У Полацку 21 сакавіка адбылася дыскусія аб магчымасьцях удзелу ў мясцовым самакіраваньні. З палачанамі сустрэліся экспэрты ў галіне самакіраваньня мясцовых супольнасьцяў праваабаронца Леанід Гаравы і юрыст Міхаіл Пліска. Грамадзяне яшчэ маюць магчымасьці ўплываць на прыняцьце рашэньняў на мясцовым узроўні, але гэтыя магчымасьці мінімальныя. Беларусам яшчэ далёка да эўрапейскіх стандартаў ўдзелу грамадзян у кіраваньні жыцьця ў сваёй мясцовасьці і, тым больш, у сваёй краіне.
Экспэрты распавялі пра беларускія законы, якія рэгулююць удзел грамадзян у прыняцьці рашэньняў на мясцовым узроўні, такія як закон «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь». Артыкул 35 закону дае магчымасьць уносіць на разгляд мясцовага савету матываваныя прапановы па пытаньнях мясцовага значэньня і нават падрыхтаваныя праекты рашэньняў па якім-небудзь пытаньні. Выканкамы на месцах абавязаныя такія праекты рашэньняў разгледзець і апублікаваць вынік у мясцовай газэце.
Экспэрт віцебскага грамадзкага аб'яднаньня «Самакіраваньне і грамадзтва» Леанід Гаравы распавёў аб эўрапейскіх стандартах у галіне самакіраваньня. У прыватнасьці аб «Кодэксе рэкамендаванай практыкі грамадзянскага ўдзелу ў працэсе прыняцьця рашэньняў», які прыняты Канфэрэнцыяй Міжнародных няўрадавых арганізацыяў у кастрычніку 2009 году. Кодэкс прыводзіць рэкамэндацыі і практыкі супрацоўніцтва органаў дзяржаўнага кіраваньня і мясцовых асацыяцыяў грамадзян. Пры гэтым кодэкс не прымушае да выкананьня якіх-небудзь правілаў, а прапануе прымяняць прынцыпы зь лепшых практык прыняцьця рашэньняў, якія паляпшаюць жыцьцё грамадзян.
Удзельнікам мерапрыемства была раздадзеная літаратура, якая дапамагае мясцовым грамадзкім арганізацыям палепшыць практыку ўплыву грамадзян на рашэньні, якія прымаюцца мясцовай уладай.