Больш за шэсьць месяцаў спатрэбілася Віцебскаму раённаму аддзелу Сьледчага камітэту, каб дасьледаваць косткавыя парэшткі, знойдзеныя паблізу вёсак Хайсы і Дракольле, і вынесьці рашэньне аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.
Заява групы апазыцыйных актывістаў пра выяўленьне чалавечых парэшткаў была пададзеная ў сьледчыя органы на пачатку лістапада 2014 году. Косткавыя парэшткі былі забраныя сьледчымі і перададзеныя экспэртам для правядзеньня комплекснай экспэртызы для вызначэньня часу і акалічнасьцяў гібелі людзей. Дасьледаваньні былі зробленыя ў Віцебску і ў Менску, але іх вынікі не далі неабходных дадзеных для адкрыцьця крымінальнай справы.
У лісьце актывістам сьледчы орган паведаміў наступнае: «У выніку праверкі выяўлена, што даўнасьць пахаваньня складае звыш 50 гадоў. Шматлікія зьмяненьні першапачатковага выгляду ў выніку працяглага знаходжаньня ў месцы пахаваньня не дазваляюць вызначыць прыжыцьцёвасьць і мэханізм, даўнасьць утварэньня пашкоджаньняў, якія маюцца на касьцяных рэштках, а таксама немагчыма вызначыць прычыну сьмерці, устанавіць асоб, якім належаць касьцяныя рэшткі».
«У сувязі з тым, што немагчыма ўстанавіць дакладную дату пахаваньня, прыналежнасьць асоб, касьцяныя рэшткі якіх знойдзеныя ў лясным масіве паблізу в. Хайсы – Дракольле, да рэлігійных канфэсіящ, то пахаваньне касьцяных рэштак даручана спэцкамбінату грамадзянскага абслугоўваньня – КБА Віцебску і Віцебскай вобласьці», – паведаміў начальнік Віцебскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь А. Ларкін.
Прыблізна такога адказу апазыцыянэры і чакалі. Яны не спадзяваліся на тое, што ўлады ў асобе яе праваахоўных органаў стануць прызнаваць тое, што косткавыя парэшткі належаць тым людзям, якія былі рэпрэсаваныя ў 30-х гадох мінулага стагодзьдзя сталінскім рэжымам.
У такой сытуацыі апазыцыянэры ня згодныя з адмовай ва ўзбуджэньні крымінальнай справы Віцебскім раённым аддзелам СК і рыхтуюць скаргу на дзеяньні сьледзтва ў Віцебскую абласную пракуратуру.
Віцебская вясна