Начальнік управы аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Юры Дзеркач публічна абвінаваціў найбольш актыўных прыхільнікаў будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Білева ў тым, што яны нібыта падрываюць дзяржаўны лад. Пра іх жа намесьнік старшыні гарвыканкаму Ўладзімер Шлома выказаўся расейскай прымаўкай: «В семье не без урода».
Адбылося гэта 15 студзеня на сходзе жыхароў мікрараёну, арганізаваным уладамі ў адказ на калектыўны ліст, пад якім стаяла без малога пяць тысяч подпісаў. Усяго ў мікрараёнах Білева-1, Білева-2 і Білева-3 жывуць больш за 20 тысяч чалавек. І ніводнай мэдычнай установы тут няма.
Мікрараёны на ўскраіне Віцебску пад агульнай назвай Білева пачалі будаваць 10 гадоў таму. Сёньня тут каля 23 тысяч жыхароў, адзіная на ўсіх мясцовых дзяцей перапоўненая школа і ніводнай паліклінікі.
Менавіта ў школе № 46 і быў сабраны сход мясцовых жыхароў, якія падпісаліся пад лістом за будоўлю паліклінікі. Ініцыятарамі збору подпісаў былі актывісты стваранай партыі БХД, кажа каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі Тацьцяна Севярынец:
«22 ліпеня мы адправілі калектыўны ліст з 4756 подпісамі ў Міністэрства аховы здароўя і да кіраўніцтва гораду і вобласьці. Потым сабраўся гарадзкі форум „За якасную мэдыцыну ў Віцебску“ — за паляпшэньне якасьці мэдычнага абслугоўваньня, куды ўвайшлі прадстаўнікі і іншых структур. Мы зноў зьбіралі подпісы — па шырэйшым коле праблемаў. І гэты сход — рэакцыя міністэрства».
Сход быў прадстаўнічы, калі меркаваць па колькасьці людзей у прэзыдыюме.Тут былі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, аблвыканкаму, гарвыканкаму, раённай адміністрацыі, дэпутат, прозьвішча якога так і засталося невядомым... У залі было шмат журналістаў, настаўнікаў, якіх «папрасілі» застацца пасьля ўрокаў, і нязначная частка звычайных жыхароў мікрараёну. Нязначная — бо абвестак пра сход у мікрараёне не было, толькі на будынку школы, паводле словаў адміністрацыі, і на асобных дамох. Прычым запрашалі на сустрэчу з дэпутатам, які на сходзе так і ня выступіў.
Рэй вёў начальнік управы аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Юры Дзеркач. Ён распачаў сход на 15 хвілін пазьней за прызначаны час, а потым яшчэ хвілін 40 распавядаў пра дасягненьні мясцовай мэдыцыны. Ягоны расповед суправаджаўся слайдамі з каляровымі малюнкамі і дыяграмамі, а гаварыў чыноўнік пра набыцьцё новага абсталяваньня, рост зарплаты віцебскіх мэдыкаў, 100-адсоткавую забясьпечанасьць кадрамі, зьмяншэньне колькасьці інвалідаў у рэгіёне і нават пра барацьбу з дармаедзтвам.
Толькі напрыканцы прамовы ён дайшоў да прадмету сходу: сказаў, што ў 2015 годзе нарэшце распачнецца будоўля паліклінічнага комплексу для мясцовых жыхароў. Такія абяцаньні ў Віцебску гучалі ўжо шмат гадоў — у тым ліку і ад былога губэрнатара Аляксандра Косінца, нядаўна прызначанага кіраўніком адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта чыноўніку тут жа нагадала спадарыня з залі:
«Напрыканцы 2013 году спадар Косінец урачыста абяцае жыхарам Білева нарэшце пабудаваць паліклініку. Хоць капсулу на месцы будучай будоўлі закапалі яшчэ раней, цяпер ніхто знайсьці ня можа — ня памятаюць дзе... Дык я што хачу сказаць: ня трэба даваць пустых абяцаньняў, ня трэба хлусіць! Я ж вам веру, і дэпутату, якога тут не назвалі, таксама. І вы такім чынам страчваеце давер людзей!»
Пасьля гэтага і распачаўся адкрыты канфлікт. Адказны за стан мэдыцыны ў вобласьці спадар Дзеркач паспрабаваў перацягнуць людзей у залі на свой бок, абвінаваціўшы актывістаў у фальшаваньні подпісаў за будоўлю паліклінікі:
«Я сабраў бы ўсіх, хто падпісаўся, ды спытаў: „Пад чым яны падпісваліся?“ Бо ёсьць рэчы, якія тычацца фальсыфікацыяў. Я ўжо бачу ў залі людзей, якія дзівяцца: „Няўжо мы пад гэтым падпісваліся?“ Гэта ўсё — нападкі на нашу дзяржаву, на дзяржаўны лад. Яны беспадстаўныя, і людзі, якія тут сабраліся, гэта пацьвердзяць»...
Аднак людзі не пацьвердзілі. Бо іх хвалююць не ідэалягічныя фармулёўкі, а цалкам рэальныя рэчы.
«Ад нас раніцай дрэнна ходзіць транспарт. На цягнік да Менску ў 6:30 або на дызэль да Воршы ў 6:40 ніколі ня трапіш, зьвярніце на гэта ўвагу», — папрасіла спадарыня.
Наступны прамоўца сказаў, што гатовы дапамагчы будаваць паліклініку з уласнай пэнсіі:
«А давайце арганізуем продаж імянных цаглін, як на царкву! Вось асабіста я набуду 100 штук. І магу бясплатна здаць кроў. Бо ў нас у Білеве будуюць толькі крамы, розныя „Эўраопты“ ды забаўляльныя цэнтры, а паліклінікі няма!»
Жыхары Білева езьдзяць у паліклінікі іншых раёнаў, таму тыя мэдустановы перапоўненыя.
Мясцовая жыхарка Алена Шабуня зьбірала подпісы за будаўніцтва новага аб’екту. Яе ўразіла рэакцыя намесьніка старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Шломы:
«Ён спачатку казаў, што гэта добра — такія сустрэчы, што патрэбная зваротная сувязь... Але ж яны гаварылі не пра тое, што ў іх пыталіся. А напрыканцы сустрэчы ён заявіў: „Мы ведаем, хто тут ёсьць хто, і, як той казаў, «в семье не без урода“. Значыць, гэта і я такі „ўрод“, і людзі „ўроды“, якія падпісваліся».
Дарэчы, падчас сходу па радох пусьцілі паперчыну, каб усе прысутныя запісалі свае прозьвішчы. Дзеля якой мэты — не патлумачылі.
А што да паліклінікі, то будоўлю паабяцалі распачаць цяпер ужо сёлета. Але ўводзіць яе ў дзеяньне, сказалі, будзе рэнтабэльна толькі тады, калі насельніцтва мікрараёну дасягне 45–50 тысяч чалавек.
Цяпер тут каля 25 тысяч жыхароў. Але гэтага, на думку чыноўнікаў, недастаткова, каб будаваць мэдустанову — трэба, каб колькасьць насельніцтва павялічылася яшчэ ўдвая. У 2009 годзе, калі пабудаваць аб’ект абяцалі ўпершыню, насельнікаў Білева «па галовах» яшчэ не падлічвалі.
Радыё Свабода