Сябра КХП–БНФ Ян Дзяржаўцаў мяркуе, што сьледчыя, якія вядуць справу наконт знойдзеных у лесе пад вёскай Хайсы чалавечых парэшткаў, хочуць схаваць праўду ад грамадзкасьці. Да такой высновы партыйны актывіст прыйшоў пасьля сустрэчы з супрацоўніцай Сьледчага камітэту Зояй Высокіх.
Нагадаем, у лістападзе мінулага году ў Сьледчы камітэт зьвярнуліся сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі – БНФ Ян Дзяржаўцаў, Алег Емяльянаў, Сяргей Каваленка і Пятро Сарапеня. Чальцы апазыцыйнай партыі перакананыя, што у лесе пад Хайсамі ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя забівалі рэпрэсаваных бальшавіцкімі ўладамі грамадзянаў БССР.
Спачатку парэшткі, прывезеныя зь месца злачынства, дасьледаваліся ў абласным цэнтры. Але з-за таго, што мясцовыя экспэрты ня здолелі адказаць на пастаўленыя перад імі Следчым камітэтам пытаньні, часткі чалавечых шкілетаў былі перададзеныя сталічным крыміналістам дзеля далейшага дасьледаваньня.
Пры канцы студзеня Ян Дзяржаўцаў зьвярнуўся ў Віцебскі раённы аддзел Сьледчага камітэту з просьбай азнаёміць яго з вынікамі мэдыка-крыміналістычнай экспэртызы знойдзеных касьцяных рэшткаў. Актывіст мяркуе, што вернутыя ў сельскі савет парэшткі мусяць быць пахаваныя па-хрысьціянску, таму ўжо цяпер клапоціцца пра тое, каб прыняць чынны ўдзел у пахаваньні.
Аднак пасьля заявы следчай маёра юстыцыі Зоі Высокіх пра тое, што Ян Дзяржаўцаў і астатнія заяўнікі быццам бы заяўнікамі не зьяўляюцца, бо яны ўсяго толькі выпадковыя сьведкі, актывіст прыйшоў да высновы, што следзтва наўмысна хоча схаваць праўду пра мінулае ад віцебскай грамадзкасьці. Заява ж пра тое, што СК не зьбіраецца знаёміць грамадзкасьць з вынікамі экспэртызы, змусіла Яна Дзяржаўцава і іншых неабыякавых людзей да больш актыўных дзеяньняў.
Па-першае, вырашана склікаць аргкамітэт па стварэньні грамадзкай ініцыятывы “Хайсы”.
Па-другое, зьвярнуцца да асобных грамадзянаў і цывільных арганізацыяў з просьбай падтрымаць гэтую ініцыятыву.
Па-трэцяе, прапанаваць прадстаўнікам розных рэлігійных канфэсіяў Віцебску правесьці набажэнствы на месцы масавых рэпрэсіяў беларускіх грамадзянаў.
Ужо адбылася сустрэча з прадстаўніком каталіцкай курыі ксяндзом айцом Адамам. Апошні азнаёміўся з усімі матэрыяламі, датычнымі гэтай справы, і паабяцаў на працягу некалькіх дзён даць афіцыйны адказ з нагоды пададзенай Янам Дзяржаўцавым прапановы.
Гэткая ж прапанова была пададзеная і ў канцылярыю Віцебскай епархіяльнай управы праваслаўнай царквы. Паводле словаў Яна Дзяржаўцава, да прапановаў грамадзкасьці ў гістарычным адзьдзеле епархіяльнага ўпраўленьня паставіліся з прыязнасьцю.
У адрасаваных прадстаўнікам рэлігійных канфэсіяў лістах утрымліваюцца наступныя прапановы:
– Зладзіць набажэнствы на месцы расстрэлаў.
– Усталяваць памятныя крыжы.
– Зьвярнуцца да ўладаў з прапановай усталяваць памятны знак у гонар вернікаў, у тым ліку і прадстаўнікоў каталіцкага і праваслаўнага духавенства, якія загінулі пакутніцкай сьмерцю ад сталінскага рэжыму.
Як кажа Ян Дзяржаўцаў, сустрэчы з прадстаўнікамі каталіцкай курыі і праваслаўнай епархіяльнай управы пакінулі ў яго добрыя ўражаньні, адчуваньне ўзаемнага паразуменьня па ўзьнятых пытаньнях і спадзеў на добрае супрацоўніцтва ў гэтай годнай справе. Бо як грамадзкія актывісты, так і прадстаўнікі рэлігійных духоўных установаў добра ўсьведамляюць свой грамадзянскі і душпастырскі абавязак перад мінулымі і будучымі пакаленьнямі беларускіх грамадзянаў.
С. Горкі, dyjalog.info