У Віцебскай вобласьці для аховы межаў недастаткова эфэктыўна задзейнічаюцца добраахвотныя дружыны зь ліку мясцовага насельніцтва. Такое меркаваньне выказаў старшыня Дзяржпагранкамітэту Беларусі Леанід Мальцаў на паседжаньні камісіі Віцебскай вобласьці па рэалізацыі дзяржаўнай памежнай палітыкі.
"Бясьпека мяжы – справа ня толькі людзей у пагонах. Неабходна ўсьвядоміць, што, беручы ўдзел у ахове мяжы, кожны грамадзянін абараняе, у першую чаргу, свае інтарэсы, права на жыцьцё і здароўе. Калі прапусьціць парушальніка празь мяжу і прамаўчаць пра гэта, можна падвергнуць небясьпецы сябе, свае сем'і. Таму тэзіс "Дзяржаўную мяжу ахоўвае ўвесь народ" павінен быць напоўнены канкрэтным зьместам", – растлумачыў Леанід Мальцаў.
Пра неабходнасьць актывізацыі працы ўсіх суб'ектаў памежнай бясьпекі з насельніцтвам прымежных раёнаў казалася ня раз на рэспубліканскім узроўні. Але па-ранейшаму ў працы мясцовых органаў улады праглядаецца фармалізм і безыніцыятыўнасьць. У прыватнасьці, Леанід Мальцаў адзначыў павярхоўны падыход да функцыянаваньня добраахвотных дружын.
У цяперашні час у прымежных раёнах Віцебскай вобласьці дзейнічае 21 грамадзкае фармаваньне агульнай колькасьцю 199 чалавек. У 2014 годзе імі было выстаўлена больш за 2 тысячы нарадаў. "На паперы ўсё прыгожа. Але насамрэч не заўсёды так. Перад паседжаньнем мы праверылі шэраг сваіх падразьдзяленьняў. Вынікі праверкі сьведчаць, што ініцыятыва з боку кіраўніцтва раёнаў у аказаньні дапамогі па ахове мяжы мясцовым насельніцтвам, на жаль, слабая. Праца абмяжоўваецца заахвочваньнем дружыньнікаў і памежнікаў", – адзначыў кіраўнік ведамства.
На паседжаньні абласной камісіі таксама прысутнічалі намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксандар Дубаў, дарадца генэральнага пракурора Беларусі Аляксандар Драніца, кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкаму, прадстаўнікі сілавых ведамстваў рэгіёну, а таксама – у рэжыме відэаканфэрэнцсувязі – кіраўніцтвы прымежных раёнаў.
belta.by