Ужо ня ведаем, што і рабіць, - уздыхаюць работнікі фэрмы ў вёсцы Лажані, што ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці. Фэрма належыць ААТ «Гарадоцкі райаграпрамснаб» - гэта сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое займаецца вытворчасьцю малака і мяса буйной рагатай жывёлы.
Рабочыя вядуць мяне паўз фэрму. Старыя даільныя апараты і печка на дровах, каб грэць ваду. У «ленпакоі» - невялічкай бытоўцы, дзе пераапранаюцца даяркі, стаіць печка-буржуйка. Нас чакаюць сямёра работнікаў. Усяго тут працуе 11 чалавек.
У вёсцы Лажані нас сустракае вось такі будынак з шыферу.
«Заробак нам давалі часткамі»
- За апошні год у нас зьмянілася чатыры дырэктары. А заробкі толькі падаюць, - наракаюць рабочыя. - За лістапад нам заплацілі менш, чымся за кастрычнік. На рукі мы атрымалі па 1,2 - 1,8 мільёну. Дый тое часткамі далі. 700 тысяч спачатку, а потым астатняе даплацілі.
- А літаральна пасьля Новага году выклікалі ўсіх брыгадзіраў і сказалі, што, маўляў, жыць трэба па сродках. На гэтай сустрэчы ім сказалі, што ў сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам усім работнікам зьнізяць на 50% заробак. Мы самі загад бачылі, - распавядаюць рабочыя. - Гэта значыць, атрымліваецца, што нам налічаць па 900 тысяч ці максымум па мільёне. На рукі тады выйдзе і таго менш.
Будынак фэрмы.
- І як нам цяпер жыць? Мы ж крэдыты ўзялі, каб хоць што-то купіць. Адна камуналка цяпер каштуе ледзь ня ўвесь заробак. Газ жа даражэе. Ды кожны месяц нешта даражэе, - абураюцца даяркі. - Крэдыторы тэлефануюць, пішуць паперы ў суд. І з заробку вылічваюць гэтыя грошы цяпер. А ўсё таму, што нам ня плацяць нармальна.
- А што рабіць мне, калі ў мяне муж таксама тут працуе, вось мы і атрымаем на дваіх 1,8 мільёну, - кажа худзенькая жанчына.
У адлігу тут стаяць лужыны.
- У мяне жонка-інвалід, ды і мне толькі 600 тысяч на лекі трэба, - паўтарае за ёй рабочы Сяргей.
- Ну, а разьлікоўкі вы маеце, пакажыце? - прашу я.
- Ды не, нам іх не далі. Зараз у канторы сьвятло і ацяпленьне адключылі. Ад рукі нам іх выпісвалі раней, а цяпер не, - уздыхаюць рабочыя.
Усяго на фэрме 200 кароў.
«За перанос цэнтнера малака нам плацяць 533 рублі»
Паводле словаў рабочых, найвялікшы заробак даяркі нават летам не дасягаў трох мільёнаў.
А вось тут работнікі пераапранаюцца. Душу на фэрме няма.
- Як насілі мы малако за 533 рублі, так і носім. Ні дэвальвацыя, ні інфляцыя нашых расцэнак не закранулі. І так на ўсіх фэрмах.
За перанос цэнтнэру мукі ў Лажанях плацяць 533 рублі, нягледзячы на дэвальвацыю і інфляцыю
533 рублі плацяць за перанос 100 літраў малака. У дзень зімой на фэрме надоі ў 1,2 тысячы літраў. Іх пераносяць рукамі. Гэта каштуе ўсяго 6400 рублёў. У год жа, нават пры найлепшым раскладзе, калі адна карова дасьць 3000 літраў, за перанос малака ад 200 кароў работнікі фэрмы атрымаюць на ўсіх крыху больш за тры мільёны ў год.
А вось такія расцэнкі на адкорм жывёлы.
