Пікеты «За сумленныя выбары, супраць фальсыфікацыяў» меркавалася зладзіць 5 лістапада ў трох розных месцах Віцебску. Аднак раённыя адміністрацыі гораду адмовілі заяўнікам ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў дазволах на правядзеньне імпрэзаў.
Дзьве заявы падаваліся ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну і адна ў адміністрацыю Першамайскага. Для правядзеньня сваіх пікетаў сябры АГП заявілі людныя месцы, дзе падчас сёлетняй выбарчай кампаніі ладзіліся мерапрыемствы ў межах выбарчага заканадаўства: на плошчы перад будынкам Чыгуначнага вакзалу, на ходніках ля «Марко-Сіці» і на пляцоўцы перад Цэнтральным унівэрмагам.
Пікеты мусілі прыцягнуць увагу грамадзян да праблем адсутнасьці ў Беларусі сумленных, вольных выбараў ды фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня.
Як і прагназавалася, чыноўнікі чарговым разам спаслаліся на рашэньне Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 10 ліпеня 2009 году №881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску», і адмовілі ў правядзеньне заяўленых пікетаў. Адмовы абгрунтоўваюцца тым, што пазначаныя ў заявах месцы не ўваходзяць ў пералік вызначаных гарвыканкамам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Амаль дзесяць гадоў прадстаўнікі апазыцыйных партыяў зь Віцебску ня маюць магчымасьці скарыстацца са свайго канстытуцыйнага права на арганізацыю і правядзеньне пікетаў, мітынгаў і шэсьцяў. Рашэньне №881 стала для гарадзкіх ўладаў найлягчэйшым сродкам адмовы мясцовым дэмакратам у іх памкненьнях да рэалізацыі правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй.
Сваім рашэньнем гарадзкія ўлады зноў пацьвердзілі, што пэрыяды частковага палітычнага лібэралізму абмяжоўваюцца ў Віцебску, як, зрэшты, і ва ўсёй краіне, выключна часам выбарчых кампаніяў.
С. Горкі