30 лістапада адбылася ацэначная сустрэча ўдзельнікаў кампаніі «Права выбару», якія зьдзяйсьнялі назіраньне за выбарчым працэсам у Віцебскай вобласьці падчас выбараў прэзыдэнта. Сустрэча сталася апошняй у шэрагу падобных, праведзеных у рэгіёнах краіны.
Прадметам размовы стаў ход прэзыдэнцкай кампаніі ў паўночным рэгіёне Беларусі. Выступоўцы ацанілі розныя аспэкты работы: ад інфармацыйнай дзейнасьці і навучаньня назіральнікаў да назіраньня за падлікам галасоў і пэрспэктываў на будучыню. На паседжаньні прысутнічалі нацыянальны каардынатар кампаніі «Права выбару» Дзяніс Садоўскі і абласны каардынатар Кастусь Смолікаў.
У сваім звароце да прысутных Дзяніс Садоўскі падзякаваў удзельнікам за зробленую справу, вынікі якой ён ацаніў як станоўчыя, хаця ня ўсё з заплянаванага атрымалася. Ён папрасіў удзельнікаў дыскусіі сканцэнтравацца на канкрэтыцы і на канструктыўных прапановах, што паспрыяюць паляпшэньні працы, бо ўжо заўтра, як ён выразіўся, трэба пачынаць падрыхтоўку да парлямэнцкай кампаніі. Ён распавёў, што дзякуючы назіраньню за працай 656 участкаў па ўсёй Беларусі можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць пра наяўнасьць фальсыфікацыяў і маніпуляцыяў з боку ўладаў ў часе выбараў. На дадзеныя кампаніі арыентавалася і місія АБСЭ ў сваім выніковым дакладзе, які кіраўніцтва кампаніі лічыць дакладным і аб’ектыўным.
Абласны каардынатар кампаніі Кастусь Смолікаў у сваім выступе сярод іншага адзначыў, што сіламі партыяў БНФ, БХД, «БСДП Грамада», руху «За свабоду» і кампаніі «Гавары праўду», сябры якіх бралі ўдзел у назіраньні за выбарамі, удалося арганізаваць працу на 92-х выбарчых участках. Праўда, першапачаткова плянавалася закрыць назіраньнем сто ўчасткаў па Віцебскай вобласьці, але на канец назіраньня лічба з розных прычынаў зьменшылася. У перадпачатку асноўнай працы на 15 трэнінгах было падрыхтавана агулам 250 назіральнікаў, большасьць зь якіх у далейшым і адсочвалі хаду выбарчага працэсу на ўсіх яго этапах.
Што тычыцца назіраньня на этапе падліку галасоў, якое мае істотнае значэньне, каб зрабіць выснову, ці былі выбары свабоднымі і справядлівымі, то тут 42 адсоткі падрыхтаваных назіральнікаў крыху заблыталіся. Яны не ўлічылі, што толькі калі падчас падліку галасоў кожны бюлетэнь дэманструецца на агляданьне кожнаму прысутнаму (чальцам камісіі і назіральнікам), – выбары можна ўважаць за галосныя і адкрытыя. Маладасьведчаныя назіральнікі, якія заявілі, што падчас падліку галасоў ўсё было добра, казалі: «упершыню назіральнікаў дапусьцілі да сталоў», «першы раз назіральнікі змаглі ў нейкай ступені пабачыць працэс сартаваньня бюлетэняў», «камісіі часам нават прыслухоўваліся да заўвагаў назіральнікаў»…
Наконт гэтага Дзяніс Садоўскі заўважыў: «Я ня ведаю на Беларусі ніводнага ўчастку, дзе падлік галасоў быў бы адкрытым і галосным. Што я маю на ўвазе? Кожны бюлетэнь мусіць дэманстравацца прысутным, каб яны маглі бачыць пэўны знак насупраць пэўнага кандыдата. Пасьля гэтага бюлетэнь кладзецца ў пэўны стос, які ўрэшце пры ўсіх падлічваецца. Толькі ў такім выглядзе працэс падліку галасоў – адкрыты і галосны».
Падчас далейшай дыскусіі многія адзначылі: найбольшая колькасьць парушэньняў адбываецца падчас датэрміновага галасаваньня і галасаваньня па месцы пражываньня. Так, назіральнікам на двух участках удалося дакумэнтальна зафіксаваць факт укіду бюлетэняў: на фотаздымках, зробленых у суботу ўвечары і ў нядзелю раніцай, зусім іншыя аб’ёмы і разьмяшчэньне бюлетэняў у скрыні. Таксама было заўважана, што падчас прэзыдэнцкай кампаніі выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў альбо прамаруджвалі з тэрмінамі адказаў на скаргі назіральнікаў, альбо зусім ігнаравалі іх. Была зьвернутая ўвага і на тое, што заканадаўствам ня вызначаны статус участковых камісіяў, якія зьяўляюцца часовымі ўтварэньнямі. Гэта дазваляе ім пазьбягаць пакараньня пры парушэньнях заканадаўства. Да таго ж сябры бальшыні камісіяў не карыстаюцца беларускай мовай, бо ў іх склад уключаюцца малаадукаваныя, некампэтэнтныя людзі, што таксама зьяўляецца праблемай.
Як распавёў абласны каардынатар ад руху «За свабоду» Леанід Гаравы, у Гарадоцкім раёне з трыццаці ўчасткаў на дваццаці адным прагаласавалі ад 99 да 100 адсоткаў выбарцаў. Толькі на тым выбарчым участку, дзе ён быў зарэгістраваны назіральнікам, у выніковы пратакол была занесеная лічба ў 85 адсоткаў прагаласаваўшых, на астатніх – большая.
Спадар Гаравы зьвярнуў увагу і на тое, што Выбарчаму кодэксу і Канстытуцыі не адпавядаюць запрашэньні на галасаваньне, якія трапляюць у паштовыя скрыні выбарцаў, бо ў іх зьмяшчаецца прыхаванае запрашэньне да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні.
Заўвагі і прапановы, што прагучалі падчас сустрэчы, дапамогуць кіраўніцтву кампаніі «Права выбару» ў стварэньні выніковага ацэначнага дакумэнту. Напрыканцы сустрэчы каардынатары кампаніі заявілі пра ўдзел у парлямэнцкіх выбарах, якія адбудуцца ў верасьні 2016 году (ці, мабыць, на месяц-два раней), таму падрыхтоўчая праца мусіць распачацца адразу пасьля навагодніх сьвятаў.
С. Горкі