- У нас старое абсталяваньне, лядоўня нармалёва не астуджае, летам малако кісьне. І за ўсё гэта таксама здымаюць грошы, - вядуць мяне да лядоўні рабочыя. Ёмістасьць сапраўды разьбітая і старая. Малако астуджае звычайная вадаправодная вада. Улетку яна награваецца і малако астудзіць ня можа.
Гэта лядоўня для малака.
Астуджаюць малако вадой з-пад крана.
- А чаго не звальняецеся? - дзіўлюся я.
- Ды ў нас ужо звольніліся людзі. Раней было амаль 700 чалавек, а цяпер вось 288 чалавек. Ну, нас жытло трымае, а так і мы б звольніліся ўсе, - кажуць на разьвітаньне рабочыя. - Вы ведаеце, вельмі хочацца, каб ваш артыкул трапіў на вочы прэзыдэнту. Ён бы сапраўды парадак навёў.
А гэта печка, на дровах, якой грэюць ваду.
ДАРЭЧЫ
Бухгальтары і аддзел кадраў сядзяць на працы ў куртках і валёнках
У двухпавярховым будынку адміністрацыі ААТ «Гарадоцкі райаграпрамснаб» ідзе рамонт.
У будынку адміністрацыі прадпрыемства ідзе рамонт
Тут усталявалі новыя шклопакеты, пафарбавалі фасад. Але ўнутры вельмі халодна. Прыёмная дырэктара зачыненая, а ўсе работнікі ходзяць па калідорах у куртках і валёнках.
Работнікі адзяваюць ў "канторы" валёнкі.
- А чаго ж так холадна? - курчымся мы.
- Дык адключылі ў нас ацяпленьне, цяжкае матэрыяльнае становішча, - кажуць работнікі, грэючы дыханьнем рукі.
Ацяпленьне адключанае, таму даводзіцца сядзець у куртках.
- А ў нас яшчэ і са сьвятлом перабоі, - кажуць тут. - На ўсёй тэрыторыі яго няма. Ні ў гаражах, нідзе. Толькі нам уключаюць. Але ён то ёсьць, то яго няма. Таму з раніцы мы сядзім дзьве гадзіны ў цемры. Прыходзіцца пры ліхтарыку ад рукі ўсе паперы пісаць.
У габінэтах на тэрмомэтры ўсяго 4 градусы.
Пакуль шукаюць дырэктара, я гляджу на градусьнік, які паказваюць бухгальтары. Слупок тут апусьціўся да 4 градусаў.
АФІЦЫЙНА
«А што мне рабіць, калі на ўсіх у нас 400 мільёнаў»
- Заробак мы зрэзалі не напалову, - кажа дырэктар прадпрыемства Яўген Гаўрыленка. - Мы прынялі рашэньне, што ўсім зьнізім на 25%. Зьнізілі ўсім пароўну. Кіруючаму складу зьнялі надбаўкі і яшчэ 24 адсоткі, як усім.
- І які сярэдні заробак зараз па прадпрыемстве?
- Менш за мінімальны, - уздыхае дырэктар. - Вы зразумейце, я працую тут тры тыдні. У мяне паступленьне грошай толькі ад малаказаводу. Малаказавод даў толькі 400 мільёнаў. Гэта грошы за малако, якое надаілі, калі я яшчэ практычна не працаваў. У мяне 288 чалавек, што б вы зрабілі на маім месцы? У людзей такое паняцьце, што новы кіраўнік прыйшоў і не зьбіраецца плаціць. Але я ж ня ўцёк і ня зьехаў нікуды. Я тлумачу сытуацыю. Я разумею, што гэта вельмі складана растлумачыць, калі такія грошы людзі атрымліваюць, калі зарплата менш за мінімальную. Але хто вінаваты, калі раней 1,5 мільярду на малацэ атрымлівалі, а цяпер 400 мільёнаў. Пакуль разьбіраюся ў сытуацыі. Часу-то зусім у абрэз было. Вы ж разумееце, што мы спрабуем павялічыць надоі і заплаціць людзям грошы. Але пакуль так...
kp.by