Дзейнасьць віцебскіх крамаў гандлёвай сеткі "Родная сторона" адноўленая з 16 студзеня. Гандаль у чатырох з васьмі віцебскіх крамаў "Родная сторона" быў прыпынены 7 студзеня ў выніку пазаплянавай тэматычнай апэратыўнай праверкі. "У гэтых гандлёвых аб'ектах былі выяўленыя істотныя парушэньні ў частцы невыкананьня асартымэнтнага пераліку і рэалізацыі тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасьці", - паведаміла начальніца гандлёвай інспэкцыі па Віцебскай вобласьці Іна Бялько.
"У агульнай складанасьці выяўленыя 52 найменьні пратэрмінаванай кулінарнай прадукцыі, кілбасных і кандытарскіх вырабаў на суму Br8,5 млн. Істотным чыньнікам стала тое, што гэтыя парушэньні былі сыстэматычныя: мы ладзілі дзьве праверкі гэтых гандлёвых аб'ектаў у ліпені і верасьні 2014 году і яшчэ адзін маніторынг - у лістападзе. Чарговая праверка ў студзені паказала, што суб'ект ня выправіўся", - патлумачыла Іна Бялько.
Разам з тым яна падкрэсьліла, што аднаўленьне працы крам кантралюючыя органы самі ўспрымаюць пазытыўна. "Наша мэта - не закрыць аб'ект, а дамагчыся таго, каб ён устараніў хібы, выправіўся і працягнуў працу ў адпаведнасьці з заканадаўствам", - патлумачыла Іна Бялько.
Апроч "Родной стороны", з пачатку бягучага году паводле прадпісаньняў Міністэрства гандлю прыпынілі дзейнасьць з-за выяўленых падчас праверак парушэньняў яшчэ некалькі аб'ектаў Віцебску. З-за адсутнасьці неабходнага асартымэнту тавараў і парушэньня дысцыпліны цэнаў з 10 студзеня прыпыненая праца крамы дзіцячых тавараў "Кенгуру". На наступны дзень аналягічныя захады былі прынятыя ў адносінах да гандлёвага аб'екту сеткі крамаў будматэрыялаў "Ома", дзе раздробныя цэны перавышалі ўзровень 18 сьнежня, што таксама прыраўнавана да парушэньня правілаў гандлю. Цяпер прадпрыемствы працуюць над выпраўленьнем выяўленых хібаў.
Кантроль за выкананьнем заканадаўства ў сфэры гандлю і паслуг на пастаяннай аснове ў кожнай вобласьці ладзяць гандлёвыя інспэкцыі (тэрытарыяльныя аддзелы кантролю ўпраўленьня кантролю спажывецкага рынку), якія падпарадкоўваюцца непасрэдна міністру гандлю. Маніторынг на месцах вядзецца ўпраўленьнем гандлю і паслуг аблвыканкаму, гаррайвыканкамамі. Плянавыя і пазаплянавыя праверкі, маніторынгі і назіраньні цяпер амаль штодня праводзяць у буйных гарадох і з выездамі ў раёны. Пэрыядычна ў кантралюючыя органы паступаюць тэлефанаваньні ад насельніцтва, у асноўным з паведамленьнямі пра павышэньне раздробных коштаў у параўнаньні з 18 сьнежня.
"На сёньняшні дзень сытуацыя з цэнамі на спажывецкім рынку стабільная. За гэтым распараджэньнем пры канцы 2014 году ўстаноўленая пэрсанальная адказнасьць старшыняў гар- і райвыканкамаў, кіраўнікоў абласных структураў і дырэктараў прадпрыемстваў", - дадала начальніца упраўленьня антыманапольнай і цэнавай палітыкі аблвыканкаму Ганна Альшанская. Паводле ейных словаў, фактаў перавышэньня коштаў прадпрыемствамі-вытворцамі Віцебскай вобласьці не зафіксавана. Гэта ж тычыцца і мяса-малочнай прадукцыі, хлебабулачных вырабаў, увезеных зь іншых рэгіёнаў.
БелТА