне Ігар Пастноў.
Ні Сяргея Рыжова, ні ягоных паплечнікаў рашэньне суду, безумоўна ж, не задаволіла. Наступным крокам будзе іхны зварот у пракуратуру і Вярхоўны суд краіны, а мо і ў КДБ, куды яны разам са скаргамі зьбіраюцца даслаць і фотаздымкі, якія сталі ледзь не асноўным аргумэнтам абвінавачаньня. Сябры асуджанага даведаліся, што ў Пскове можна зрабіць адмысловую экспэртызу фотаздымкаў, але гэтая працэдура каштуе надта вялікія грошы.
Віцебская вясна