Колькі слоў падзякі напярэдадні Дня Перамогі было сказана ў адрас вэтэранаў вайны, а разам з тым за гэтымі афіцыёзных і пампэзнымі фразамі неяк згубіліся лёсу дзяцей вайны, якія не атрымлівалі узнагарод, ня ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях, але нацярпеліся ніколькі ня менш за тых, хто ваяваў. А цяпер ціха і непрыкметна пакідаюць яны гэты сьвет.
Аляксандар Шчамлёў жыве ў Шумілінскім раёне. Тры гады даглядае састарэлую васьмідзесяцітрохгадовую маці, інваліда першай групы. Жанчына прыкаваная да ложку, пакутуе на энцэфалапатыю, адбываецца паступовае адміраньне судзінаў кары галаўнога мозгу.
Як былая настаўніца з 37-гадовым стажам атрымлівае пэнсію ў 2 мільёны 600 тысяч рублёў. Пасьля дасягненьня васьмідзесяцігадовага веку сталі даплачваць яшчэ мільён. 57-гадовы сын аформлены па доглядзе за маці і атрымлівае ад дзяржавы каля мільёну чатырохсот рублёў. Догляд неабходны спэцыяльны і кругласутачны. Праз кожныя 2-3 гадзіны з мэтай прадухіленьня пролежняў хворую неабходна пераварочваць, зьмяняць становішча.
Аляксандар, зь якімі цяжкасьцямі даводзіцца Вам сутыкацца пры доглядзе састарэлай маці?
Апроч мяне яе ніхто не накорміць: з чайнай лыжкі кармлю два гады. І паю з чайнай лыжкі. Ежу гатаваць трэба таксама адмысловым чынам: міксэр не выключаецца. Усё здрабняецца. Дзіцячыя кансэрвы патрэбныя, мясныя асабліва, дзіцячае харчаваньне. Напрыклад, 100 грам дзіцячых кансэрваў (ялавічына) каштуе 20 тысяч. Калі кожны дзень даваць – 600 тысяч рублёў толькі на адны кансэрвы. Грэчку вару, і ператвараю міксэрам ў аднастайную масу. Тое самае робіцца зь яблыкамі, якія перад гэтым запякаюцца. Усё гэта зьмешваецца і ператвараецца ў кашу. Інакш не атрымліваецца, бо парушаны мэханізм глытаньня. З усімі астатнімі прадуктамі адбываецца тое ж самае. Такі догляд забірае багата часу.
А як ідуць справы з забесьпячэньнем лекамі? Ці дапамагае дзяржава?
Лекі? Напрыклад, я правёў курс лячэньня тэрмінам у два тыдні для стымуляцыі працы нырак. Кошт «Фурамага» – 150 тысяч, «Канэфрону» – 162 тысячы. Разам – больш за 300 тысяч. Гэта не аплачваецца. Даецца кампэнсацыя толькі пры нейкіх страшных хваробах, напрыклад пры глаўкоме, але там лекі каштуюць капейкі – 20-30 тысяч. Даю штодня сродак ад курчаў – «Карбамазэпін», які аплачваецца, але, зноў жа, каштуе ён 40 тысяч. Аплачваюцца толькі лекі танныя, але ня лекі, якія пэрыядычна неабходныя для правядзеньня курсаў лячэньня. Бо ж кожны стары чалавек мае цэлы букет хранічных захворваньняў. І лекі гэтыя, як правіла, у нас не выпускаюцца. Выходзіць, беларуская фармакалёгія ня хоча лячыць такіх хворых. Для лячэньня хранічнага піялянэфрыту, камянёў у нырках, сваіх лекаў няма.
А што з забесьпячэньнем тых, хто мае патрэбу, сродкамі асабістай гігіены?
