У Віцебскай вобласьці 38 службовых асоб гарадзкіх раённых выканаўчых камітэтаў і арганізацыяў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці за дапушчаныя парушэньні падчас правядзеньня працэдур прыватызацыі. Пра гэта паведамілі ў Генэральнай пракуратуры Беларусі.
"Падчас праведзеных пракуратурай ва ўзаемадзеяньні з падразьдзяленьнямі Камітэту дзяржаўнага кантролю праверак выяўлена, што ў 2013-2014 гадох мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ажыцьцёўленая прыватызацыя больш як 31 тысячы аб'ектаў нерухомасьці, пры гэтым не заўсёды выконваліся нормы дзейнага заканадаўства", – растлумачылі ў ведамстве.
Па дадзеных пракуратуры, у Наваполацку, а таксама ў Аршанскім, Лёзьненскім, Глыбоцкім, Гарадоцкім і Полацкім раёнах выканкамы не выконвалі месячны тэрмін разгляду заяў грамадзян аб прыватызацыі жылых памяшканьняў. Апроч таго, нярэдкія выпадкі няправільнага вызначэньня кошту аб'ектаў нерухомасьці, якія падлягаюць прыватызацыі. У Віцебску і шмат якіх раёнах вобласьці дапушчалася і няправільнае прымяненьне агульнага індэксу зьмяненьня кошту будаўніча-мантажных работ, некарэктна ўжываліся каэфіцыенты спажывецкіх якасьцяў жылых памяшканьняў, няправільна вызначалася плошча аб'ектаў, якія падлягаюць прыватызацыі. Парушэньні пацягнулі за сабой як завышэньне, гэтак і заніжэньне кошту жылых памяшканьняў, што прыватызуюцца грамадзянамі.
У Полацку выяўленыя эпізоды, калі рашэньні аб прыватызацыі памяшканьняў у жылых дамох, якія зьяўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі, прымаліся без падпісаньня ўдзельнікамі прыватызацыі ахоўных забавязаньняў. У шмат якіх раёнах рашэньні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аб прыватызацыі жытла прымаліся безь неабходных дакумэнтаў.
У Віцебску, Наваполацку, а таксама Віцебскім, Аршанскім і Полацкім раёнах належным чынам не кантралявалася, ці своечасова паступаюць у бюджэт сродкі ад прыватызацыі. Не прымаліся і належныя меры па спагнаньні пратэрмінаванай запазычанасьці па выплаце чарговых унёскаў за жытло, што прыватызуецца, або скасаваньні дамоваў куплі-продажу ў судовым парадку.
Па выніках праверак пракурорамі ўнесена 21 прадстаўленьне і прынесена 20 пратэстаў на незаконныя рашэньні выканкамаў аб прыватызацыі жытла.
belta.by