Віцебскі гарадзкі выканаўчай камітэт адмовіў групе грамадзян у рэгістрацыі Віцебскага гарадзкога Камітэту грамадзкага самакіраваньня. Прычына адмовы – невыкананьне заяўнікамі патрабаваньняў дзейнага заканадаўства.
У сярэдзіне лістапада група грамадзян правяла сход, на якім быў створаны орган тэрытарыяльнага самакіраваньня – Віцебскі гарадзкі Камітэт грамадзкага самакіраваньня. Праз працу Камітэту месьцічы хацелі дапамагаць жыхарам гораду і мясцовым уладам у вырашэньні мясцовых праблем.
Аднак Віцебскі гарвыканкам палічыў, што мясцовы сход быў праведзены з парушэньнем. Бо ён можа быць скліканы толькі мясцовымі Саветамі і распарадчымі органамі ўлады.
Таксама мясцовыя сходы могуць склікацца з ініцыятывы ня менш як 10 адсоткаў грамадзян, якія пражываюць у мясцовасьці. Што да Віцебску, гэтае патрабаваньне практычна невыканальнае – сабраць у адным месцы 10 адсоткаў віцебчукоў немагчыма, бо гэта каля 30 тысяч чалавек!
Адзін зь сябраў Камітэту Леанід Сьвецік шкадуе, што ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з актыўнымі гараджанамі: «Калі ў горадзе бушуе эканамічны крызыс, калі мясцовымі ўладамі неабгрунтавана павялічваюцца падаткі для грамадзян і бізнэсу, калі расьце беспрацоўе і павышаюцца цэны на самае неабходнае – уладарнай эліце час не адасабляцца ад народу, а сьмялей ісьці на супрацу зь яе актыўнымі прадстаўнікамі».
«Усім ужо відавочна, што цяперашні крызыс будзе зацяжным, і толькі супольнымі намаганьнямі ўлады і грамадзян можна будзе зьмякчыць наступствы крызысу, выйсьці зь яго зь мінімальнымі стратамі», – падкрэсьлівае Леанід.
Сябры Камітэту мяркуюць, што гэты орган вельмі патрэбны гораду. Таму найбліжэйшым часам плянуецца зьвярнуцца да ўладаў з прапановай, каб тыя самі правялі агульнагарадзкі сход для стварэньня Віцебскага гарадзкога Камітэту грамадзкага самакіраваньня.
Лявон Яфрэменка