Жыхар Віцебску Валер Місьнікаў зьвярнуўся ў пракуратуру, апісаўшы выключэньне з ужо створанай камісіі “на запатрабаваньне сілавых структур”. Ён мае сьведкаў, якія гатовыя пацьвердзіць гэты факт – што ён насамрэч быў уключаны ва ўчастковую камісію № 17.
Паводле заявы Валера Місьнікава, пададзенай у Віцебскую гарадзкую пракуратуру, рашэньнем адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебска ад 26 жніўня 2015 году яго ўключылі ў склад участковай камісіі №17 ад Першамайскай раённай арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. На паседжаньні прысутнічаў у якасьці назіральніка ад ГА “БХК” праваабаронца Павал Левінаў, які даведаўся пра гэты факт непасрэдна на месцы. Таксама там былі і аднапартыйцы Валера Місьнікава, якія нават пасьпелі павіншаваць яго.
Аднак на паседжаньне ўчастковай камісіі спадара Місьнікава ніхто не запрасіў, і на сайце Віцебскага гарвыканкаму ў сьпісе чальцоў камісіяў ён таксама не знайшоў свайго прозьвішча.
“28 жніўня 2015 г. намесьнік старшыні абласной партарганізацыі А.Драздоў паведаміў мне, што на запатрабаваньне сілавой структуры я выведзены адміністрацыяй Першамайскага раёну Віцебску са складу выбарчай камісіі. Начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы раённай адміністрацыі Л. Кліменчанка заявіла мне, што я ня быў уключаны ў склад участковай камісіі, але не змагла патлумачыць, як так здарылася, калі падчас галасаваньня маю кандыдатуру падтрымалі адзінагалосна”, – піша ў заяве Валер Місьнікаў.
Ён выказвае меркаваньне, што пасьля публічнага працэсу фармаваньня ўчастковай камісіі нешта здарылася, і ў выніку ў першапачатковае рашэньне былі ўнесеныя зьмены. Лічыць, што гэтая сытуацыя сьведчыць пра парушэньне ягоных правоў і законных інтарэсаў. А таму просіць пракуратуру правесьці праверку, якім чынам выносілася рашэньне пра фармаваньне ўчастковых камісіяў, у тым ліку праверыць паказаньні чальцоў Першамайскай раённай адміністрацыі з дапамогай паліграфу. На думку Валера Місьнікава, пракуратура мусіць выявіць асобу ці некалькі асоб, на загад якіх склад камісіі быў зьменены, і праінфармаваць заяўніка аб выніках праверкі.
Сытуацыю камэнтуе праваабаронца Павал Левінаў, які прысутнічаў на паседжаньні, дзе фармаваліся ўчастковыя камісіі:
“Я асабіста чуў і бачыў, як абвяшчалася кандыдатура Валера Місьнікава і спосаб яго вылучэньня ў склад камісіі 17-га ўчастку. А пазьней Людміла Кліменчанка, начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы, чалец Першамайскай раённай адміністрацыі і дакладчык праекту рашэньня адміністрацыі наконт складу камісіяў, так і не змагла мне патлумачыць, навошта ставіла кандыдатуру Місьнікава на галасаваньне, калі, паводле ейных жа слоў, яго ў склад камісіі ўчастку №17 ніхто не вылучаў. Калі пракуратура распачне праверку па заяве Валера Місьнікава, я гатовы пацьвердзіць пачутае і ўбачанае. Але, мяркую, што чальцы адміністрацыі ад праверкі на паліграфе адмовяцца”.
spring96.org