45-гадовы Сяргей Сувораў нарадзіўся і вырас у Беларусі. Затым некаторы час жыў у Расеі, а ў 2014 годзе вярнуўся ў родны Віцебск. Менш як за год тут яго пасьпелі пазбавіць уласнасьці (аўтамабіля), а тым самым і заробку (Сяргей – індывідуальны прадпрымальнік). А калі ён напісаў ва ўладныя органы ліст аб даваньні яму магчымасьці правесьці акцыю пратэсту, замест адказу да яго дамоў нечакана прыйшлі міліцыянты, якія сілай адправілі яго на прымусовае псыхіятрычнае абсьледаваньне.
Цяпер пра ўсё па парадку.
Па вяртаньні ў Віцебск пры канцы 2014 году Сяргей найперш вырашыў уладкавацца на працу: стаў на ўлік у цэнтар занятасьці, але за тры месяцы яму так і не прапанавалі ніякай працы. Як распавядае Сяргей, дапамога па беспрацоўі складала ўсяго 120 000 рублёў у месяц, а памер алімэнтаў, якія ён выплачваў, – 1.170.000 рублёў.
У сувязі зь нявыплатай алімэнтаў ўтварылася запазычанасьць – на маёмасьць і аўтамабіль быў накладзены арышт. Але паколькі аўтамабіль служыў сродкам прадпрымальніцкай дзейнасьці, якую ён на той момант ужо аформіў, яго пазбавілі магчымасьці ня толькі зарабляць, але і плаціць алімэнты і падаткі.
Паводле слоў Сяргея Суворава, арышт на маёмасьць быў накладзены зь відавочным парушэньнем заканадаўства, хаця зь яго боку ніякіх перашкодаў па выплаце алімэнтаў не чынілася. Так, 10 лютага 2015 году ён прыехаў да судовага выканаўцы па яе патрабаваньні.
Судовы выканаўца заявіла, што на маёмасьць накладзены арышт, але дакладную суму запазычанасьці па выплаце алімэнтаў назваць не змагла і з разьлікам запазычанасьці па алімэнтах не азнаёміла. Не дала яна і магчымасьці добраахвотнай аплаты запазычанасьці.
Па факце супрацьпраўных, на думку Сяргея Суворава, дзеяньняў судовага выканаўцы ён напісаў скаргу ў адрас начальніка Аддзелу прымусовага выкананьня (АПВ) Чыгуначнага раёну і ў пракуратуру. Зьвярнуўся таксама з заявай ва Ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму. У скаргах адзначыў, што судовы выканаўца Дашук Т.В. вынесла пастановы ад 04.11.2014 і 02.02.2015 на арышт двух аўтамабіляў: Сытраен-С4 і Пэжо-406, кошт якіх у некалькі разоў перавышаў запазычанасьць па алімэнтах, што спаганялася. Аднак старшы судовы выканаўца АПВ Чыгуначнага раёну Алена Зарэцкая, разгледзеўшы яго скаргі, прызнала іх неабгрунтаванымі.
У надзеі вырашыць бязвыхадную сытуацыю на працягу 2015 году спадар Сувораў неаднаразова зьвяртаўся па дапамогу ў розныя дзяржаўныя органы, у тым ліку і ў адрас кіраўніка дзяржавы праз адміністрацыю прэзыдэнта. У сваіх зваротах ён прасіў растлумачыць, навошта яго пазбавілі права на працу і магчымасьці зарабляць, але адказу па сутнасьці так і не атрымаў.
Спрабуючы хоць неяк адстаяць свае правы, пры канцы красавіка Сяргей напісаў ліст у Менскі гарвыканкам з просьбай даць яму магчымасьць правесьці акцыю пратэсту ў сувязі зь дзеяньнямі службовых асоб, якія пазбавілі яго маёмасьці і права на працу (на заяўленую дзейнасьць ІП). Але ніякага адказу так і не атрымаў.
І ўсё бы нічога, але ў сваіх зваротах Сяргей Сувораў ня проста прасіў – ён патрабаваў, выкрываў («дык што ім праблемы простых людзей»), ацэньваў («заўсёды лічыў, што дзяржава аб'ектыўна вызначае магчымасьці грамадзян і на падставе гэтага прымае рашэньні, рэалізоўваючы іх у заканадаўстве»), скардзіўся на несправядлівасьць, пратэставаў супраць парушэньня сваіх правоў і заканадаўства – рэакцыя ўладаў не прымусіла сябе доўга чакаць.
