Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве, разгледзеўшы зварот віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, палічыла немэтазгоднай распрацоўку і зацьвярджэньне пераліку захворваньняў, пры наяўнасьці якіх можа разглядацца пытаньне аб вызваленьні хворых грамадзян ад адміністрацыйнага арышту і замене яго больш мяккімі пакараньнямі.
Яшчэ ў сьнежні 2014 году Леанід Сьвецік зьвярнуўся ў парлямэнт краіны з прапановай, у якім прасіў зьвярнуцца ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з даручэньнем распрацаваць папраўкі ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях (КаАП) з улікам Пераліку захворваньняў Міжнароднай статыстычнай класіфікацыі хваробаў і праблемаў, зьвязаных са здароўем, 10-га перагляду (МКБ-10). Гэтая Міжнародная клясыфікацыя хваробаў, распрацаваная Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя, са студзеня 2007 году зьяўляецца агульнапрынятай клясыфікацыяй для кадаваньня мэдычных дыягназаў.
Віцебскі праваабаронца, зьвяртаючыся ў ПП НС РБ, зыходзіў з таго, што ў дзеючым КаАП адсутнічае канкрэтны пералік захворваньняў, якія перашкаджаюць адбываньню адміністрацыйнага арышту.
Так, у частцы 2 артыкулу 6.7 КабАП не ўтрымліваецца прамога ўказаньня на тое, што асобы з наяўнасьцю шэрагу захворваньняў ня могуць быць арыштаваныя.
Артыкул 8.6 КаАП прадугледжвае вызваленьне ад адміністрацыйнага спагнаньня або замену адміністрацыйнага спагнаньня больш мяккім з прычыны захворваньня. Аднак якія захворваньні і ў якой стадыі – у гэтым артыкуле не ўдакладняецца. Гэтая акалічнасьць дае магчымасьць шырока трактаваць правапрымяняльнікам дыспазыцыю гэтага артыкулу і часьцяком прыводзіць да парушэньня правоў і законных інтарэсаў грамадзян.
Атрымаўшы адказ ад беларускіх парлямэнтароў, Леанід Сьвецік выказаў зьдзіўленьне гэткай негуманнай рэакцыяй на яго прапанову. Паводле словаў праваабаронцы, праблема ўдасканаленьня заканадаўства ёсьць прамая функцыя парлямэнту. Адсутнасьць пераліку захворваньняў, якія перашкаджаюць адбываньню адміністрацыйнага арышту, зьяўляецца прагалам ў заканадаўстве, ускладняе адпраўленьне правасудзьдзя і ўшчамляе правы вялікай катэгорыі грамадзян.
Праваабаронца прывёў прыклад з асуджэньнем да адміністрацыйнага арышту асоб, якія пакутуюць на псыхічныя захворваньні. Паводле статыстычных дадзеных, кажа Леанід, кожны восьмы беларус пакутуе на псіхічныя разладзьдзі і разладзьдзі паводзінаў, якія патрабуюць аказаньня мэдычнай дапамогі. Неадмыслоўцам, якімі зьяўляюцца работнікі міліцыі і судзьдзі, часам складана распазнаць у чалавеку некаторыя захворваньні і разладзьдзі. І гэтая катэгорыя хворых можа быць лёгка асуджаная на адбываньне адміністрацыйнага арышту.
Да іх належаць, напрыклад, хворыя на дэпрэсію, якую цяжка распазнаць нават лекарам-псыхіятрам. У выніку – асуджэньне на адміністрацыйны арышт грамадзян, якія пакутуюць на дэпрэсію, і адбываньне імі арышту ў ізалятары часовага ўтрыманьня – у месцы, якое небясьпечнае для людзей, якія пакутуюць на псыхічныя захворваньні.
Леанід Сьвецік мяркуе, што дэпутатам парлямэнту рана ці позна давядзецца вярнуцца да разгляду пытаньня аб распрацоўцы і зацьвярджэньні пераліку захворваньняў, пры наяўнасьці якіх можа разглядацца пытаньне аб вызваленьні хворых грамадзян ад адміністрацыйнага арышту і замене яго больш мяккімі пакараньнямі. Бо гэтае пытаньне ўжо вырашанае станоўча ў некаторых краінах – чальцах Саюзнай дзяржавы Беларусі і РФ, МС і Эўразійскага эканамічнага саюзу. У той жа Расеі, напрыклад, у сьнежні 2014 году рашэньнем расейскага ўраду зацьверджаны пералік захворваньняў, якія перашкаджаюць адбываньню адміністрацыйнага арышту.