Гарадоцкі актывіст Леанід Аўтухоў параўнаў чыноўніка з «тэрарыстам у Луганску і Данецку». Запіс з такімі словамі ён пакінуў у кнізе скаргаў рэгіянальнага цэнтру занятасьці, абураны паводзінамі кіраўніка ўстановы Пятра Прасолава. Чыноўнік напісаў заяву ў міліцыю.
12 сакавіка ў сябра партыі БНФ Леаніда Аўтухова ўзялі тлумачэньні. Паводле ягоных слоў, справу рыхтуюць для перадачы ў суд.
«Участковы інспэктар Уладзімер Касноў паведаміў мне, што кіраўнік цэнтру занятасьці напісаў скаргу пра абразу. Міліцыя распачала адміністрацыйную справу паводле артыкулу 9.3 «Абраза, сьвядомае прыніжэньне гонару і годнасьці, выказанае ў непрыстойнай форме». Але я не лічу, што тут мела месца нейкая непрыстойнасьць. Кніга скаргаў для таго і існуе, каб вышэйшае начальства рэагавала на тое, што там выкладзена. А я напісаў, што 13 лютага, калі я прыйшоў у цэнтар занятасьці, кіраўнік установы паводзіў сябе груба, «як тэрарысты ў Луганску і Данецку». На мой погляд, мела месца і парушэньне заканадаўства: мяне незаконным чынам зьнялі з уліку па беспрацоўі. Падчас разьбіральніцтва па гэтым пытаньні і здарыўся інцыдэнт. Па гэтых фактах я яшчэ месяц таму падаў скаргу ў пракуратуру», – распавёў Леанід Аўтухоў.
Актывіст не выключае, што пададзеная ў міліцыю скарга за абразу – гэта помста кіраўніка цэнтру занятасьці. Бо пракуратура праводзіць праверку працы ўстановы. Леанід Аўтухоў паведаміў пракурору, што цэнтар занятасьці прапануе беспрацоўным вакансіі, якіх насамрэч не існуе. І таму непасрэдна на прадпрыемствах у працаўладкаваньні або адмаўляюць, або прапануюць іншую працу. Якая, прыкладам, не адпавядае кваліфікацыі, ці працаваць трэба за дужа нізкі заробак.
Спадар Аўтухоў быў вымушаны некалькі разоў адмовіцца ад прапанаванай працы, бо з цэнтру занятасьці яго накіроўвалі на адну пасаду, а на месцы прапанавалі зусім іншую. Пасьля трох такіх няўдалых спробаў з цэнтру занятасьці яму паведамілі, што ён парушыў правілы, і цяпер яго здымаюць з уліку па беспрацоўі. Атрыманае ім пісьмовае папярэджаньне пра зьняцьце з уліку датавалася 23-м студзеня, але ў ім гаварылася, што з уліку Леаніда Аўтухова зьнялі яшчэ 14 студзеня. Каб удакладніць даты, а галоўнае, выказаць сваю нязгоду, 13 лютага ён прыйшоў у цэнтар занятасьці, як рабіў гэта штомесяц.
«Гэты дзень быў прызначаны падчас майго мінулага візыту. Пакуль мы высьвятлялі з супрацоўніцай цэнтру, на якой падставе мяне зьнялі, у нашу размову ўмяшаўся Пётар Прасолаў. Ён паводзіў сябе груба, крычаў, і я вырашыў зрабіць запіс пра гэта ў кнізе скаргаў. Гэта маё законнае права – скардзіцца. І я хацеў, каб на грубыя паводзіны чыноўніка была адпаведная рэакцыя ягонага кіраўніцтва – каб яму патлумачылі, што так рабіць недапушчальна», – гаворыць Леанід Аўтухоў.
Калі суд прызнае параўнаньне з «тэрарыстам у Луганску і Данецку» абразай, Леанід Аўтухоў можа быць аштрафаваны на суму да 20 базавых велічынь.
Праваабарончы цэнтар «Вясна»