Кіраўніцтва папраўчай калёніі «Віцьба-3» выказала пагрозу перавесьці палітвязьня на камэрнае ўтрыманьне. «На канец верасьня было заплянаванае нашае спатканьне з сынам, аднак за пару дзён нам патэлефанавалі з адміністрацыі «Віцьбы-3» і паведамілі, што спатканьне пераносіцца на нявызначаны тэрмін, паколькі Ігара за дысцыплінарнае парушэньне пакаралі дзесяцьцю днямі штрафнога ізалятару, - сказала маці Ігара Валянціна. - Празь дзесяць дзён мы даведаліся, што за першым ШІЗА быў і другі, а за другім – трэці».
Што павінен быў такога злоснага ўчыніць палітвязень, каб на яго навесілі падобныя спагнаньні? Бацькі Ігара Аліневіча, не адкладаючы, пастанавілі даведацца пра гэта непасрэдна ў турэмнага кіраўніцтва. Як высьветлілася, палітвязень адмовіўся чысьціць прыбіральні, бо тады атрымаў бы ніжэйшы турэмны статус. Праз 10 дзён - паўторны загад. І зноў адміністрацыя пачула ад Аліневіча адмову.
«Трэцяе спагнаньне было за тое, што канваіры нібыта чулі, што палітвязень, які ўсе гэтыя 30 дзён сядзіць у адзіночцы, нібыта размаўляў зь сядзельцам ў суседняй камэры... Аднак з такім жа посьпехам наш сын, - кажа Валянціна Аліневіч, - мог чытаць ўслых якіясь вершы, якіх ён ведае шмат. Што яшчэ рабіць у ШІЗА, дзе чалавеку не дазволена ні пісаць, ні чытаць?».
Кіраўніцтва калёніі таксама паведаміла бацьку Ігара Аліневіча, што наступнай штрафной санкцыяй у выпадку непадпарадкаваньня зьняволенага можа быць ізаляцыя ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу), а потым - перавод асуджанага ў так званую «крытую» турму.
Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які ў свой час як злосны парушальнік турэмнага парадку быў пераведзены з Івацэвіцкай калёніі ў Гарадзенскую «крытую» турму, пракамэнтаваў сытуацыю наступным чынам: «Хутчэй за ўсё, выглядае так, што ёсьць указаньне зрабіць з Аліневіча злоснага парушальніка і асудзіць яго паводле 411 артыкулу з утрыманьнем на больш цьвёрдым, чымся ў калёніі, турэмным рэжыме».
charter97.org