Пяць раёнаў Віцебшчыны трапілі ў сьпіс асноўных праектных пляцовак, якія будуць рэалізоўваць мерапрыемствы, што прадугледжваюць укараненьне падыходаў тэрытарыяльна-арыентаванага разьвіцьця (ТАР), а таксама праводзіць Асноўны конкурс мясцовых ініцыятываў ПРААН. «Трыццатка» пілётнікаў зацьверджаная Каардынацыйнай Радай праекту ЭЗ/ПРААН па спрыяньні мясцоваму разьвіцьцю ў Беларусі.
Віцебская вобласьць будзе прадстаўленая наступнымі раёнамі:
– Докшыцкім,
– Полацкім,
– Глыбоцкім,
– Талачынскім,
– Браслаўскім.
Падпісаньне адпаведных мэмарандумаў з кіраўніцтвам мясцовых выканаўчых камітэтаў ужо адбылося. Сам праект, як і дзеяньне дакумэнтаў, завяршаецца 1 ліпеня 2018 году. Пачатак жа праекту быў пакладзены ў сьнежні мінулага году.
Што тычыцца астатніх абласьцей Беларусі, то ў кожнай зь іх выбрана па пяць раёнаў. У цэлым – 30.
Адбор трох дзясяткаў найлепшых праходзіў на аснове рэйтынгавых ацэнак, якія прысвойваліся ў адпаведнасьці з пэўнымі крытэрыямі. Так, сярод крытэрыяў былі пазначаныя, напрыклад, такія, як прысутнасьць ініцыятыўных груп і лідэраў на месцах; уцягнутасьць грамадзянскай супольнасьці, мясцовага прадпрымальніцтва і мясцовага насельніцтва ў дыялёг; якасьць ініцыятываў; наяўнасьць патрэбных рэсурсаў для таго, каб удзельнічаць у праекце, і інш.
У кожным з выбраных раёнаў будзе праведзеная маштабная дзейнасьць па стварэньні мясцовых ініцыятываў, якія будуць займацца плянаваньнем ТАР і стануць аб'ядноўчым зьвяном для ўлады, НКА і прадпрымальніцтва наконт распрацоўкі асноўных мэтаў у разьвіцьці рэгіёнаў.
Члены мясцовых супольнасьцяў у пілётных раёнах змогуць стаць удзельнікамі мерапрыемстваў і паездак у дзяржавы Эўразьвязу, у межах якіх яны будуць вывучаць досьвед у галіне стабільнага рэгіянальнага разьвіцьця.
Акрамя таго, ва ўсіх 30 раёнах арганізуюць правядзеньне Асноўнага конкурсу мясцовых ініцыятываў, дзе кожнаму рэгіёну-шчасьліўчыку, у ліку якіх і рэгіёны Віцебшчыны, прадставіцца магчымасьць атрыманьня сумы да 70 тысяч эўра.