Старшыня Мазалаўскага сельскага савету Леанід Дубіна запрасіў актывістаў стваранай грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» наведаць 13 траўня месца меркаваных масавых расстрэлаў грамадзян за часамі сталінскіх рэпрэсіяў. Раней актывісты падавалі калектыўную заяву з 88-мю подпісамі ў сельсавет, і, згодна з заканадаўствам, перш як адказаць на такую заяву, службовыя асобы абавязаныя выехаць на месца і сустрэцца з заяўнікамі.
У заяве актывісты прасілі дапамогі сельсавету ў добраўпарадкаваньні тэрыторыі вакол знойдзеных раскопаў з чалавечымі парэшткамі, а таксама спрыяньня ў высьвятленьні акалічнасьцяў масавага забойства людзей.
Агледзець месца злачынства і сустрэцца з грамадзкасьцю прыехалі старшыня Мазалаўскага сельсавету, намесьнік лясьнічага і сакратарка сельсавету Кацярына Каралёва. Чацьвёрты прысутны не прадставіўся. Грамадзкія актывісты паказалі шурфы і раскопы, знойдзеныя часткі чалавечых шкілетаў і фрагмэнты жаночага ды мужчынскага абутку. Адна з падэшваў была надта маленькая, і прысутныя выказвалі меркаваньне, што абутак калісьці належаў дзіцяці. Усе аднадушна сышліся на думцы, што знойдзеныя матэрыяльныя сьведчаньні паказваюць на тое, што пахаваньні нельга аднесьці да вайсковых. Увага прадстаўнікоў улады была скіравана на парэшткі, якія вымаліся зь зямлі ў гэтую вясну. Хто рабіў гэтыя дзеяньні і навошта – невядома.
На чарговую просьбу Яна Дзяржаўцава дапамагчы з добраўпарадкаваньнем тэрыторыі было сказана, што пра гэта можна будзе размаўляць толькі пасьля таго, як будзе атрыманае заключэньне Сьледчага камітэту, калі будзе канчаткова высьветлена, хто там пахаваны.
Ян Дзяржаўцаў кажа: «Якая розьніца, хто там пахаваны: рэпрэсаваныя ў сярэдзіне 30-х гадоў, або забітыя фашыстамі? Вы зрабіце ўсё, што трэба рабіць сумленным і прыстойным грамадзянам у такіх выпадках. Гэта ж ня скотамагільнік, вакол жа раскіданыя менавіта чалавечыя парэшткі. Я яму кажу, што адно другога ня тычыцца: вы дайце дазвол, каб зрабіць дарогу і высекчы хмызьняк, усталяваць крыж, правесьці малебен, а калі прыйдуць парэшткі з судовай экспэртызы, скажыце нам, каб пахаваць іх з нашым удзелам на тым месцы, адкуль іх узялі. На што ён сказаў, што не можа пагадзіцца на нашу просьбу, бо ў яго няма грошай. Падаецца, улада працягвае хаваць шыла ў мяшку. Бачна нават непрыхаванае зацікаўленьне ўладаў спусьціць усё на тармазах. Справа Леніна-Сталіна жыве і квітнее, нездарма на парадзе ў Менску міністар унутраных спраў надзеў форму камісара НКВД».
Старшыня сельскага савету паведаміў, што ён зьвярнуўся ў ваенкамат з просьбай, каб на месцы масавых пахаваньняў вайскоўцы правялі неабходныя ў такіх выпадках дзеяньні. Адмысловы пошукавы батальён мусіць распачаць работы ўжо празь месяц.
Але, як той казаў, дарогі Гасподнія неспасьцігальныя. Вяртаючыся дадому, грамадзкія актывісты сустрэлі ў Лужасьне святара мясцовай праваслаўнай царквы айца Міхаіла, які ласкава пагадзіўся ня толькі наведаць лясны масіў, але і адслужыў на месцы пахаваньняў паніхіду.
Дарэчы, з ініцыятывы айца Міхаіла ў Цёплым лесе, што пад Лужаснам, у памяць «ахвяраў ліхалецьця», як ён выразіўся, ужо ўсталяваны крыж. Паводле словаў Яна Дзяржаўцава, мясцовыя старажылы распавядалі яму, што ў Цёплым лесе яшчэ ў самым пачатку 30-х гадоў віцебскія НКВДшнікі расстрэльвалі рэпрэсаваных грамадзян. Выходзіць, гады ліхалецьця – гэта, найхутчэй, менавіта гэты трагічны пэрыяд, а не часы вайны. Дык што ў асобе прадстаўніка царквы спадар Ян знайшоў калі не аднадумца, то чалавека, які разумее і той час, і свае абавязкі перад загінулымі безь віны.
Разам са святаром лясны масіў наведаў віцебскі казацкі атаман Валер Сямашка з сынам Ігарам, якіх запрасіў туды айцец Міхаіл. Казакі прапанавалі на ўскрайку лесу ўсталяваць крыж, які стаў бы заўважным з дарогі арыентырам для тых, хто мецьме намер наведаць гэтае месца.
У тых выпадках, калі ўлада не сьпяшаецца дапамагаць людзям, прыходзіцца спадзявацца на дапамогу аднадумцаў і гуртавацца вакол ідэяў, якія аб'ядноўваюць, каб не паўтарыліся трагічныя падзеі мінуўшчыны.
Віцебская вясна