Пракурор Віцебску Юры Раманоўскі адмовіў сябру Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Яну Дзяржаўцаву ў пракурорскім пратэсьце на рашэньне Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску», якое, на думку палітыка, супярэчыць пастанове Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Зьвярнуцца ў пракуратуру Яна Аляксеевіча падштурхнула тая акалічнасьць, што на цягам 6 гадоў з боку мясцовых уладаў ён атрымаў забароны на правядзеньне больш як сарака масавых мерапрыемстваў - пікетаў, мітынгаў і шэсьцяў. Падставай для гэтых забаронаў была адсутнасьць у спадара Дзяржаўцава дамоваў зь міліцыяй, камунальнымі службамі і мэдустановамі на абслугоўваньне імі масавым мерапрыемстваў. Усе спробы заключыць дамовы заканчваліся катэгарычнымі адмовамі з боку кіраўніцтва міліцыі і гарадзкой паліклінікі. Як правіла, мэдыкі адмаўляліся заключаць дамовы з прычыны вялікай загружанасьці работнікаў хуткай дапамогі, а ў міліцыі адмовы аргумэнтавалі тым, што на пачатку ўлады павінны дазволіць масавае мерапрыемства: у выпадку, калі такі дазвол будзе атрыманы, то калі ласка - дамову складзем.
Абскарджаньне рашэньняў кіраўнікоў віцебскіх выканкамаў ў судох не дапамагло вырашыць праблему. Судзьдзі толькі разводзілі рукамі: маўляў, ня можам змусіць органы і ўстановы заключаць дамовы, няма ў нас на тое паўнамоцтваў.
Тым ня менш Ян Дзяржаўцаў настойліва шукаў выхад з сытуацыі, якая склалася. Бо права на правядзеньне масавых мерапрыемстваў гарантаванае канстытуцыяй і дзейным заканадаўствам, а рэалізаваць гэта права ў Віцебску немагчыма!
Зьмяніць цяперашняе становішча з татальнай забаронай праводзіць масавыя мерапрыемствы ў Віцебску можна, на думку палітыка, толькі зьмяніўшы рашэньне Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 10 лiпеня 2009 году № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».
І такая магчымасьць зьявілася, калі ў Беларусі сталі щносіцца зьмены ў падобныя рашэньні мясцовых уладаў, бо гэтыя рашэньні супярэчылі пастанове Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2012 году № 207. Гэтая ўрадавая пастанова фактычна адмяняла неабходнасьць заключэньня дамоваў зь міліцыяй для забесьпячэньня ёю грамадзкага парадку падчас правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Але мінула больш за тры гады пасьля прыняцьця пастановы, а чыноўнікі Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту не палічылі неабходным зьмяняць рашэньне № 881. На думку палітыка, гэткая бязьдзейнасьць мясцовых уладаў выразна парушае Закон Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь». Згодна з артыкулам 10 гэтага Закону, нарматыўны прававы акт вышэйстаячага дзяржаўнага органу (у нашым выпадку - ураду) мае большую юрыдычную сілу ў адносінах да нарматыўных прававых актаў ніжэйстаячага дзяржаўнага органу (г.зн. Віцебскага гарвыканкаму).
У сакавіку бягучага году, пасьля чарговай забароны пікету, Ян Дзяржаўцаў зьвярнуўся да пракурора Віцебску Юрыя Раманоўскага з просьбай апратэставаць рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» як супярэчнае пастанове Саўміну № 207. Таксама ён прасіў пракурора вынесьці афіцыйнае папярэджаньне службовым асобам гарвыканкаму, якія своечасова не ініцыявалі зьмены ў рашэньні № 881 і, такім чынам, не ліквідавалі неадпаведнасьць мясцовага заканадаўчага акту пастанове ўраду.
Атрымаўшы адказ ад пракурора гораду Раманоўскага, апазыцыянер застаўся незадаволены ім: вартавы законнасьці палічыў недастатковымі довады Дзяржаўцава для прынясеньня пратэсту на рашэньне № 881, а таксама для абвяшчэньня афіцыйных папярэджаньняў службовым асобам Віцебскага гарвыканкаму.
Цяпер Ян Дзяржаўцаў рыхтуе скаргу ў Віцебскую абласную пракуратуру і спадзяецца на тое, што зможа пераканаць тамтэйшых пракурораў запатрабаваць ад гарадзкога выканаўчага камітэту прывесьці нарматыўнае рашэньне № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» ў адпаведнасьць зь дзейным заканадаўствам.
Віцебская вясна