Пампэрсаў трэба мінімум чатыры штукі на суткі. На гэтыя мэты дзяржава выдае на квартал кампэнсацыю ў 2 мільёны 200 тысяч рублёў. Гэта 725 тысяч рублёў у месяц. А ў месяц трэба чатыры пачкі (120 пампэрсаў), адзін пачак каштуе каля 400 тысяч рублёў. Вось і лічыце – 1 мільён 600 тысяч рублёў у месяц. На квартал – 4 мільёны 800 тысяч рублёў. Непад'ёмная сума атрымліваецца для звычайнай беларускай сям'і, якая пражывае ў сельскай мясцовасьці.
А цяпер удумайцеся: на пачатку году ўпакоўка пампэрсаў каштавала 230 тысяч, а пасьля ўзьлёту цэн – 395 тысяч. Амаль двухразовае падаражаньне! У студзені дзяржаўная кампэнсацыя складала 1 мільён 800 тысяч рублёў, але пасьля падаражаньня яна вырасла ўсяго на 400 тысяч. Розьніцу адчуваеце? Цяпер мне трэба за квартал выдаткоўваць з нашага беднага бюджэту 2 мільёны 600 тысяч рублёў, хаця раней я выкарыстаў на гэтыя мэты ўсяго толькі 960 тысяч. Вялікі дзякуй: дапамагаюць сваякі.
Апошнія тры гады вы не працуеце па спэцыяльнасьці і займаецеся выключна доглядам маці. Ці існуе для сярэднестатыстычнага беларуса якая-небудзь іншая магчымасьць дапамагчы сваім блізкім, якія знаходзяцца ў такім становішчы, як Ваша маці?
Я прыкаваны да маці. Калі я здам самага блізкага мне чалавека на сацыяльны ложак, яна празь месяц памрэ. Ніхто там так, як я, яе даглядаць ня будзе. Я гэтага зрабіць не магу. Догляд маці – гэта мой апошні абавязак перад ёй. За тое, што я вызваліў дзяржаву ад дадатковага цяжару, яно плаціць мне мільён чатырыста, але што гэта для дарослага, фізычна здаровага, мужчыны? Хіба за гэтыя грошы можна жыць і паўнавартасна харчавацца?
За 37 гадоў працоўнага стажу настаўніцай маці атрымала ад дзяржавы 2 пампэрсы ў дзень і 2 мільёны 600 тысяч пэнсіі. Для таго, каб пэнсія павялічылася на мільён, трэба яшчэ было дажыць да васьмідзесяцігадовай мяжы, што атрымоўваецца далёка ня кожнаму. Гэта нармальна? І гэта яшчэ добра, бо невядома, якога падарунку чакаць ад «сацыяльна арыентаванай дзяржавы» будучым пакаленьням тутэйшых пэнсіянэраў.
У неасьвечаных сем'ях хворыя такога кшталту доўга не жывуць, паміраюць галоўным чынам празь месяц-два. Па сутнасьці, гэта міжвольная або вымушаная эўтаназія невуцтва. Дзякуючы таму, што я карыстаюся інтэрнэтам, экспэрымэнтую, пастаянна вучуся, маці яшчэ жыве. І на мне гэтага грэху няма.
Скажыце, як ідуць у нас справы з забесьпячэньнем з боку дзяржавы хворых адмысловымі сродкамі догляду?
Ад пастаяннага ляжаньня выдзяляецца макрота, якую трэба пастаянна адсмоктваць, а адсмоктвальніку макроты няма, і каштуе ён немалых грошай. Прыходзіцца адсмоктваць звычайнай спрынцоўкай. Немагчыма ў нас у краіне купіць і спэцыялізаваны ложак для ляжачых хворых. Немагчыма зь дзьвюх прычын: з прычыны адсутнасьці такіх і з прычыны хранічнай неплацежаздольнасьці сярэдняга беларуса.
