Толькі з трэцяй спробы падаць заяву ў суд Полацку, судзьдзя разгледзела пісьмовую просьбу грамадзяніна дазволіць яму фатаграфаваць падчас судовага паседжаньня, але ў задавальненьні просьбы было адмоўлена. Гэта адбылося 20 сакавіка падчас судовага разгляду пазоўнага патрабаваньня дырэктара крамы да былых работнікам пакрыць нястачу, выяўленую пры рэвізіі.
Па дасягненьні 16 гадоў кожны грамадзянін мае права прыйсьці ў суд і прысутнічаць у любым адкрытым судовым паседжаньні. Паводле заканадаўства Беларусі, грамадзянін, які прыйшоў на судовы працэс, можа папрасіць у судзьдзі дазволіць фатаграфаваць падчас судовага паседжаньня. Але рэалізаваць гэтае права аказалася ня так проста.
Палачанін Віктар, які прыйшоў у суд паслухаць ход судовага паседжаньня, падаў першую заяву аб дазволе фатаграфаваць у канцылярыю суду за паўгадзіны да судовага паседжаньня. Пачаўшы судовы працэс, судзьдзя Ірына Дародка ніяк не адрэагавала на гэтую заяву.
У перапынку судовага паседжаньня сакратарка суду сказала, што гэтую заяву адправілі старшыню суду, і адказ будзе праз 15 дзён. Такая хада падзеяў Віктара не задаволіла. Тут жа, у перапынку, была напісаная другая заява – канкрэтна судзьдзю Дародцы з той жа просьбай: дазволіць фатаграфаваньне.
Судзьдзя, якая прыйшла пасьля перапынку, паглядзеўшы на заяву, спытала ў Віктара: «А хто вы такі?» – На што Віктар адказаў: «У заяве напісана – "грамадзянін Беларусі, які не зьяўляецца ўдзельнікам судовага працэсу"». На што судзьдзя сказала: «...Забярыце гэтую паперку», – просьба грамадзяніна не была разгледжаная.
Пасьля перапынку на абед Віктар падаў у канцылярыю суду трэцюю заяву. Яна была адрасаваная судзьдзю Дародцы і ўтрымлівала тую самую просьбу – са спасылкай на Пастанову Пленуму Вярхоўнага Суду Беларусі ад 20 сьнежні 2013 г. № 11 «Аб забесьпячэньні публічнасьці». У згаданай пастанове сказана, што асобы, якія не зьяўляюцца ўдзельнікамі судовага працэсу, і журналісты зьвяртаюцца да суду з просьбай (заявай) аб дазволе фатаграфаваньня і відэаздымкаў.
Працягнуўшы судовае паседжаньне, судзьдзя заявіла, што «паступіла належным чынам аформленая заява грамадзяніна», але просьбу аб фатаграфаваньні не задаволіла. Хадайніцтва аб фатаграфаваньні і відэаздымцы падавалі і ўдзельнікі судовага працэсу, былыя работнікі крамы, якія зьяўляюцца адказчыкамі па пазове дырэктара, але і іх хадайніцтвы не былі задаволеныя судом. Прадстаўнік дырэктара крамы пярэчыла супраць правядзеньня фатаграфаваньня.
Юрыст Свабоднага прафсаюзу, дапушчаны на гэтым паседжаньні ў судовы працэс для абароны работнікаў, Мікалай Шарах падтрымліваў хадайніцтвы аб фатаграфаваньні і відэаздымках, заявіўшы: «Я лічу, што грамадзкасьць мае права ведаць, як праходзяць судовыя паседжаньні, і як абараняюцца правы рабочых, як адстойваюцца іх інтарэсы ў судзе».
Вось такім чынам у Полацкім судзе забясьпечваецца галоснасьць аб дзейнасьці судоў для распаўсюджваньня дакладнай інфармацыі.
Нягледзячы на забарону суду фатаграфаваць падчас паседжаньня, да пачатку судовага паседжаньня і ў яго перапынках забароны не было, і Віктару ўдалося зрабіць некалькі законных здымкаў у зале суду. Ніхто з прысутных не пярэчыў.
Аляксандар Марозаў