Пры пэўных абставінах маглі б і з танкамі – пашумець шумілінцы любяць. Балазе памеры плошчы перад будынкам раённай адміністрацыі дазваляюць экспэрымэнтаваць з парадамі на любыя густы. 3 ліпеня асабліва не экспэрымэнтавалі – абмежаваліся сьвяточным шэсьцем пад назовам «О, Радзіма, табою напоўнена сэрца да краю!..»
Праграма мерапрыемстваў, заплянаваных на гэты дзень, зашкальвала сваёй насычанасьцю. Акрамя мітынгу ды шэсьця – выставы, праекты, конкурсы, атракцыёны, спаборніцтвы, аглядныя палёты на гелікоптэры, турніры, канцэрт, дыскатэка ды абяцаны салют увечары.
Сьвяточны дзень распачаўся тэатралізаваным мітынгам на брацкіх могілках. Прафэсійныя вядоўцы, аркестар, запрошаныя, выступоўцы, вайскоўцы з аўтаматамі – усё як мае быць. Выступ старшыні раённага савету дэпутатаў Ірыны Новікавай быў даволі патасным і не выходзіў за межы звыклых савецкіх штампаў. Лейтматыў прамовы спадарыні Новікавай: «Будзем у поўнай меры несьці адказнасьць за будучыню раёну і краіны ў цэлым – і ўсё будзе добра».
Яна падкрэсьліла важнасьць захаваньня памяці пра тых, хто ваяваў і аднаўляў гаспадарку пасьля вайны, і заклікала сёньняшняе пакаленьне захаваць заваяваны папярэднікамі мір ды перадаць праўду пра вайну моладзі. Заявіла, што незалежнасьць Беларусі сталася вынікам іхнай перамогі і напружанай працы. Згадала і «ўсенароднаабранага», і «пяты ўсебеларускі сход», і прапісныя ісьціны, на ім агучаныя: «усё залежыць ад нас», «мэтанакіраванасьць народу здольная тварыць цуды».
Пакуль праходзіла гэтая афіцыйная частка мерапрыемства на мэмарыяльных могілках, народ бавіў час у розных месцах парку: хаваўся ад ліпеньскай сьпёкі пад шатамі ліпаў і ў ценю пяціпавярховіка на супрацьлеглым ад парку баку вуліцы Кароткіна, бадзяўся па «горадзе майстроў». Кожнага прывяла сюды свая асобная мэта ці інтарэс: хтосьці чакаў свайго зорнага часу, каб прайсьціся ў сьвяточнай калёне, хтосьці, наадварот, прыйшоў паназіраць за сваім знаёмым, любімым дзіцем ці па новыя эмоцыі.
Пасьля таго, як кіраўніцтва раёну заняло сваё месца ў людзкім натоўпе, насупраць помніка Леніну, на плошчу выйшлі апранутыя ў белыя строі барабаншчыцы – і шэсьце пачалося. Зь песьнямі, са скокамі альбо бязь іх шпацыравалі перад мясцовым жыхарствам прадстаўнікі прадпрыемстваў раёну, народныя калектывы, спартоўцы, выпускнікі-выдатнікі, маладыя сем'і зь дзецьмі... Праехалі перад людзьмі і навюткія камбайны ды трактары беларускай вытворчасьці. Гелікоптэр, які зьнянацку зьявіўся ў небе і адцягнуў на хвілінку ўвагу прысутных, зрабіўшы круг, прызямліўся на раённым стадыёне.
Як звычайна, уразілі дзеці. Уразілі сваёй таленавітасьцю, здольнасьцямі, запалам, азартам. Але ня трэба сябе цешыць ілюзіямі, хутка ад іхных талентаў мала што застанецца. Перакруцяць іх на свой капыл тутэйшыя ідэолягі альбо напоўніцу скарыстаецца зь іх суседняя дзяржава, куды зухаватыя шумілінцы зазвычай едуць па вышэйшыя заробкі ды больш заможнае жыцьцё.
Але пакуль рухаліся ў гэтым тэатралізаваным шэсьці мясцовыя людзі, не пакідала мяне прыкрае адчуваньне – усё гэта ўжо было, але было куды як прасьцей... Толькі Ленін тады быў бэтонны, а не мэталёвы, і ў гэткай калёне ішоў тады я, а ня сёньняшнія маладзёны. Праўда, кіраўніцтва раёну стаяла тады да правадыра ўсіх галадранцаў ня тварам, а задніцай.
С. Горкі