Раней такога не было, кажа прыватны прадпрымальнік Уладзімер Рамановіч, які выпускае сшыткі, альбомы для маляваньня і магніты на лядоўні зь беларускамоўнымі надпісамі.
Паводле Ўладзімера Рамановіча, ён замовіў партыю сшыткаў, дзе на вокладках меліся быць згадкі пра Аршанскую бітву і надпіс «Будзь беларусам, будзь пераможцам» з выявай Пагоні:
«Гэта ня першая мая замова ў Віцебскай друкарні. Але сёньня мне патэлефанаваў супрацоўнік і сказаў, што ёсьць праблема са сшыткамі. Я паехаў, каб разабрацца. У габінэце быў і намесьнік дырэктара друкарні — на жаль, я не спытаў ягонага прозьвішча. Размова паміж намі адбылася такая: ён спытаўся, ці ёсьць у мяне дзеці, і сказаў, што ў яго таксама ёсьць. Таму, маўляў, ён ня хоча праблемаў. Бо ў нас саюз з Расеяй, а што такое ВКЛ, ён ня ведае, і ўсё гэта да беларускай гісторыі ня мае дачыненьня. І што ён ня хоча, каб склалася „сытуацыя“ — а якая канкрэтна, не патлумачыў. Сказаў, што раіць мне друкаваць сшыткі ў Смаленску».
Уладзімеру Рамановічу таксама шматзначна сказалі: «Нам тэлефанавалі адтуль». Каб высьветліць, адкуль тэлефанавалі і ці быў які тэлефонны званок наогул, Уладзімер Рамановіч сам пайшоў у ідэалягічны аддзел аблвыканкаму:
«Там зьдзівіліся. Паводле майго ўражаньня, адтуль ніхто ўказаньняў у друкарню не даваў. Аднак сказалі, што ўплываць на кіраўніцтва прадпрыемства ня могуць, што яно само мае права вырашаць, што друкаваць, а што не. Параілі хіба крыху зьмяніць дызайн — можа, нейкі іншы варыянт друкарню і задаволіць».
Прадпрымальнік кажа, што пра зьмену дызайну яшчэ грунтоўна ня думаў. Тое, што здарылася ў друкарні, ён лічыць непаразуменьнем і залішняй перастрахоўкай намесьніка дырэктара ад няведама якой небясьпекі. Інтэрнэт-крама Belarusam.by ужо працяглы час прапануе розныя канцылярскія тавары зь беларускамоўнымі надпісамі і беларускай сымболікай, і дагэтуль нічога падобнага не здаралася. Аднак у Смаленску друкаваць сваю прадукцыю Ўладзімер Рамановіч ня згодны катэгарычна: «Я хачу, каб грошы заставаліся тут, у Беларусі. І гэта мая прынцыповая пазыцыя».
Радыё Свабода