Рабочыя ПУП «Элект» ў Воршы, якое належыць Беларускаму таварыству інвалідаў па зроку, зьвярнуліся зь лістом у сродкі масавай інфармацыі. Паводле ліста, на заводзе ўстаноўленыя новыя дзённыя нормы, якія немагчыма выканаць. Заробак пры гэтым застаўся ранейшым.
«На аршанскім УП «Элект» ГА БелТІЗ усё ж такі паднялі нормы больш як на 50%, а аплата за выкананую норму засталася 33 000 рублёў, з прэміяльнымі – 48 000. То бок нават калі рабіць норму кожны дзень, што цяпер стала немагчыма, у выніку атрымаецца 960 000 – 1 054 000 на месяц», – гаворыцца ў лісьце.
Прадпрыемства наведаў старшыня ГА БелТІЗ Алег Аляксандравіч Шэпель. Паводле словаў рабочых, ён спаслаўся на складаную эканамічную сытуацыю і параіў радавацца, што ёсьць хоць нейкая праца, бо некаторыя прадпрыемствы БелТІЗ наогул стаяць.
У лісьце рабочых гаворыцца, што ўладкаваньне інвалідаў і выплата ім зарплаты ажыцьцяўляюцца за кошт дзяржавы: «Яны бяруць чалавека на працу па праграме адаптацыі інвалідаў да працы на 1 год. Ствараюць працоўнае месца, дзяржава адначасова кампэнсуе выдаткі на стварэньне працоўнага месца для інваліда. Гэта дзесьці каля 40 000 000. Але гэта толькі на паперы, бо працоўныя месцы даўно створаныя і ствараць іх ужо ня трэба. Акрамя таго, дзяржава на працягу года кампэнсуе наймальніку выдаткі на зарплату для інваліда, г.зн. фактычна наймальнік, тут гэта ПУП «Элект», наогул у плюсе. Інвалід працуе на «Элект», а зарплату яму плаціць дзяржава. Праз год яго звальняюць і бяруць іншага чалавека па праграме адаптацыі».
У арганізацыйным аддзеле БелТІЗ так пракамэнтавалі ліст працоўных ПУП «Элект»: “У абодвух выпадках усё неадназначна. Стварэньнем і адаптаваньнем працоўнага месца інваліда займаецца само прадпрыемства. БелТІЗ ня можа даваць грошы на працоўныя месцы, а толькі на разьвіцьцё вытворчасьці. Гэта можа быць закупка абсталяваньня, напрыклад. Заробкі ж у любым выпадку выплачвае толькі прадпрыемства».
Старшыня ГА БелТІЗ Алег Шэпель таксама пракамэнтаваў сытуацыю на заводзе ў Воршы: «Інваліды зараз напісалі ў пракуратуру, у адміністрацыю прэзыдэнта… Але я скажу адкрыта: гэта – сабатаж. Цяпер, праўда, усё супакоілася. Рэч у тым, што новыя нормы ўжо раней выконвалі на цэнтральным прадпрыемстве і іншых філіялах. У аршанскім філіяле адбылася памылка. У Воршы была норма 540 штук, а ў Віцебску 650. На абодвух прадпрыемствах працуюць інваліды.
Я сам інвалід па зроку і раней працаваў зборшчыкам, як яны. Я, калі прыйшоў на сход, сказаў – я дзесяць дзён вучуся гэтую апэрацыю рабіць, і якую норму я зраблю, такую і ўсталюем. Яны ня згодныя. Тады я прапанаваў іншыя вырабы аддаць іншым філіялам, каб ім было прасьцей. Таксама не пагадзіліся. Яны ці ня ведаюць, ці не разумеюць, што заробак ў іх ніколі ня будзе высокім, таму што яны прыраўноўваюцца да зборшчыкаў першага і другога разраду паводле заканадаўства, а значыць гэтая праца ня будзе рэнтабэльнай, а заробкі будуць даганяць да мінімальнага. Прасьцей кажучы, калі мы падымем заробкі, філіял стане нерэнтабэльным.
Там проста ёсьць два чалавекі, якія разаграваюць абстаноўку. Адзін, які ўсіх бударажыць, а другая – жанчына-юрыст. А ведаеце, невідушчыя людзі: запалку кінь у агонь – і запальваецца. Я сабраў увесь калектыў, зьезьдзіў у выканкам. Я ім растлумачыў – сытуацыя сапраўды складаная. Асноўны экспарт – Расея і Ўкраіна. Цяпер рынак настолькі прасеў, што прадаць вельмі цяжка».
Нагадаем, што ў лютым на ПУП «Элект» ужо адбываўся страйк працоўных, якія, атрымаўшы 900 тысяч рублёў за месяц, патрабавалі, каб ім выплацілі мінімальную зарплату.
Кіраўніцтва БелТІЗ прызнае, што заводам, на якіх працуюць інваліды, цяжка канкураваць на роўных умовах зь іншымі прадпрыемствамі, дзе вырабляецца больш прадукцыі за кошт аўтаматызацыі сыстэмы. Не дапамагаюць вырашэньню праблемы нават ільготныя падаткі.
Паводле http://nn.by/?c=ar&i=166758