Даём слова Сяргею Сувораву: «Да мяне прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, паказалі пастанову Віцебскай гарадзкой пракуратуры аб правядзеньні прымусовага псыхіятрычнай агляду, з ужываньнем сілы пасадзілі ў свой аўтамабіль і адвезьлі ў псыхіятрычную лякарню. Там я правёў тыдзень (травеньскія сьвяты), пасьля чаго лекары далі заключэньне аб тым, што я здаровы, і адправілі дахаты. Я неаднаразова зьвяртаўся са скаргамі на дзеяньні пракуратуры і міліцыі ў гэтай сытуацыі, абскардзіў іх дзеяньні, але кожны раз атрымліваў адказы аб законнасьці дзеяньняў службовых асобаў».
Але нават прайшоўшы праз псыхіятрычны агляд, Сяргей Сувораў не спыніў дамагацца справядлівасьці. У жніўні ён у чарговы раз зьвяртаецца ў адміністрацыю прэзыдэнта. У звароце выкладае сваё бачаньне праблемы і ў завяршэньні просіць «даць адказ, у чым я, просты грамадзянін Беларусі, вінаваты? Працы няма, а дзяржава няздольная забясьпечыць мяне працай, чаму ж службовыя асобы пазбаўляюць мяне магчымасьці ўтрымліваць дзяцей і самастойна зарабляць на жыцьцё? Я маю 25 гадоў бесьперапыннага працоўнага стажу, працаваў з 19 гадоў на вытворчасьці. Прыехаўшы сюды, за 8 месяцаў так ніякай працы і не знайшоў. Вакол толькі хлусьня. На рынках палова пустых месцаў, а паводле дадзеных статыстыкі менш за 8% ІП закрыліся. На прадпрыемствах скарачэньні і мізэрныя заробкі. І дзе праўда? Дзяржава зарабляе на спагнаньні даўгоў. Рэальнай дапамогі ад чыноўнікаў няма. Затое ў СМІ толькі адны казкі, пра росквіт і высокія зарплаты. Пра рэальныя патрэбы ніхто ня думае.
Мабыць, пара па-сапраўднаму, бязь лішняй хлусьні, пачаць прымаць кожнаму чыноўніку на сваім месцы адэкватнае рашэньне і, перш за ўсё, клапаціцца аб сваіх грамадзянах і іх інтарэсах? Хачу даведацца меркаваньня па агучаных мною праблемах і ўбачыць рэальную дапамогу».
Спрабаваў Сяргей Сувораў дамагчыся і прыцягненьня да адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі, вінаватых у парушэньні указаньняў пракуратуры па дастаўцы яго на псыхіятрычны агляд. Вынікам стала пастанова Віцебскага гарадзкога Сьледчага камітэту аб адмове ў распачынаньні крымінальнай справы.
Сяргей Сувораў вырашыў абскардзіць гэтую пастанову і надоечы зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру. У сваёй скарзе ён апісвае, як адбывалася яго дастаўка на псыхіятрычны агляд:
«Маюцца запісы мэдработнікаў, паводле якіх маё ціск быў 150/80, мне былі зробленыя ўколы, і я прыняў таблетку для нармалізацыі ціску. Быў прадпісаны пасьцельны рэжым... Я выклікаў паўторна хуткую дапамогу ў сувязі з пагаршэньнем стану здароўя. Чакаць прыезду хуткай супрацоўнікі міліцыі ня сталі, адмовілі ў яе аказаньні і з ужываньнем сілы вывалаклі мяне на двор, падвергнуўшы рызыцы маё здароўе. Мяне вывалаклі на двор без адзежы (самі супрацоўнікі міліцыі былі ў куртках) і абутку (басанож). У такім выглядзе валаклі па тэрыторыі УАЗ «ВАКЦПіН».
«Мяркую, што ў выпадку разгляду справы судом яна атрымае неабходны грамадзкі розгалас, бо супрацоўнікі міліцыі мучылі пры дастаўцы хворага чалавека, сьведкамі чаго стала мая маці, якая атрымала псыхалягічную траўму, а таксама дзясяткі асоб, якія сталі ўдзельнікамі і сьведкамі гэтага», – напісаў Сяргей Сувораў у сваёй скарзе ў генпракуратуру. Ён просіць даць аб'ектыўную ацэнку таму, што адбылося, і прыцягнуць намесьніка начальніка Чыгуначнага РАУС Віцебску Ўладзімера Катовіча да адказнасьці.
Віцебская вясна