Касацыйная скарга віцебскага лекара Ігара Пастнова наконт накіраваньня яго на прымусовае лячэньне ў абласны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі пакінутая без задавальненьня, паведаміў мясцовы праваабаронца Леанід Сьвецік. Скарга была разгледжаная 12 верасьня Віцебскім абласным судом у закрытым рэжыме. Пастноў прасіў адмяніць рашэньне суду Віцебскага раёну і запрасіць яго на разгляд уласнай скаргі. Абедзьве просьбы задаволеныя не былі.
Паводле інфармацыі Сьвеціка, у чацьвер увечары прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партыяў і грамадзяне, якія добра ведаюць Пастнова, сабраліся для выпрацоўкі далейшых крокаў па абароне лекара. «Кожны выказаў свой пункт гледжаньня. Дамовіліся аб каардынацыі дзеяньняў і сышліся ў меркаваньні, што накіраваньне Пастнова ў псыхіятрычную лякарню - гэта тэст уладаў для грамадзкасьці наконт гэткага спосабу пакараньня актывістаў. Пасьля Пастнова можа адбыцца што заўгодна», - сказаў праваабаронца.
Naviny.by