Рабочыя ААТ «Полацак-Шкловалакно» не задаволеныя дыскрымінацыяй з-за сяброўства ў прафсаюзе. Скарга рабочых на дырэктара перададзеная старшыню канцэрну «Белнафтахім» Ігару Ляшэнку падчас яго асабістага прыёму 5 траўня. Рабочых заводу прадстаўляў старшыня Свабоднага прафсаюзу на прадпрыемстве Віктар Стукаў. Гутарка старшыняў аб правох рабочых у менскім офісе канцэрну доўжылася больш за гадзіну.
Рабочыя лічаць, што канцэрн як дзяржаўная арганізацыя павінна прытрымлівацца міжнародных забавязаньняў Беларусі па выкананьні правоў рабочых на аб'яднаньне ў прафсаюз. Тым больш, што ў функцыях канцэрну значыцца кантроль за аховай працы рабочых на прадпрыемствах, а значыць, за выкананьнем працоўнага заканадаўства, што зьяўляецца элемэнтам сацыяльнага партнэрства рабочых з наймальнікам і дзяржавай.
У скарзе выкладзеныя факты парушэньня дырэктарам заводу Мікалаем Качаноўскім законаў Беларусі і Міжнародных дамоваў. Рабочыя адзначаюць, што дырэктар незаконна адмаўляецца ад калектыўных перамоваў з прадстаўнікамі працоўных, у калектыўнай дамове заводу закладзеная дыскрымінацыя рабочых з-за ўдзелу ў прафсаюзе, дырэктар чыніць перашкоды прафсаюзным работнікам у наведваньні тэрыторыі заводу. Асаблівае абурэньне рабочых выклікае цынізм начальнікаў, якія прымушаюць выходзіць са Свабоднага прафсаюзу, што зьяўляецца адкрытым парушэньнем наймальнікам канстытуцыйнага права рабочых на ўступленьне ў прафсаюз. Бо дзяржава абавязалася перад грамадзянамі і сусьветнай супольнасьцю забясьпечыць рабочых «адпаведнай абаронай супраць любых дыскрымінацыйных актаў» - гэтага і патрабуюць рабочыя ад канцэрну «Белнафтахім» як дзяржаўнага органу.
Як сказаў актывіст Свабоднага прафсаюзу работнік завода «Шкловалакно» Мікалай Шарах, «Адна з задач прафсаюзу - інфармаваць дзяржаўныя органы аб парушэньні правоў рабочых. Пакуль розныя дзяржаўныя арганізацыі - такія як пракуратура, інспэкцыя працы, мясцовыя ўлады - не выконваюць сваіх забавязаньняў па забесьпячэньні абароны правоў рабочых. Пры гэтым, мы мяркуем, найлепшай формай абароны інтарэсаў працоўных зьяўляюцца іх самастойныя калектыўныя дзеяньні. Калі наймальнік не выконвае сваіх забавязаньняў, то рабочыя калектыўна могуць прыпыніць выкананьне сваіх працоўных абавязкаў. Аднак пакуль права рабочых на аб'яднаньне ў прафсаюз парушанае, рабочым праблематычна адстойваць свае эканамічныя інтарэсы».
Адказ з канцэрну на скаргу рабочых паабяцалі даць цягам месяцу. Цяпер на заводзе зарплата зьніжаецца, як кажуць рабочыя «на мільён сталі атрымліваць менш у параўнаньні зь мінулым годам», пры сярэдняй зарплаце па заводзе ў 2014 годзе ў шэсьць мільёнаў. Так, у працоўных ткацкага цэху стала шмат прастояў абсталяваньня з-за незагружанасьці працай, што адаб'ецца на зарплаце.
Віцебская вясна