Палітвязень Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію Леха Валэнсы. “Польскім Нобэлем” яго ўганаравалі за ўнёсак у абарону правоў чалавека. Прэмію з рук яе заснавальніка атрымала ў Гданьску жонка Бяляцкага Натальля Пінчук.
На ўрачыстай цырымоніі Лех Валэнса казаў пра Алеся Бяляцкага як чалавека, які “заразіў” сваіх суайчыньнікаў мараю аб свабодзе:
“Дзеяньні, якія маюць выклікаць прызнаньне і захапленьне, не заўсёды цэняцца. За адвагу можна быць асуджаным, за клопат аб іншых – з часам заплаціць высокую цану. За ахвярнасьць, якая дае надзею і веру ў лепшае заўтра, можна быць перасьледваным.
Аднак ёсьць нямала людзей, якія насуперак усяму надалей вераць у тое, што можна жыць у вольным і дэмакратычным грамадзтве нават там, дзе няма рэальнай дэмакратыі. Такая пазыцыя заслугоўвае павагі. Цяжка не казаць пра некага, хто мае ў сабе сілу і рашучасьць дзейнічаць, каб свабода слова была найвышэйшай вартасьцю. Таму сёлета журы заснаванай мною ў 2008 годзе прэміі прысудзіла яе нашаму сябру зь Беларусі, які “заразіў” сваіх суайчыньнікаў мараю аб свабодзе… Хто, як ня ён, заслугоўвае прэміі?”
“Чалавек, які, з аднаго боку, застаецца сымбалем нязломнага, пасьлядоўнага і адважнага імкненьня да свабоды і павагі да правоў чалавека, а з другога боку — сымбалічным прадстаўніком усіх тых, хто вызнае ўнівэрсальныя каштоўнасьці дэмакратычнага сьвету. Я маю гонар прысудзіць гэтую прэмію таму, хто ў часы, калі адвага і гонар выстаўляюцца на выпрабаваньне, здольны ня толькі змагацца за ідэалы, несьці за гэта адказнасьць, і нягледзячы на гэта, нягледзячы на турэмныя краты, надалей дзейнічаць”, – зазначыў Валэнса.
Цяжка не казаць пра некага, хто мае ў сабе сілу і рашучасьць дзейнічаць, каб свабода слова была найвышэйшай вартасьцю...
“Толькі дзякуючы такім людзям усе тыя, хто марыць пра дэмакратыю, могуць высока ўзьняць галаву і ўголас выказаць сваё меркаваньне. Я перакананы, што дзейнасьць сёлетняга ляўрэата Прэміі Леха Валэнсы надасьць натхненьне для перайманьня іншымі, хто, гэтак як і ён, марыць пра жыцьцё ў свабодным, справядлівым і дэмакратычным грамадзтве, у якім на першым месцы знаходзяцца правы чалавека і клопат аб іх захаваньні…
Прысуджаючы яе, мы хочам таксама хоць бы сымбалічна выбачыцца за ўчыненую крыўду. Жадаючы падтрымаць фікцыю таго, што Беларусь сёньня – дэмакратычная дзяржава, мы на розных узроўнях супрацоўнічаем зь ёй і абменьваемся інфармацыяй. Аднак апошнія парлямэнцкія выбары відавочна паказалі, што дэмакратыя, правілы якой пішуцца ў Менску – гэта ня тое, што прызнае свабодны сьвет.
Сёньня мы мусім дзейнічаць больш эфэктыўна, каб тая фікцыя была названая сапраўдным імем і каб умацаваць беларускую грамадзянскую супольнасьць, якая жадае супрацьстаяць рэжыму. Мы ўжо ніколі ня можам дапусьціць, каб бюракратыя ці пракуратура свабоднай дзяржавы бяздумна перадавала інфармацыю Беларусі. Сёньня ўжо ясна відаць — наш сусед не належыць да групы дзяржаваў, якія мы можам назваць прававымі і дэмакратычнымі”, – цытуе прамову Леха Валэнсы Радыё Свабода.
Папярэднім лаўрэатам прэміі Леха Валэнсы быў экс-прэзідэнт Бразіліі Лула да Сільва. Узнагарода была заснаваная ў 2008 годзе былым прэзідэнтам Польшчы і кіраўніком прафсаюзу “Салідарнасьць” Лехам Валэнсам у знак падзякі за падтрымку, якою стала прысуджэньне яму Нобэлеўскай прэміі міру ў 1983 годзе.
На фота - момант уручэньня прэміі: gdansk.naszemiasto.pl