Наваполацкі суд 28 жніўня вынес рашэньне аштрафаваць грамадзянскага актывіста Яўгена Парчынскага. Памер штрафу склаў 7,5 мільёна рублёў. Суд прызнаў актывіста вінаватым у дапамозе работнікам заводу «Палімір» у атрыманьні фальшывых позваў у міліцыю, якія мусілі апраўдаць факт іх адсутнасьці на працы. Пракуратура спрабавала прыпісаць актывісту яшчэ шэраг парушэньняў закону, такіх як махлярства і падбухторваньне да дачы хабару, але ў судзе такія дзеяньні не знайшлі пацьверджаньня.
Крымінальную справу на Яўгена Парчынскага завялі ў Наваполацку яшчэ ў 2009 годзе, калі ён актыўна ўдзельнічаў у працы няўрадавых арганізацыяў. Пасьля актывіст займаўся перадвыбарнай агітацыяй за кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах 2010 году. Яўген пастаянна аказваў дапамогу людзям, якія трапілі ў цяжкія, а часам крытычныя сытуацыі.
Пракуратура Наваполацку ўвесь гэты час пастаянна спрабавала сабраць матэрыялы для крымінальнага перасьледу актывіста. Апошні раз міліцыя затрымала Яўгена Парчынскага напярэдадні апошніх паседжаньняў суду, адразу пасьля працы. У кайданках актывіста даставілі ў аддзяленьне міліцыі і, пратрымаўшы тры гадзіны, адпусьцілі без прад'яўленьня абвінавачваньняў.
Пракурор у судзе настойваў на пазбаўленьні волі абвінавачанага тэрмінам да трох гадоў з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады. Відавочна, каб трымаць актыўнага грамадзяніна на «кручку» і каб была магчымасьць за малейшае правапарушэньне адправіць яго ў калёнію. Магчыма, суд вырашыў, што гораду не патрэбны ганебны факт «мясцовага палітвязьня», таму абышлося без арышту.
Яўген Парчынскі раней працаваў журналістам у наваполацкай газеце «Хімік», быў галоўным рэдактарам. У сувязі са сваёй журналісцкай дзейнасьцю мае вялікае кола сяброў і знаёмых у Полацкім рэгіёне. На судовых паседжаньнях падчас разгляду яго справы ўвесь час прысутнічалі знаёмыя і сябры Яўгена з грамадзкіх арганізацыяў Полацкага рэгіёну і Віцебскай вобласьці. Актывіст ўсім ім выказаў словы падзякі за падтрымку ў гэты няпросты для яго пэрыяд часу.