28 красавіка віцебскія актывісты зьбіраліся правесьці талаку на ўскрайку лесу каля вёскі Хайсы ў Віцебскім раёне. Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і ягоныя аднадумцы пэўныя, што ў гэтых мясьцінах адбываліся расстрэлы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. У прыватнасьці пра расстрэлы, якія адбываліся тут у 1930-х гадох, згадваюць мясцовыя жыхары.
Менавіта ад іх спадар Дзяржаўцаў пачуў, што ў лесе ляжаць непахаваныя чалавечыя парэшткі. У лістападзе мінулага году пра «віцебскія Курапаты» даведалася грамадзкасьць — калі актывісты і журналісты выбраліся ў той лес і ўбачылі вялікія яміны з чалавечымі косткамі і чарапамі.
У той самы дзень некалькі актывістаў напісалі звароты ў Сьледчы камітэт, міліцыю і пракуратуру, каб зрабіць праверку. Пасьля гэтага некалькі знойдзеных чарапоў ды іншыя парэшткі забралі на экспэртызу — спачатку ў Віцебск, а потым у Менск.
На месцы, дзе знайшлі парэшткі, Ян Дзяржаўцаў і ягоныя сябры ўсталявалі некалькі крыжоў. Бо хто б ні былі тыя людзі, якія тут загінулі, яны вартыя памяці нашчадкаў. А калі цяпер актывісты прыехалі добраўпарадкаваць самаробны мэмарыял, то натрапілі на яміну, у якой з-пад жвіру вытыркаюцца дзясяткі костак — нібыта людзей закопвалі тут шэрагамі, адзін над адным. Яшчэ частка чалавечых костак была складзеная асобна — ужо хтосьці выкапаў іх зь зямлі і прыкрыў яловымі галінамі, кажа Ян Дзяржаўцаў:
«Сама яміна мэтраў сем на два з паловай, і ў глыбіню мэтру паўтара. Падобна, што ў гэтай яміне былі пахаваныя чалавек 50. Праўду змогуць сказаць толькі дасьледчыкі, сьледчыя, калі яны тут будуць капаць і гэтыя парэшткі выкопваць. Мы іх заўважылі толькі цяпер, бо яны былі ўжо адкапаныя, пакрытыя лісьцем і яловымі лапкамі ды сабраныя ў кучкі».
Актывісты не бяруцца сказаць, хто гэта мог зрабіць. Можа, гэта былі «чорныя капальнікі». Але ім косткі не цікавыя, і таму незразумела, навошта было іх так акуратна складаць у асобнае месца. Ян Дзяржаўцаў не выключае, што тут маглі папрацаваць і нейкія спэцслужбы. Але яны не забралі ні парэшткі для нейкіх досьледаў, ні фрагмэнты адзеньня і абутку, якія таксама ёсьць у ямах. На абутку захаваліся фабрычныя клеймы — 1936-ы, 1937-ы гады, не пазьней. Значыцца, наўрад ці выпадае меркаваць, што ў гэтым лесе пахаваныя ахвяры Вялікай Айчыннай вайны. І выснова, да якой чарговы раз прыйшлі віцебскія актывісты, — зноў пра сталінскія расстрэлы. Адпаведна, яны хочуць дамагчыся, каб у лесе пад вёскай Хайсы была праведзеная самая пільная праверка, кажа спадар Дзяржаўцаў:
«Мы сёньня ж напішам заяву ў Сьледчы камітэт, падпішамся ўсе прысутныя, хто гэта бачыў. Але па ранейшым нашым звароце так нічога і не вядома. Два месяцы таму нам сказалі, што праверка ўзноўленая і што нам паведамяць вынікі экспэртызы тых парэшткаў, якія цяпер знаходзяцца на дасьледаваньні ў Менску».
Актывісты кажуць, што гатовыя зрабіць усё, каб даведацца праўду пра гэтыя чалавечыя парэшткі і пра трагічныя падзеі, матэрыяльнымі сьведчаньнямі якіх засталіся чарапы з кулявымі адтулінамі. Жыхары вакольных вёсак ужо былі спрабавалі дамагчыся праўды — яшчэ ў 1990-я гады яны зьвярталіся ў мясцовы сельсавет, міліцыю і да праваслаўнага сьвятара, каб нарэшце зрабіць парадак і каб чалавечыя парэшткі не ляжалі раскіданымі па лесе. У сельсавеце абяцалі «разабрацца», але косткі і чарапы па-ранейшаму можна знайсьці ў гэтым лесе. Мабыць, упершыню на іх сапраўды натрапілі «чорныя капальнікі», але пахаваць расстраляных тут людзей па хрысьціянскім звычаі дагэтуль ніхто не парупіўся.
Так было аж да мінулай восені, пакуль у лесе каля вёскі Хайсы не зьявіўся першы асьвячоны крыж і не прайшла першая памінальная служба. Зараз, прыбраўшы сьмецьце вакол імправізаванай братняй магілы ды мэмарыяльных крыжоў, якіх тут ужо пяць, віцебскія актывісты зноў памаліліся за супакой душаў тых людзей, якія згінулі ў гэтым лесе.
Знойдзеныя парэшткі зноў акуратна прыкрылі яловымі галінкамі, бо нічога чапаць у гэтым месцы нельга да заканчэньня сьледчых дзеяньняў. Фрагмэнты абутку і адзеньня, а таксама чалавечыя косткі, якія адкрыта ляжаць у некалькіх ямах, прысутныя сфатаграфавалі, каб далучыць гэтыя здымкі да чарговай заявы ў Сьледчы камітэт, міліцыю і пракуратуру.
svaboda.org