У межах «Славянскага базару» у горадзе над Дзьвіной прайшоў міжнародны Беларуска-Славацкі прадпрымальніцкі форум «Інавацыі – шлях да пасьпяховай інтэграцыі», арганізаваны Віцебскім аблвыканкамам, амбасадай Славацкай Рэспублікі ў Беларусі і абласным цэнтрам маркетынгу.
У ліку удзельнікаў бізнэс-форуму былі і прадпрыемствы Віцебскага раёну: ААТ «БелВітуніфарм», «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», «Рудакова», а таксама прадстаўнікі паселішча Звон-Гара Задуброўскага сельсавета.
Асноўная мэта форуму – адкрыты дыялёг прадстаўнікоў рэспубліканскай і рэгіянальнай улады, славацкага бізнэсу, міжнародных арганізацыяў і фінансавых структур па пытаньнях узаемавыгаднага супрацоўніцтва, прэзэнтацыя інавацыйных праектаў, павышэньне сацыяльнай значнасьці прадпрымальніцкай ініцыятывы. У межах насычанай 3-дзённай праграмы прайшлі сэмінары, «круглыя сталы», кантактна-кааперацыйныя біржы, выставы, было арганізаванае наведваньне шэрагу прадпрыемстваў Прыдзьвінскага рэгіёну.
Адкрываючы форум, старшыня Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў зьвярнуўся да яго ўдзельнікаў як да партнэраў, адзначыўшы, што гэтай сустрэчай дадзены старт мерапрыемствам дзелавога і культурнага характару. «У нас няма закрытых тэм для абмеркаваньня. Мы гатовыя працаваць разам з вамі як у галінах, якія ўжо атрымалі дастатковае разьвіцьцё на тэрыторыі вобласьці, у прыватнасьці, вытворчасьці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, будіндустрыі, нафтахіміі, гэтак і ў новых сфэрах, якія актыўна разьвіваюцца. Вядзецца пра перапрацоўку адкідаў, атрыманьне альтэрнатыўнай энэргіі, біятэхналёгіі», – падкрэсьліў Уладзімер Уладзімеравіч. Ён адзначыў, што для працы па інавацыйных праектах створаная сыстэма дзяржаўнай падтрымкі інвэстараў і выказаў надзею, што форум стане добрай пляцоўкай для азнаямленьня з прадпрыемствамі рэгіёну, абмену досьведам і абмеркаваньня варыянтаў узаемадзеяньня.
Дырэктар Дэпартамэнту па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь Пётар Арушаньянц у інтэрвію журналістам падкрэсьліў, што сёньня эканамічная інтэграцыя глыбока пранікае ў бізнэс. І гэта характэрна ня толькі на ўзроўні краін, але і рэгіёнаў. А гэткія форумы спрыяюць збліжэньню эканомік на ўзроўні канкрэтных прадпрыемстваў і павелічэньню цікавасьці ў міжнародных партнэраў.
У форуме ўзялі ўдзел больш за 40 прадстаўнікоў славацкага бізнэсу. Асноўныя напрамкі іх дзейнасьці – энэргетыка, дрэваапрацоўка, фармацэўтыка, сельская гаспадарка, будаўніцтва, г.зн. тыя сфэры, якія цікавыя для Віцебскай вобласьці. Паводле слоў ганаровага консула Славацкай Рэспублікі Аляксея Сычова, шэраг пытаньняў супрацоўніцтва ўжо знаходзіцца ў стадыі эканамічнай прапрацоўкі, і гэты форум павінен паспрыяць у прыняцьці канкрэтных рашэньняў.
«Віцебскі рэгіён, акрамя таго, што зацікаўлены ў інвэстыцыях, ляяльны да інвэстараў і прапануе славацкім бізнэсоўцам аптымальныя ўмовы», – адзначыў ганаровы консул і зьвярнуў увагу на той факт, што Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Славацкай Рэспублікі спадар Ёзэф Мігаш зусім нядаўна ў Беларусі, але ўжо ў 5-ы раз прыехаў у Віцебскую вобласьць. Бываючы ў рэгіёнах, ён зрабіў выснову, што тут дастаткова цікавыя праекты для ўкладаньня інвэстыцыяў.
