Камітэт ААН па правох чалавека (КПЧ) прыняў ужо некалькі дзясяткаў рашэньняў, у якіх прызнаў Беларусь парушальніцай правоў грамадзян. У прынятых рашэньнях КПЧ, апроч іншага, прасіў Рэспубліку Беларусь апублікаваць гэтыя рашэньні і забясьпечыць іх шырокі распаўсюд на тэрыторыі краіны на беларускай і расейскай мовах. Павал Левінаў зьвярнуўся у МЗС, каб высьветліць, якім чынам выконваюць просьбу КПЧ, і атрымаў адказ, што дзяржава не абавязаная рабіць гэта.
Стандартны тэкст, што ўжо некалькі гадоў завяршае кожнае рашэньне КПЧ, у якім прызнаецца парушэньне правоў чалавека Беларусьсю, гучыць так: «Дзяржаве-удзельніку таксама прапануецца апублікаваць гэтыя Меркаваньні і забясьпечыць іх шырокі распаўсюд у дзяржаве-удзельніку на беларускай і расейскай мовах».
Праваабаронца Павал Левінаў вырашыў высьветліць, як гэтая рэкамэндацыя аўтарытэтнага міжнароднага органу выконваецца беларускімі ўладамі, і накіраваў запыт у МЗС наконт рашэньняў, прынятых па скаргах некалькіх чалавек, пераважна жыхароў Віцебску, у тым ліку сябе самога.
Ён папрасіў МЗС паведаміць яму, дзе Рэспубліка Беларусь апублікавала рашэньні КПЧ, і растлумачыць, якім чынам гэтыя рашэньні былі распаўсюджаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на беларускай і расейскай мовах.
Адказ Паўлу Левінаву прыйшоў за подпісам намесьніка міністра Валянціна Рыбакова:
«Што тычыцца публікацыі паведамленьняў Камітэту, то ў адпаведнасьці з п. 4 арт. 5 [Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох] “Камітэт паведамляе свае меркаваньні адпаведнай дзяржаве-удзельніку і асобе”. Іншых патрабаваньняў у адносінах да паведамленьняў Камітэту ў Факультатыўным пратаколе не зьмяшчаецца. Таму вырашэньне пытаньня аб забесьпячэньні шырокага распаўсюду ў дзяржаве-удзельніку меркаваньняў Камітэту на беларускай і расейскай мовах належыць дзяржаве-удзельніку. Паводле практыкі, што склалася, у Рэспубліцы Беларусь меркаваньні Камітэту ААН па правох чалавека па ўсіх паведамленьнях накіроўваюцца ў Вярхоўны Суд, Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і іншыя кампэтэнтныя органы дзяржаўнага кіраваньня».
Прадбачачы, што рашэньні КПЧ улады краіны так і не апублікавалі для шырокай грамадзкасьці, праваабаронца папрасіў «распаўсюдзіць» гэтыя рашэньні хаця б для яго асабіста: «Прашу... накіраваць у мой адрас паштовай карэспандэнцыяй [згаданыя] Рашэньні Камітэту ААН па правох чалавека», – выказаў ён просьбу ў сваім звароце ў МЗС.
На гэта намесьнік міністра замежных спраў адказаў Левінаву, што накіроўваць яму рашэньні наконт яго ўласных паведамленьняў ёсьць немэтазгодным, бо адпаведная дакумэнтацыя накіроўвалася яму Ўправай Вярхоўнага Камісара ААН па правох чалавека.
«Накіраваньне Вам меркаваньняў па паведамленьнях іншых грамадзян таксама лічым немэтазгодным, у тым ліку таму, што Вы можаце азнаёміцца ў свабодным доступе з усімі меркаваньнямі Камітэту ААН па правох чалавека ў базе дадзеных рашэньняў дамоўных органаў», – напісаў намесьнік міністра Валянцін Рыбакоў віцебскаму праваабаронцу і ласкава падзяліўся зь ім спасылкай на згаданую базу дадзеных у інтэрнэце, якую той і безь яго ведаў.
Віцебская вясна