Можна было б арганізаваць пункт пракату або выдаваць на час праз існуючыя раённыя тэрытарыяльныя цэнтры, як гэта, нарэшце, зроблена датычна інваліднага фатэля. Даводзіцца мучыцца, выкарыстоўваючы звычайны ложак. Уяўляю, чаго гэта каштуе тым, хто даглядае хворых з залішняй вагой. Гэта мука і для хворых, і для сваякоў. Сацыяльная і дзяржаўная аморфнасьць ў гэтым пытаньні дзівіць. Такое ўражаньне, што пра сваю старасьць ніхто ня думае. Ці ўсё разьлічваюць памерці раптоўна і ў сьне?
Падзяліцеся вашымі ўражаньнямі наконт мэдычнага абслугоўваньня такога кшталту хворых.
У ліпені мінулага году ў мамы ўпаў ціск, стала зусім кепска: дыханьне перарывістае, пульс ледзь адчуваўся. Выклікаў хуткую дапамогу. Я заўважыў: калі старым за восемдзесят, асабліва ня хочуць і ехаць. У кожным разе, не сьпяшаюцца. Прыехаў малады лекар, агледзеў яе, памераў ціск і заявіў: «Ціску практычна няма. А што вы хочаце – ідзе натуральны працэс паміраньня, надышоў час». Я тэлефаную брату, ён у мяне лекар, жыве ў суседняй вобласьці. Той і ўставіў маладому «прафэсару» глузд: «Пульс ёсьць?» – «Ёсьць». – «Дыхае?» – «Дыхае». – «Грузіце і вязіце ў раённую больніцу. Памрэ ў хуткай – значыць, памрэ ў хуткай. Памрэ ў прыёмным пакоі – значыць, памрэ там. Памрэ ў рэанімацыі – значыць, памрэ ў рэанімацыі. Ціску няма – падымайце. Вы працуйце. Рабіце сваю справу. А памірае яна ці не памірае – ня вам вырашаць».
Гэта было год таму! Пасьля здарэньня маці ўжо год пражыла! Яны ці ня хочуць працаваць, ці перагружаныя? За жыцьцё пажылога чалавека асабліва змагацца ніхто ня хоча. Дарэчы, у прыёмным пакоі мне сказалі усё тое ж самае, што я пачуў ад лекара хуткай. На гэта я адказаў ім словамі брата: «Грузіце на насілкі і вязіце ў рэанімацыю. Памрэ ў рэанімацыі – значыць, памрэ ў рэанімацыі. А ў рэанімацыі яна ажыла».
Кажуць, што ў стаўленьні грамадзтва і дзяржавы да старых і дзяцей можна вызначыць, якая будучыня чакае тую ці іншую краіну. Што вы можаце сказаць наконт гэтага?
Праблема ў тым, што ў нас у краіне лекары і настаўнікі ператвораныя дзяржавай у чыноўнікаў: яны даюць справаздачу не перад хворымі, не перад народам, а перад вышэйстаячымі начальнікамі. Выкананьне сваіх абавязкаў у іх стаіць далёка не на першым месцы. Яны займаюцца выкананьнем прагнозных паказчыкаў, сацыяльных стандартаў, выбарамі. А захочаш якаснага мэдычнага лекаваньня або добрай адукацыі – плаці грошы. Абсталяваньне ў раёне састарэлае, амаль нічога не мяняецца, але – самае страшнае – ніхто і не патрабуе. Лекары не патрабуюць, не выконваюць свайго прызначэньня.
Чаму на лядовыя палацы грошы знайшліся, а на чалавечае здароўе – не? Як сорак гадоў таму павесілі на сьцяну ў габінэце вочнага лекара табліцу для вызначэньня вастрыні зроку, так яна і вісіць. А дзе сучаснае абсталяваньне, якое адпавядае стандартам 21 стагодзьдзя? Мяне дзівяць безыніцыятыўныя людзі. Як ёсьць – так ёсьць. Няма разьвіцьця. Таму мы апошнія дваццаць гадоў знаходзімся ў 80-ых гадах мінулага стагодзьдзя...
Віцебская вясна