Сам жа амбасадар прызнаўся, што днямі пабываў у Лепельскім раёне і пераканаўся ў магчымасьці стварэньня там пэрспэктыўнага сельгаспрадпрыемства па вытворчасьці мармуровага мяса. Праўда, для рэалізацыі праекту неабходная будзе вялікая праца па набыцьці пародзістых жывёл, сэртыфікацыі. Трэба праект дарабіць да рэальнага бізнэс-пляну, усё дэталёва пралічыць – менавіта на гэтым засяродзіў увагу Ёзэф Мігаш. «Нашу славянскую душу трэба дапоўніць нармальным заходнім прагматызмам, і тады будзе посьпех», – падкрэсьліў ён.
На першым міжнародным форуме гучалі агульныя тэмы супрацоўніцтва: энэргетыка, дрэва- і металаапрацоўка, вытворчасьць мэблі і г.д., нагадаў намесьнік старшыні камітэту эканомікі Віцебскага аблвыканкаму Канстантын Чорны. Цяпер кожнага патэнцыйнага славацкага інвэстара мы гатовыя прывесьці на канкрэтнае прадпрыемства, дзе ўсё расказаць і паказаць. «У славацкага боку засталася зацікаўленасьць удзельнічаць у перапрацоўцы адкідаў, і такі праект у мы маем, а яны маюць кампанію, – паведаміў Канастантын Эдуардавіч. – Мы хочам таксама прадставіць славакам поўную канцэпцыю будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС, магчыма, яна падасца ім прывабнай. Ёсьць агульныя падыходы ў сфэры прыдарожнага сэрвісу і турызму, у чым дастаткова моцны славацкі бок. Цікавая тэма для абмеркаваньня – дрэваапрацоўка. Мы можам паказаць магчымасьць вытворчасьці дрэваапрацоўчай прадукцыі на тэрыторыі Славаччыны і хочам даведацца, што нашы партнэры могуць дадаць для таго, каб атрымаўся сумесны прадукт, зь якім можна выходзіць на рынкі Эўразьвязу».
Свае інвэстыцыйныя праекты прадставіў на форуме Віцебскі раён: будаўніцтва заводу па здабычы і разьліве мінэральнай вады на тэрыторыі ААТ «Рудакова», стварэньне фармацэўтычнай вытворчасьці (ААТ «БелВітуніфарм»), разьвіцьцё інфраструктуры на базе аэрапорту г. Віцебску, будаўніцтва біягазавай устаноўкі ў ААТ «Ліпаўцы», а, акрамя гэтага – зямельныя ўчасткі для стварэньня прадпрыемстваў сельгаспрызначэньня і прыдарожнага сэрвісу, турыстычнай інфраструктуры. Аддзел эканомікі райвыканкаму ўдзячны Віцебскаму канструктарскаму бюро «Дысплей» за прадстаўлены інтэрактыўны пляншэт, які дазволіў дэталёва паказаць прывабнасьць нашых прапаноў патэнцыйным інвэстарам. Сваю прадукцыю выставілі на дэгустацыю ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» і «Рудакова», на азнаямленьне з асноўным пералікам запатрабаваных вэтпрэпаратаў – ААТ «БелВітуніфарм».
Сёлета да «Славянскага базару ў Віцебску» былі прымеркаваныя Дні Славаччыны. Госьці фэстывалю мастацтваў змаглі бліжэй пазнаёміцца з культурнымі традыцыямі гэтай краіны. У кінатэатры «Мір» адбылася творчая вечарына славацкіх фільмаў, у мастацкім музэі – выстава Зузаны Рудаўскай, а на падворку «Славацкая двор» можна было прадэгуставаць стравы нацыянальнай кухні.
Ніна Сталярэнка, pridvinje.by