Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызнаў ўладальніка сайту www.gorodvitebsk.by вінаватым у парушэньні аўтарскіх правоў і аштрафаваў яго на 3 750 000 рублёў.
Як паведамляецца ў матывацыйнай частцы рашэньня суду, індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Лапін выкарыстаў фатаграфіі з сайту www.vitebsk.biz, якія належаць іншаму індывідуальнаму прадпрымальніку - Хрысьціне Раманоўскай, замяніў на іх лягатып аднаго сайту іншым і зьмясьціў на сваім партале.
Фотаздымкі былі зробленыя Хрысьцінай Раманоўскай падчас адкрыцьця рэстарану «Васількі» і разьмешчаныя на сайце www.vitebsk.biz на падставе дамовы зь яго ўладальнікам Арцёмам Лабодам.
Вывучыўшы матэрыялы і заслухаўшы прадстаўнікоў бакоў, суд прызнаў Андрэя Лапіна вінаватым у зьдзяйсьненьні правапарушэньня, прадугледжанага артыкулам 9.21 КаАП «Парушэньне аўтарскіх, сумежных і патэнтных правоў», і аштрафаваў прадпрымальніка на 3 750 000 рублёў, пры тым, што санкцыя гэтага артыкулу для індывідуальных прадпрымальнікаў прадугледжвае штраф у памеры ад 20 да 100 базавых велічынь.
Андрэй Лапін палічыў прысуд несправядлівым і абскардзіў яго ў Віцебскім абласным судзе. Аднак судзьдзя Лапшова пасьля разгляду скаргі пакінула рашэньне раённага суду бязь зьмены, а скаргу прадпрымальніка без задавальненьня. Спадар Лапін паведаміў, што зьбіраецца абскардзіць і гэтае рашэньне, цяпер - у Вярхоўным Судзе.
Варта адзначыць, што ўладальнікі двух бізнэс-парталаў сустракаюцца ў судзе ўжо не ўпершыню, прычым сытуацыя ў першы раз была люстраной - летам 2011 году Арцём Лабода быў аштрафаваны на 875 000 рублёў за разьмешчаньне ў інтэрнэце копіі сайту www.gorod.vitebsk.by.
news.vitebsk.cc