У 2014 годзе сьпіс гарадоў з найбольшымі аб'ёмамі выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфэрнае паветра ад стацыянарных крыніц традыцыйна ўзначаліў Наваполацак (52 тысячы тон). За ім ідуць Менск (23 тысячы тон), Гародня (10 тысяч тон) і Новалукомаль (8 тысяч тон).
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь, аб'ём выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфэрнае паветра ў мінулым годзе ў параўнаньні з 2013 годам павялічыўся на 3,9% і склаў 462,8 тысячы тон.
Павелічэньне выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфэрнае паветра ад стацыянарных крыніц у параўнаньні з ранейшым годам адзначанае ў Берасьцейскай вобласьці (на 32,1%), Гарадзенскай – на 10,5%, Менскай – на 5% і Магілёўскай – на 3,8%.
Наадварот, памяншэньне выкідаў забруджвальных рэчываў у параўнаньні з ранейшым годам зафіксаванае ў Менску (на 6,5%), Віцебскай вобласьці (на 3,1%), Гомельскай вобласьці (на 1%).
Найбольшая ўдзельная вага выкідаў забруджвальных рэчываў ад стацыянарных крыніц у агульным аб'ёме выкідаў па краіне па-ранейшаму прыпадае на арганізацыі Віцебскай і Гомельскай абласьцей – па 22% (адпаведна 103 і 102 тысячы тон), найменшы – на арганізацыі Менску – 5% (23 тысячы тон). Арганізацыі Менскай вобласьці ў агульным аб'ёме выкідаў складаюць 16% (74 тысячы тон), Гарадзенскай – 13% (59 тысяч тон), Берасьцейскай і Магілёўскай вобласьці – па 11% (адпаведна 52 і 50 тысяч тон).
Выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфэрнае паветра ад стацыянарных крыніц па абласьцях і г. Менску (тысяч тон)
ximik.info