У Віцебску 27 кастрычніка прайшла абласная канфэрэнцыя аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. У ёй удзельнічала больш за 30 чалавек з 12 раённых структур БХД Віцебскай вобласьці, а таксама кіраўніцтва аргкамітэту.
Падчас канфэрэнцыі была дадзеная адзнака дзейнасьці сяброў аргкамітэту падчас кампаніі байкоту, прааналізаваныя плюсы і мінусы іх дзеяньняў, абмеркаваны далейшы плян дзейнасьці віцебскіх актывістаў, у тым ліку ў межах кампаніяў “Моцная сям’я – моцная Беларусь” і “Рада народных дэпутатаў”.
Напрыканцы канфэрэнцыі ў сувязі з узмацьненьнем рэпрэсіяў супраць актывістаў БХД з боку ўладаў за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі (у прыватнасьці, пастаноўка на ўлік у КДБ Алега Аксёнава) быў праведзены ўстаноўчы сход грамадзкай арганізацыі “Хрысьціянскія дэмакраты Віцебшчыны”. На сходзе былі зацьверджаныя ўсе неабходныя дакумэнты, якія на працягу месяцу будуць пададзеныя для рэгістрацыі арганізацыі. Такія сходы плянуецца ладзіць і ў іншых рэгіёнах Беларусі для як мага больш шырокай абароны сяброў БХД.
Прэсавая служба БХД