Людміла Церашонкава, якая працавала ў дзіцяча-юнацкай школе (ДЮСШ) алімпійскага рэзэрву № 4 дворнікам, лічыць сваё звальненьне палітычна матываваным.
Людміла Ігнацьеўна была звольненая 10 кастрычніка ў сувязі са сканчэньнем тэрміну працоўнага кантракту. Паколькі з боку адміністрацыі ніякіх прэтэнзіяў наконт стаўленьня актывісткі партыі БНФ да сваіх працоўных абавязкаў не было, яна мяркуе, што адмова ў падаўжэньні кантракту можна растлумачыць толькі непрыманьнем той актыўнай грамадзкай і палітычнай пазыцыі, якую яна займае.
Распавядае спадарыня Людміла: «Дворнікам (на 0,75 стаўкі) я працавала добрасумленна, ніякіх нараканьняў ня мела, у канфлікты не ўступала. Калектыў ведаў, што я зьяўляюся сябрам БНФ, што ў якасьці назіральніка ўдзельнічаю ў выбарах, але адмоўна з гэтай нагоды ніхто не выказваўся. Так, адмаўляць не буду, часам тым, хто цікавіўся, я прыносіла сякія-такія газэты пачытаць. Непасрэдна перад выбарамі з боку нашага дырэктара было заяўлена, каб ніякіх газэт і ніякай агітацыі не працы не было. Мне пра яго папярэджаньні распавялі калегі. Ніякай агітацыі ў гэтыя дні я і не праводзіла, і ніякіх газэт не прыносіла.
За месяц да заканчэньня майго кантракту мяне папярэдзілі пра гэта. Я напісала заяву пра падаўжэньне кантракту, дзе пазначыла, што мяне задаволіць нават такі варыянт, пры якім мне дадуць дапрацаваць хоць бы да сьнежня. Мне адмовілі. Я не пагадзілася з такім рашэньнем і напісала дзьве заявы: адну ва ўпраўленьне спорту і турызму Віцебскага аблвыканкаму, другую - у аналягічную структуру гарвыканкаму. Адказаў пакуль няма.
З улікам таго, што на цяперашні момант працу дворніка вымушаны выконваць мой муж, бачна, што мяне звольнілі без усялякай сувязі з вытворчай неабходнасьцю або з магчымым абнаўленьнем кадраў. А вось тая актыўнасьць, якую я выяўляла раней і цяпер, падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі, - яна досыць прыкметная і відавочная. Таму я схільная меркаваць, што маё звальненьне адбылося выключна па палітычных матывах».
У пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі Людміла Церашонкава актыўна праявіла сябе ў ролі назіральніка на выбарчым участку №15, разьмешчаным у будынку 31-й школы. За кароткі тэрмін на дзеяньні камісіі ёю былі складзеныя тры скаргі.
Пры канцы аднаго зь дзён датэрміновага галасаваньня яна зазірнула ў кабінку для тайнага волевыяўленьня і ўбачыла, што ва ўзоры для выбарцаў, што галасуюць, неабходны знак, які яны павінны паставіць у бюлетэні, стаіць насупраць трэцяга кандыдата - акурат там, дзе ў бюлетэні стаіць прозьвішча Лукашэнкі. І хоць прозьвішча ва ўзоры была выдуманае, яна напісала скаргу, у якой запатрабавала ад камісіі зьмяніць разьмяшчэньне знаку. Камісія прыслухалася да патрабаваньня назіральніцы, і разьмяшчэньне галачкі зьмянілі, паставіўшы яе насупраць першага прозьвішча, дзе ў бюлетэні знаходзілася імя кандыдата ў прэзыдэнты С. Гайдукевіча.
Другая скарга, пададзеная ёю, тычылася вынасу скрыні для датэрміновага галасаваньня з памяшканьня для галасаваньня. Яе выносілі далёка па калідоры ў габінэт, разьмешчаны на другім канцы будынку. Апроч таго назіральніца запатрабавала, каб габінэт на ноч апячатваўся. На наступны дзень камісія знайшла для скрыні габінэт, разьмешчаны бліжэй да месца галасаваньня.
У дзень асноўнага галасаваньня падчас падліку галасоў актывісткай БНФ была пададзеная скарга адносна адсутнасьці галоснай і адкрытай працэдуры падліку галасоў.
Як мяркуе Людміла Церашонкава, на вынікі выбараў вельмі істотна паўплывала тая акалічнасьць, што ўлада цалкам выкарыстала магчымасьці адміністрацыйнага рэзэрву. Праз сродкі масавай інфармацыі народ проста падрыхтавалі, падвялі да неабходнага для ўлады выніку.
Як паказвае практыка, у сучаснай Беларусі звычайнаму грамадзяніну аспрэчыць сваё незаконнае звальненьне нагэтулькі ж цяжка, а часам і немагчыма, як немагчыма кандыдату ў прэзыдэнты, які прайграў, дамагчыся пераліку галасоў хаця б па адным выбарчым участку, нават маючы для таго досыць важкія падставы.
Віцебская вясна