Прапанову пра перанос сталіцы ў Полацак кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы абгрунтавала ў лісьце, накіраваным у сакавіку ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
У першы раз з падобнай ініцыятывай ТБМ зьвярнулася да ўладаў яшчэ ў лютым. З Мін'юсту прыйшоў адказ, асноўны зьмест якога зводзіцца да таго, што закон не прадугледжвае працэдуры пераносу сталіцы Рэспублікі Беларусь. У лісьце Мін'юсту адзначана, што “любыя спробы пераносу сталіцы ў іншы населены пункт павінны разглядацца як падзея, матываваная вострай неабходнасьцю або іншымі значнымі прычынамі”. Таксама зьвернутая ўвага на тое, што горад Менск зьяўляецца сталіцай Рэспублікі Беларусь паводле Канстытуцыі, унесьці зьмены ў якую магчыма толькі праз рэфэрэндум.
Паводле ліста Мін'юсту, вырашэньню пытаньня колькасьці насельніцтва Менску дапаможа разьвіцьцё гарадоў-спадарожнікаў. Населеныя пункты, разьмешчаныя на адлегласьці ня болей за 60 кілямэтраў ад Менску, якія ў адпаведнасьці з заканадаўствам атрымаюць статус гораду-спадарожніка, будуць уключаныя ў адзіную зь Менскам сацыяльную, вытворчую і транспартную інфраструктуру. У такіх населеных пунктах будзе весьціся будаўніцтва жытла для тых, хто знаходзіцца на ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў у горадзе Менску. Транспартныя зносіны будуць забясьпечаныя гарадзкім транспартам Менску. Акрамя таго, з мэтай аптымізацыі колькасьці насельніцтва гораду Менску прадугледжаны вынас (перанос) некаторых вытворчых аб’ектаў са сталіцы ў іншыя населеныя пункты краіны. Плянуецца, што да 2030 году будзе дасягнуты прагнозна-мэтавы паказчык па колькасьці насельніцтва Менску на ўзроўні ня больш за 2 мільёны жыхароў.
На ліст, атрыманы зь Міністэрства юстыцыі, ТБМ даслала адказ, у якім абгрунтавала мэтазгоднасьць пераносу сталіцы ў Полацак.
У лісьце ТБМ адзначана, што гісторыя ведае выпадкі пераносу сталіцы ў іншы горад: напрыклад, у ХХ ст. сталіца была перанесеная ў Расеі, Летуве, Нямеччыне, на мяжы ХХ-ХХІ стст. – у Казахстане.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў, імем якога падпісаны ліст у Мін'юст, заўважае, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь ужо два разы зьмянялася праз рэфэрэндум, таму лягічна разгледзець магчымасьць чарговай зьмены Канстытуцыі, пры якой можна падняць пытаньне і аб пераносе сталіцы ў Полацак.
На думку Алега Трусава, горад Менск стаў сталіцай Беларусі выпадкова, “дзякуючы таму, што ў Першую сусьветную вайну ён стаў у 1915 г. вялікім прыфрантавым губэрнскім горадам”. Алег Трусаў зьвяртае ўвагу і на тое, што дагэтуль застаецца спрэчнай назва сучаснай сталіцы Беларусі, і прапануе вынесьці на рэфэрэндум пытаньне аб вяртаньні гораду першапачатковай назвы Менск (ад рэчкі Менка) замест назвы Мінск, якая ўзьнікла пад уплывам польскай мовы.
У лісьце ТБМ у Мін'юст выказваецца сумнеў адносна прагнозна-мэтавага паказчыка колькасьці насельніцтва Менску ў 2030 годзе, бо калі Менск застанецца сталіцай, то колькасьць яго насельніцтва складзе 2 мільёны жыхароў ужо ў 2020 годзе ці нават раней. Таму замест будаўніцтва гарадоў-спадарожнікаў Менску мэтазгодна накіраваць сродкі ў Полацак.
Таварыства беларускай мовы прапануе праграму пераносу беларускай сталіцы ў Полацак, якая складаецца з наступных этапаў:
1) Вяртаньне Полацку статусу гораду абласнога падпарадкаваньня.
2) Будаўніцтва новага гарадзкога цэнтру паміж Наваполацкам і Полацкам у сучасным архітэктурным стылі. Такім чынам, новы сталічны гарадзкі цэнтар аб’яднае Наваполацак і Полацак у адзіны сталічны горад, які будзе мець у пэрспэктыве ня больш за 500 тысяч насельніцтва.
3) Будаўніцтва сучаснага рачнога порту на беразе Дзьвіны.
4) Будаўніцтва новай сучаснай аўтамагістралі Менск-Полацак і Смалявічы (аэрапорт-2) – Полацак.
5) Наданьне былой сталіцы Менску статусу гораду рэспубліканскага падпарадкаваньня ў межах Менскага раёну.
Перанос сталіцы ў Полацак, на думку кіраўніцтва ТБМ, можна сумясьціць з адміністрацыйнай рэформай, якая будзе прадугледжваць замену абласьцей і раёнаў на 25-30 акругаў (як гэта было да 1938 году) ці паветаў.
Алег Трусаў просіць Мін'юст давесьці гэтае меркаваньне да ведама Савета Міністраў Беларусі.